«Наша калекцыя папаўняецца штодзень»

Завяршыць стварэнне Нацыянальнага гiстарычнага музея планiруецца ў 2014 годзе

Нацыянальны гiстарычны  музей  павiнен  стаць  сiмвалам  нашай  незалежнай  дзяржавы,  i  не  трэба  спяшацца  з  яго  стварэннем

Аб стварэннi Нацыянальнага гiстарычнага музея  Беларусi было абвешчана гадоў пяць таму. Тады актыўна абмяркоўвалiся пытаннi аб яго размяшчэннi, праект развiцця Нацыянальнага музея гiсторыi i культуры Беларусi, на базе якога i планавалася арганiзаваць новую ўстанову. Але з часам размовы пра гэта сцiхлi. У наш складаны час многiя iдэi застаюцца толькi на словах. Няўжо такi лёс напаткаў i гэты важны праект? Спытаем у дырэктара Нацыянальнага музея гiсторыi i культуры Сяргея Вечара.

— Нацыянальны гiстарычны музей у Беларусi ёсць i будзе, — адказвае Сяргей Уладзiмiравiч. — Iншая справа, што час iдзе, удакладняюцца задачы, паняцце “зместу” i г. д. Вiдавочна, што без асэнсавання нашай гiсторыi, светабачання народа цяжэй будзе рухацца наперад. У сувязi з гэтым вельмi важна, каб наш музей – вядучая ўстанова гiстрычнага профiлю – напоўнiўся новым зместам. Сённяшняя матэрыяльна-тэхнiчная база не адпавядае сучасным задачам. Мы валодаем самым багатым зборам музейных каштоўнасцей (звыш 370 тысяч адзiнак) у Беларусi, але не маем адпаведных умоў, у тым лiку тэмпературна-вiльготнасных, для iх захоўвання: прадметы знаходзяцца ў прыстасаваных памяшканнях Музея гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны. Акрамя таго, не хапае плошчаў для экспанавання нашых здабыткаў. Мы паказваем мiзэрную частку: каля двух працэнтаў артэфактаў.

У 2005 годзе для патрэб музея перададзены будынак плошчай звыш сямi тысяч квадратных метраў на вулiцы Фрунзе, 19, якi раней выкарыстоўваўся Мiнiстэрствам абароны. Ён iдэальна падыходзiць для нашага музея. У 2008 годзе аб’ект быў уключаны ў дзяржаўную iнвестыцыйную праграму, дзякуючы чаму пачалася яго рэканструкцыя, якая падзелена на чатыры пускавыя комплексы. Тэрмiн здачы – 2012 год.

— Гэты будынак будзе выкарыстоўвацца толькi як сховiшча для калекцый?

— Там будзе не толькi фондасховiшча, але i рэстаўрацыйныя майстэрнi, служба дзяржаўнага каталога Музейнага фонду Рэспублiкi Беларусь. Гэта новаўтвораная структура, якая будзе працаваць на ўсе музеi рэспублiкi: у адзiную электронную базу плануецца ўключыць найбольш каштоўныя прадметы нашай краiны. Прадугледжана i сiстэма адкрытага захавання калекцый. Найбольш цiкавыя экспанаты будуць утрымлiвацца ў належных умовах, але наведвальнiкi змогуць iх убачыць. Гэта будзе на трэцiм паверсе цэнтральнай часткi будынка. А на другiм прадугледжаны  экспазiцыйны праект пакуль з умоўнай назвай “Беларуская традыцыйная культура”. У нас вельмi багатыя калекцыi гэтай тэматыкi.

— Што будзе з будынкам на Карла Маркса, 12, дзе сёння знаходзiцца музей?

— У гэтым будынку размесцiцца  гiстарычная экспазiцыя. Першы крок для яе стварэння ўжо зроблены: увесь мiнулы год iшла работа па распрацоўцы навуковай канцэпцыi. У склад рабочай групы, якую ўзначальваў намеснiк мiнiстра культуры Вiктар Кураш, уваходзiлi супрацоўнiкi Iнстытута гiсторыi Нацыянальнай акадэмii навук i нашага музея. Гэты дакумент быў разгледжаны i ўхвалены на сумесным пасяджэннi навуковай рады НАН, а таксама ў Мiнiстэрстве культуры. Акрамя таго, мы абавязкова хочам параiцца i з грамадскасцю: хутка канцэпцыя будзе змешчана на сайце www.kultura.by Мiнiстэрства культуры.

У другой палове гэтага года створым рабочую групу з супрацоўнiкаў нашага музея i пачнём працаваць над тэматыка-экспазiцыйным планам. Да гэтага пытання трэба падысцi сур’ёзна, грунтоўна. Як паказвае практыка, звычайна экспазiцыя робiцца мiнiмум на дзесяць гадоў. Спатрэбяцца спецыяльнае абсталяванне, сучасная iнфармацыйная сiстэма, як у iншых еўрапейскiх музеях. Гэта музей XXI стагоддзя, i без сучасных тэхналогiй нам не абысцiся.

— Штогод музей набывае звыш дзвюх тысяч новых экспанатаў. Цi не атрымаецца так, што ў перспектыве фонду стане цесна ў гэтых будынках?

— Так можа стацца. Нiчога на месцы не стаiць. I мы вельмi рады таму, што наша калекцыя папаўняецца амаль кожны дзень. Нi адзiн музей свету не скажа, што ў яго дастаткова плошчаў. Усе паступова пашыраюцца. Возьмем той жа Эрмiтаж. Не так даўно яму перадалi яшчэ паўбудынка. Пашырылiся плошчы i Гiстарычнага музея ў Маскве. Напэўна, з цягам часу двух будынкаў нам таксама будзе мала. Але гэта ўжо будуць задачы наступных пакаленняў. На Фрунзе, 19 закладзены значныя рэзервы для ўсiх калекцый. Не магу прадугледзець на якi час яго хопiць: усё залежыць ад тэмпаў папаўнення фонду.

— I калi ж мы зможам наведаць абноўленыя будынкi музея?

— Завяршэнне рэканструкцыi аб’екта на вулiцы Фрунзе прадугледжана ў 2012 годзе. З будынкам на Карла Маркса ўсё больш складана. Па-першае, трэба правесцi рамонтныя работы, па-другое, шмат увагi патрабуюць творчыя пытаннi. У блiжэйшых планах — распрацоўка тэматыка-экспазiцыйнага плана i мастацкага вырашэння будучай экспазiцыi, заказ абсталявання. I толькi потым мантаж экспазiцыi. Але ён немагчымы без рамонту: зараз мы дамовiлiся з адной будаўнiчай арганiзацыяй, якая дапаможа ацанiць стан асноўных канструкцый музея, якi быў пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя. Дзеля чаго гэта патрэбна? Па-першае, бяспека. Па-другое, каб стварыць спрыяльныя ўмовы для экспанавання музейных рэлiквiй, трэба абнавiць электрасеткi: мультымедыйныя сродкi дадуць сур’ёзную нагрузку. Таксама думаем прывесцi ў адпаведны стан усе залы цокальнага паверха, санвузел, гардэроб, вестыбюль i г.д.

Назваць дакладныя тэрмiны вельмi цяжка. Але будзем iмкнуцца, каб усе работы iшлi паэтапна, без закрыцця музея. I разлiчваем, што новая экспазiцыя ў гэтым будынку адкрыецца  ў 2014 годзе, да Дня незалежнасцi. Гэта не той выпадак, калi трэба спяшацца. Мы хочам зрабiць сучасны музей еўрапейскага ўзроўню.

Мы вельмi рады, што ў апошнi час нашай установе нададзена такая ўвага, ёсць разуменне значнасцi тэмы. На адкрыццi Вялiкага тэатра оперы i балета Аляксандр Лукашэнка выказаў наступную думку, якая мне вельмi спадабалася: незалежная дзяржава павiнна мець свае сiмвалы, нават калi яны каштуюць вельмi дорага, ёсць сэнс плацiць. Прэзiдэнт узгадаў Нацыянальную бiблiятэку, Вялiкi тэатр. Я ўзяў бы на сябе смеласць у гэты рад паставiць i Нацыянальны гiстарычны музей. I мы павiнны прыкласцi ўсе намаганнi, каб ён стаў сапраўдным сiмвалам нашай незалежнай дзяржавы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter