Наш адказ Васэрману

“Чалавек-мозг” лічыць, што беларуская і ўкраінская мовы не самастойныя, а з’яўляюцца дыялектамі рускайНядаўна ў Інтэрнэце з’явілася відэа пад назвай “Сёе-тое аб нацыянальным мовазнаўстве”. У сваім відэаблогу вядомы вучоны, інжынер, журналіст, кансультант Анатоль Васэрман, зорка інтэлектуальных гульняў, абгрунтоўвае думку, якую ён “адстойвае даўно і паслядоўна”. На форумах і інтэрнэт-блогах тэма адразу стала папулярнай: Васэрман узняў старое і прынцыповае пытанне.

Усё пачалося з выказвання ў блогу “аднаго палымянага беларуса”. Паводле слоў самога Анатоля Аляксандравіча, большасць фарумчан яго не любіць, бо ён укідае ў дыскусіі вельмі спрэчныя тэзісы. Але “часцей за ўсё іх атрымліваецца падмацаваць аргументамі”.
Чым жа падмацоўвае свае тэзісы Анатоль Аляксандравіч?
— Карэйская мова адрозніваецца ад кітайскай сінтаксісам. Англійская, у якой палова слоў французскага паходжання, адрозніваецца ад французскай сінтаксісам. Польская і руская мовы паходзяць ад змяшэння адных і тых жа іранскіх і балцкіх каранёў, проста ў рознай “дазіроўцы”. Але сінтаксічныя адрозненні даказваюць, што гэта — несумненна розныя мовы.
Паводле слоў Васэрмана, беларуская і руская мовы маюць аднолькавы сінтаксіс, аднолькавыя з’явы, якія выражаюцца па-рознаму.
— Кожнай сінтаксічнай з’яве, якая існуе ў беларускай і ўкраінскай мове, ёсць суадносная сінтаксічная з’ява ў мове рускай, — лічыць Васэрман. — Менавіта гэта і даказвае, што ўкраінская і беларуская мова — вытворныя ад рускай.
Цікава, як гэтыя мовы былі створаны? Усё, паводле Васэрмана, вельмі проста:
— З дыялектаў, якія бытавалі ў той ці іншай мясцовасці, адбіралі па аднаму, па два словы, якія б не супадалі з літаратурнай рускай мовай (альбо хаця б гучалі інакш). Гэтыя словы і абвяшчаліся спрадвечна ўкраінскімі або беларускімі. Таму ў слоўніках XIX стагоддзя ёсць толькі бытавая лексіка — набіралася яна з бытавых гутарак, а не з мовы спецыялістаў.
У Інтэрнэт свае думкі інтэлектуал адсылаць не жадаў, бо там “больш сварак, чым сэнсу”. Сапраўды: аргументаванай дыскусіі на форуме не атрымалася. Фарумчане пра “вальнадумца” хутка забылі і пачалі лаяцца, папракаць адзін аднаго няведаннем гісторыі і г.д. Філалагічныя каментарыі людзей, якія пішуць “словяне”, усур’ёз успрымаць нельга. А што думаюць спецыялісты?
— Тое, што беларуская і ўкраінская мовы — самастойныя, сведчаць факты існавання пісьмовай разнавіднасці гэтых моў, іх кадыфікацыя — у выглядзе слоўнікаў, граматык, — гаворыць Аляксандр Лукашанец, дырэктар Інстытута мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. —  Гэта асобныя, арыгінальныя — хаця і блізкароднасныя — усходнеславянскія мовы з адметным слоўнікавым складам, марфалогіяй, сінтаксісам, фанетычна-гукавой сістэмай. І абвяргаць гэты факт сёння — значыць у пэўным сэнсе змагацца з ветранымі млынамі.
Мовазнаўца спасылаецца на працы выдатных расійскіх вучоных: акадэміка А.Шахматава, дырэктара Інстытута рускай мовы АН СССР Ф.Філіна (які, дарэчы, спецыяльна займаўся паходжаннем рускай, беларускай і ўкраінскай моў).
— Увогуле, мяне шчыра здзіўляе, як вядомы інтэлектуал Анатоль Васэрман з такой лёгкасцю бярэцца разважаць аб надзвычай складаных і дастаткова далікатных праблемах моўнага развіцця. Дастаткова тут толькі ўказаць на такія “шэдэўры”, як адрозненне англійскай мовы ад французскай сінтаксісам, а таксама тое, што “польский язык происходит из того же корня, что русский, от смешения одних и тех же иранских и балтских диалектов, просто в разной дозировке”.
Сапраўды, кажа спадар Лукашанец, і руская, і беларуская, і ўкраінская літаратурныя мовы з’яўляюцца ў аднолькавай ступені “вытворнымі” ад адзінай літаратурна-пісьмовай мовы перыяду Кіеўскай Русі, якая зараз умоўна называецца старажытнарускай. Праблема ў тым, што нельга атаясамліваць адны і тыя ж паняцці розных гістарычных эпох, паколькі яны часта звязаны з рознымі рэаліямі.
— У гэтым выступленні насцярожвае іншае, — лічыць Аляксандр Аляксандравіч. — Па-першае, танальнасць, што адлюстроўвае погляды і настроі пэўнай часткі рускай інтэлігенцыі, якая не можа пазбавіцца ад імперскіх амбіцый і адчувае дыскамфорт у выніку распаду СССР. Па-другое, ствараецца ўражанне, што такія выступленні з’яўляюцца своеасаблівым сацыяльным заказам, накіраваным на падрыў добрасуседскіх адносін паміж нашымі народамі і свядомае распальванне міжнацыянальнай варожасці, што супярэчыць сучасным інтэграцыйным працэсам Расіі і Беларусі.
Анатоль Васэрман адзначае: дыскусіі вядуцца, каб даведацца ісціны, а не каб “пакласці праціўніка на абедзве лапаткі”. Можа, у яго словах і няма палітычнагу падтэксту — кожны мае права на меркаванне, сапраўды гэтак жа — права на памылку. Выпады супраць беларускай мовы — з’ява перыядычная, таму на такія выказванні можна проста не звяртаць увагі. Іншая справа, што Анатоль Васэрман — аўтарытэт і інтэлектуал, словы якога шмат кім успрымаюцца на веру.

 У Інтэрнэце

Alexander Burov
К Вассерману претензия одна — он пытается судить о предмете, не зная сути дела. (...) Как и все смертные, Вассерман может в чем-то ошибаться, но всегда выслушает аргументы и примет факты, поэтому дискутировать с ним лучше на страницах его ЖЖ.

Баден Байденов
Я ни черта не понимаю в происхождении языков, но позиция Вассермана — это его позиция. Лично я считаю, что делать вывод, основываясь на одном принципе (одинаков синтаксис = одинаков язык), некорректно.

Сергей Победаш
Может быть, языкознание — это та область, куда не стоит соваться даже блестящим эрудитам? Из больших специалистов по языкознанию я теперь знаю двоих: Сталина и Вассермана.

ДарэЧы

На пленуме Міжнароднага камітэта славістаў, які адбыўся падчас работы XIV Міжнароднага з’езда славістаў у верасні 2008 года ў горадзе Охрыдзе (Македонія), Мінск аднагалосна выбраны месцам правядзення XV Міжнароднага з’езда славістаў, які адбудзецца ў 2013 годзе. Узначальваць Міжнародны камітэт славістаў, у склад якога ўваходзяць прадстаўнікі 40 краін, таксама будзе прадстаўнік Беларусі. Гэты факт — сведчанне прызнання вучонымі свету беларускай мовы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter