Наш край святога Патрыка. Беларускія “ірландцы” таксама гасцінныя, працавітыя, любяць вясёлую бяседу і задзірыстую патасоўку.

У Дубліна – сталіцы Ірландыі – ёсць каля дзесятка гарадоў-пабрацімаў: Барселона, Манрэаль, Будапешт і іншыя. “Браты” гэтыя, канешне, добрыя, але незразумела, чаму ў гэтым спісе адсутнічае беларускі сваяк. Які?

У Дубліна – сталіцы Ірландыі – ёсць каля дзесятка гарадоў-пабрацімаў: Барселона, Манрэаль, Будапешт і іншыя. “Браты” гэтыя, канешне, добрыя, але незразумела, чаму ў гэтым спісе адсутнічае беларускі сваяк. Які?

Дуб + лін = Дублін?

Самае відавочнае пытанне, якое адразу хочацца задаць: як Дублін — няхай і з націскам на другі склад — апынуўся ў Беларусі? Спытайце пра гэта ў месцічаў і пачуеце шмат цікавага. Некаторыя версіі падобныя на народную фантастыку, але ж...
— Кажуць, у нашых месцах раней было шмат дубоў. Таксама тут былі балоты, у якіх вадзіліся ліні. Вось так і атрымалася назва — Дублін (дарэчы, назва ірландскай сталіцы ў перакладзе азначае “цёмная затока”. — А.Г.), — распавядае вясковец Фёдар Раманчук. — Штосьці ў гэтым ёсць. Калі я працаваў трактарыстам, на балоце пасля меліярацыі немагчыма было араць — мы ўвесь час натыкаліся на вялізныя чорныя дубовыя ствалы. Іх было вельмі шмат. Мы выцягвалі бярвенні з зямлі і пілавалі іх на дровы.
Фёдару Рыгоравічу — 72 гады, але ад трактарных спраў ён і сёння не адышоў. У яго ў двары стаяць два асабістыя жалезныя кані. А колькі плугоў і іншых прылад для трактароў — цяжка падлічыць.
— У наваколлі металалом валяўся, вось з яго і збіраў, — кажа гаспадар, які, нягледзячы на ўзрост, апрацоўвае “ўсяго” гектар зямлі.
Дзед Фёдар быў адным з першых вяскоўцаў, каго ірландцы прынялі за свайго.
— Я ляжаў у Аксакаўшчыне пасля аперацыі, а ірландцы туды прыехалі з гуманітарнай дапамогай. Яны папыталіся, адкуль я — я адказаў. Яны доўга не маглі зразумець, адкуль тут іхні зямляк апынуўся...
Яшчэ больш дзівяцца прыезджыя, калі чуюць вясковыя паданні. Напрыклад, што вёска была заснавана ірландскімі наймітамі. Хтосьці кажа, што ірландцы дапамагалі Пятру І падчас Паўночнай вайны. За нейкія заслугі расійскі цар адарыў ірландскі атрад зямліцай. Хтосьці сцвярджае іншае. Нібыта літоўскія магнаты дзесьці ў ХVII стагоддзі скарысталіся паслугамі вояў з вострава святога Патрыка, каб адолець Маскву. Тыя здрадзілі, а пасля з маскоўскай ласкі заснавалі пад Брагінам свой Дублін. У мясцовым краязнаўчым музеі на ўсе гэтыя здагадкі толькі паціскаюць плячамі: дакументальных пацвярджэнняў легендам не знойдзена.
Як бы там ні было, але мы пастараліся адшукаць агульныя рысы ў беларускіх дублінцаў і іх ірландскіх “цёзак”.

Як немца “начаставалі”

Усе ірландцы — што замежныя, што нашы — не дурні выпіць. Праўда, першыя, як правіла, аддаюць перавагу піву. Часцей за ўсё “Гінэсу”, які варыцца ў Дубліне з ХVIII стагоддзя. А вось беларускія дублінцы больш налягаюць на свой “прадукт” — на гарэлку. Яны ведаюць толк у яе вытворчасці, але свае сакрэты раскрываюць з неахвотай.
— Раней дык хоць можна было гнаць для сваіх патрэб, а зараз увогуле забаронена. Нядаўна жанчыну аштрафавалі на мільён рублёў толькі за тое, што ў яе халадзільніку знайшлі паўбутэлькі самагонкі! — абураюцца вяскоўцы. — А мы ж многа не гонім. Так, на свята якое...
— Дублінцы любяць выпіць і ўмеюць гэта рабіць, — пацвярджае Еўдакія Васільеўна Мартыненка, якую ўсе завуць бабай Дусяй. — Не тое што немцы. Неяк з Германіі да нашых суседзяў прыязджалі госці, а мы з сяброўкамі якраз сядзелі ў двары, штосьці святкавалі. Ну і немца запрасілі. Ён спачатку крыху выпіў у нас, потым яго пачаставалі мужыкі ля магазіна — і ўсё, прыйшлося выклікаць “хуткую дапамогу”.
Заходзім у госці да бабы Дусі — у хаце на бачным месцы стаіць сякера. Нездарма. Пару месяцаў таму да пенсіянеркі ў хату спрабавалі ўлезці два нейкія бандзюкі — патрабавалі грошай або выпіўкі. Нават выбілі вокны ў сенцах. Цяпер гаспадыня гатова сябе бараніць.
Па прычынах асцярогі баба Дуся перастала сеяць мак у сваім агародзе. Баіцца наркаманаў, што ездзяць па вёсках у пошуках макавай саломкі. Быць датычнымі да наркабізнесу дублінцы не жадаюць, як і яшчэ да адной магчымасці заробку.
— Недалёка ад нас праходзіць мяжа, таму нярэдка аб’яўляюцца падазроныя людзі, часцей за ўсё азіяцкай знешнасці, і просяць правесці іх ва Украіну. Прапануюць
10 тысяч долараў за чалавека. Але з імі ніхто не хоча звязвацца.

Савельевіч і кулямёт

А вось Уладзімір Кур’ян у адрозненне ад бабы Дусі частаваць немцаў наўрад ці стаў бы.
— Не люблю я іх, — шчыра кажа 87-гадовы дублінец.
Савельевіча можна зразумець. Ён — адзін з апошніх ветэранаў Вялікай Айчыннай ў вёсцы. Так што ад немцаў у свой час нацярпеўся, хапіла на ўсё жыццё.
— Пад Арлом трапіў у палон, — узгадвае былы чырвонаармеец. — Камандзіры нам здрадзілі — разбегліся хто куды, а мы не ведалі, што рабіць. У бой ішлі з вучэбнымі вінтоўкамі... Дзявацца не было куды — прыйшлося здавацца.
Фашысты адправілі вайскоўцаў у Мікашэвічы, дзе быў створаны канцэнтрацыйны лагер. Савельевічу адтуль удалося ўцячы.
Так “ірландзец” (праўда, гэтую мянушку спадар Кур’ян атрымаў ад саслужыўцаў ужо пасля вайны) трапіў у партызаны, а пасля — зноў у рэгулярную армію. Ваяваў у Германіі.
— Рыхтаваліся да пераправы праз Одэр. Я, пакуль ставіў кулямёт, засопся, дык вырашыў крыху адпачыць у баку ад пазіцыі. А немцы бачылі маю падрыхтоўку, ды як далі з мінамёта! Ад кулямёта нічога не засталося, а ў мяне — ні драпіны.

АглабельнікіВыхадцы з Ірландыі — вядомыя задзіры. Беларускія дублінцы таксама нікому спуску не даюць. Ва ўсякім разе, так было раней. Таму і атрымалі мясцовыя мужчыны ад суседзяў прозвішча “аглабельнікі”.
— Раней на танцах заўжды біліся. Прычым не толькі з чужымі, але і паміж сабой. Ледзь што — маглі і за аглоблю схапіцца. Адсюль і такая мянушка, — распавядаюць дублінскія жанчыны. — Але вы не думайце, у нас добрыя мужыкі. Без жонкі ніхто не застаўся.

Танцы не па-ірландску

Дарэчы, танцы — яшчэ адна любімая ірландская забава. Як яны спрытна чаканяць келі, ведае ўвесь свет. У Брагінскім раёне таксама танчаць, але не па-ірландску. Напрыклад, у школе дзетак вучаць вальсу і лявонісе.
— Ірландцы да нас некалькі разоў прыязджалі, але танцаваць не навучылі, — жартуе дырэктарка мясцовай школы Любоў Ляпеха. — Затое пакінулі нам на памяць сцягі Ірландыі і Дубліна, а таксама перадалі 12 мільёнаў рублёў, на якія мы купілі спартыўны інвентар. Яшчэ ірландцы казалі, што мы на іх вельмі падобныя — такія ж гасцінныя і працавітыя.
Зараз у школу ходзяць толькі 24 вучні. У раёне ўсур’ёз падумваюць аб тым, каб зачыніць установу.
Тым не менш дзеці на вёсцы ёсць, і іх душы жадаюць весялосці, забавы, але ў мясцовы клуб іх пускаюць рэдка.
— Ды і што гэта за дыскатэкі?! З 22 да 24 гадзін, — відавочна незадаволены школьнікі, — загадчык клуба не вельмі хоча праводзіць танцы, кажа, што людзей мала. Але чаму гэта мала? Да нас прыязджаюць з Брагіна, з суседніх вёсак...
Дублінцам без танцаў адназначна нельга. Яны — у іх крыві. Тая ж баба Дуся, якой ужо пад 80, прызнаецца:
— Калі нават сёння гармонік чую, хочацца танцаваць. Шкада толькі, што не магу, бо ногі хворыя. А за моладзь я перажываю. Няхай бы яны лепш танцавалі, чым сноўдаліся туды-сюды.
У Дубліне мы пачулі і аповед пра гарманіста, які не мог хадзіць. Каб дастаўляць яго на танцы, наймаўся спецыяльны чалавек. Ён выпіваў шклянку гарэлкі, узваліваў таленавітага небараку на плечы і нёс у хату, дзе чакала моладзь. Пасля танцаў рабіў тую ж працэдуру ў адваротным кірунку...

Цікава
У суседнім з Брагінскім Хойніцкім раёне раней была вёска Пальміра. Зараз яна знаходзіцца ў зоне адсялення. Кажуць, што такую незвычайную назву ёй даў мясцовы пан, які вельмі цікавіўся старажытнай гісторыяй. Пра знакаміты сірыйскі “горад пальм”, ва ўсялякім выпадку, ён дакладна ведаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter