Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У мастацкай кіраўніцы народнага беларускага гурта “Лянок” з Цюмені Клаўдзіі Зуевай — юбілей

Наша любімая

Два загалоўкі да нататкаў былі б яшчэ да месца: і “Наша любімая  беларуская сібірачка”, і “Сэрца, адкрытае любові”. Выбіраю — карацейшы, самы ёмкі, з асацыяцыямі на вядомую песню знакамітага гурта “Песняры”. Бо й Клаўдзія Зуева — сама як песня. Бо яна ў беларусаў Цюмені — наша любімая, а гурт “Лянок” вядомы далёка за межамі рэгіёна. У яе  на пачатку верасня 70-годдзе, і гэта — добрая нагода, каб трохі больш даведацца пра таленавітую беларуску з Палесся. Да таго ж, мяркую, усім, хто знаёмы з ёй, абавязкова захочацца й павіншаваць юбілярку, пажадаць усяго найлепшага ў сям’і ды творчасці.

На рэчцы Прыпяці каля Петрыкава

Рыхтуючы нататкі, пытала ў сяброў-беларусаў: хто для вас Зуева? Адказвалі: асоба... талент... душа беларуская... прыгажосць і сіла... І ўсе кажуць пра яе — толькі з захапленнем. Бо мы ж ведаем: Клаўдзія Міхайлаўна — не проста высокапрафесійны музыкант і кіраўніца, яна й выдатны, шчыры, спагадны чалавек. Да таго ж улюбёны ў сваю справу, сям’ю, сяброў — ды і ў само жыццё. Яна, падказвалі мне, актыўная, адказная, лёгкая ў зносінах, уважлівая да тых, хто з ёю побач. Гэтая таленавітая паляшучка родам з горада Петрыкава, а ён — на рэчцы Прыпяці, якую з любоўю называюць: царыца Палесся. То ці не ад рэчкі тае й характар? Клаўдзія Зуева зараджае сваёй энергіяй усіх наўкола, падымае настрой, яе заўсёды прыемна бачыць. Ад яе проста йдуць хвалі пазітыву — і хочацца дзейнічаць, рухацца, нешта зменьваць да лепшага, а не проста плыць па цячэнні... А якая лёгкая на пад’ём! Яна ўмее зацікавіць, захапіць, да яе можна звярнуцца па любой праблеме — і знойдзеш заўсёды падтрымку разуменне. І вочы яе захоплена свецяцца, а свае тугу ці боль, калі што, я ведаю, яна прывыкла пакідаць дома.

Таленавітая, з вялікай душою, адкрытая — і ў нечым загадкавая. Як сама Прыпяць... Дарэчы, і пра Петрыкаў гавораць як пра адно з найзагадкавых ды таемных паселішчаў ва Усходнім Палессі — пра тое ў нэце можна пачытаць. Рыхтуючы нататкі, я даведалася: закончыўшы Гомельскае музычнае вучылішча (пяць гадоў таму з удзячнасцю педагогам туды прыязджала), Клаўдзія Пашкевіч выйшла замуж і з’ехала з мужам-вайскоўцам з родных мясцін. Якраз паўвека таму: быў 1967 год. І куды б служба мужа іх ні закідвала — яна ўсюды не сядзела без справы: вучыла дзяцей музыцы, беларускім песням, з якімі й па гэты час не расстаецца. А прыцягненне Бацькаўшчыны для яе такое моцнае, што ў Беларусі юбілярка бывае штогод.

У Цюмені па Беларусі яна заўсёды тужыць. Зуевай кажуць: паехала б на моры, на курорт... Але ж, адказвае, чым у Петрыкаве не курорт! Усё роднае, і толькі ў тых мясцінах атрымлівае Клаўдзія Міхайлаўна “беларускі зарад” бадзёрасці, аптымізму, якім потым шчодра дзеліцца ў Сібіры. Вельмі любіць сустракацца з роднымі, аднакласнікамі, суседзямі.

Петрыкаў і Прыпяць: ім хораша разам

Яна шчаслівая, што ёсць куды ў Беларусі прыязджаць. Дарэчы, Клаўдзія была старэйшаю сярод дзяцей у бацькоў, якія працавалі на цагельні: Петрыкаўскім цагляным заводзе. У яе тры браты. Двое, кажа, і цяпер жывуць у Петрыкаве, у іх па трое дзяцей. Адзін брат цяпер у Маладзечне. Сям’я, згадвае, была дружная, працавітыя, вядомая ў раёне, бо маму Клаўдзіі, Вольгу Васілеўну Пашкевіч, 12 гадоў выбіралі дэпутатам Петрыкаўскага гарсавета. З таго завода потым бацькі пайшлі на пенсію, гадавалі ўнукаў, перадавалі ім багаты жыццёвы досвед. А ў іх сям’і было правіла: адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. Па такім прынцыпе выхоўвалі сваіх дзяцей, потым і ўнукаў.

Так склаўся лёс, што і Расія стала для яе роднаю. У Клаўдзіі Міхайлаўны ёсць два сыны-афіцэры, якія пайшлі па слядах бацькі, падрастаюць тры ўнучкі. Разумеючы, што родныя традыцыі беларусам варта зберагаць, дзе б ні жылі, яна 20 гадоў таму разам з Уладзімірам Шуглем ( ён цяпер — ганаровы Генеральны консул Беларусі ў Цюмені) дбала пра стварэнне цюменьскага Нацыянальна-культурнага таварыства “Беларусь”. І ўвогуле — адна з першых падтрымала ідэю гуртавання беларусаў-сібіракоў у грамадскую суполку, ды і цяпер працуе ў аддзеле беларускай культуры Палаца нацыянальных культур “Строитель”. А рэпертуар для гурта “Лянок” падбірае асаблівы, уключае ў яго і старадаўнія песні, прывезеныя ў Заходнюю Сібір у ранейшыя часы беларусамі: перасяленцамі-самаходамі. Каб песні тыя за душу бралі, адточваюць у гурце кожны гук і ноту. Сёння “Лянок” у любы момант можа даць сольную праграму на высокім выканальніцкім узроўні. Прычым абавязкова будуць у зале і бурныя апладысменты, і ціхія слёзныя ўсхліпы.
Клаўдзія Зуева — беларуская сібірачка

Для яе творчаць — гэта калі працуеш на сцэне, іншай пляцоўцы ў поўную сілу, без скідак на абставіны. Разам з ансамблем Клаўдзія Зуева з аднолькавай аддачай выступае як на міжнародных, рэгіянальных фестывалях і конкурсах, так і перад ветэранамі, інвалідамі, сіротамі. Рыхтуе дабрачынныя праграмы для навучальных устаноў, рэабілітацыйных цэнтраў. Хоць і валодае выдатным голасам, аднак сола Клаўдзія Міхайлаўна не спявае, затое кожнаму ўдзельніку гурта дае магчымасць праявіць сябе. “Лянок”, дарэчы, прадстаўляў Расію на першым Фэсце мастацтваў беларусаў свету, які праходзіў у 2011 годзе ў плыні “Славянскага базару ў Віцебску”, атрымаў дыплом лаўрэата і падзяку Міністра культуры Беларусі “за значны ўклад у захаванне і пашырэнне беларускай культуры і традыцый у Расійскай Федэрацыі”. “Лянок” годна прадстаўляе Цюменьскую вобласць, адзначаны падзякамі кіраўнікоў абласнога ўрада і парламента.

Клапоціцца Клаўдзія Міхайлаўна і пра тое, каб жыла беларуская культура ў Цюмені і ў будучыні. Працуючы ў школе выкладчыцай музыкі, яна стварыла дзіцячы гурт “Крынічка”. Цяпер ёсць гурток, у якім дзеці пад яе кіраўніцтвам вучацца чытаць вершы беларускіх паэтаў, і моладзевы ансамбль “Верас” далучыўся да творчай беларускай дзейнасці. Дарэчы, яе дзіцячыя гурты ўжо становяцца лаўрэатамі абласнога фестывалю “Вясёлка”.

А яшчэ мне казалі супляменнікі пра яе спагадлівую беларускую душу... Пэўна, хацелі нагадаць: Клаўдзія Міхайлаўна цяпер яшчэ й актыўны валанцёр Цюменьскага абласнога геранталагічнага цэнтра. Яна праводзіць з пенсіянерамі майстар-класы: вучыць граць на лыжках, вадзіць карагоды, развучвае з імі беларускія песні. Яна паўдзельнічала ў двух Усерасійскіх форумах добраахвотнікаў-валанцёраў, і калектыў Цэнтра высока цэніць яе бескарыслівую дзейнасць.

Такая актыўнасць, прычым у розных напрамках творчасці, не застаецца незаўважанай. Клаўдзія Зуева — выдатнік народнай асветы Расіі, мае званне “Ветэран педагагічнай працы”. Мне патлумачыла: музыку яна выкладала ў Ленінградзе, Хабараўску, Уладзівастоку — дзе б ні жыла з мужам-афіцэрам. З 1985-га дзясяткі разоў станавілася лаўрэатам, дыпламант розных конкурсаў і фестываляў народнай творчасці — усіх і не пералічыць. А колькі, дыпломаў, грамат, падзяк! Сярод іх найбольш важкія — падзякі міністраў культуры Беларусі ды Расіі, дыплом Упраўлення культуры Мінскага аблвыканкама, ганаровыя граматы Пасла Беларусі ў Расіі, ганаровага Генеральнага консула Беларусі ў Цюмені Уладзіміра Шуглі — а пад ягоным кіраўніцтвам і ядналіся беларусы-цюменьцы. Творчыя праграмы, якія рыхтуе Клаўдзія Зуева, заўсёды спрыяюць умацаванню дружбы, супрацоўніцтву паміж народамі. Яна з сябрамі-аднадумцамі прыгожа, з радасцю, а часам і з гумарам знаёміць сібіракоў з беларускай культурай, звычаямі, традыцыямі, гісторыяй беларусаў. І сама для многіх з нас — яркі прыклад мудрасці, любові да людзей, аптымізму, дабрыні, прыгажосці.

“Долгая лета” вам, наша любімая беларуская сібірачка!

Людміла Бакланава, г. Цюмень

Ад рэдакцыі. Далучаемся да віншаванняў. Здароўя і шчасця ў творчасці вам, паважаная Клаўдзія Міхайлаўна! І спадзяемся, што гурт “Лянок” на чале з яго крэатыўнай кіраўніцай яшчэ выступіць і ў Беларусі — з сольным канцэртам. Можа, на адным са шматлікіх фэстаў? Мінск? Гомель? Петрыкаў? Таленавітым артыстам-беларусам з Сібіры ўсюды будуць рады!
 
Голас Радзімы № 33 (3537), чацвер, 31 жніўня, 2017 у PDF
 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter