«Нас не палілі, як суседзяў, але ж колькі было жаху...»

КОЛЬКІ гора і пакут прынесла людзям Вялікая Айчынная вайна, але гэта не толькі фронт і барацьба ў тыле ворага. А яшчэ — і паднявольная праца на новага гаспадара «арыйскай расы». Наша гутарка сёння — з пенсіянерам, Ганаровым дарожнікам, непаўналетнім вязнем Аляксандрам Паўлавічам ВАСІЛЕВІЧАМ (на здымку), які ў свае юнацкія гады знаходзіўся ў Нямеччыне.

Вясковец з Мядзельшчыны Аляксандр Васілевіч — пра тое, як ён быў «таннай рабочай сілай» у Нямеччыне, і пра сённяшнія свае сялянскія клопаты.

КОЛЬКІ гора і пакут прынесла людзям Вялікая Айчынная вайна, але гэта не толькі фронт і барацьба ў тыле ворага. А яшчэ — і паднявольная праца на новага гаспадара «арыйскай расы». Наша гутарка сёння — з пенсіянерам, Ганаровым дарожнікам, непаўналетнім вязнем Аляксандрам Паўлавічам ВАСІЛЕВІЧАМ (на здымку), які ў свае юнацкія гады знаходзіўся ў Нямеччыне.

Дзяцінства

— Да 1935 года наша вялікая сям’я — усяго 13 душ — жыла ў старой хаціне на Мядзельшчыне. Працавалі талакой. У той жа год хата згарэла. Пабудавалі новую, займелі ўласную гаспадарку. Але зямлі было небагата. Шчыравалі на ёй з рання да змяркання. Бацька мой Паўлюк быў добрым кавалём, усё мог зрабіць. Як пачалі браты заводзіць сем’і, разыходзіцца, патроху пачалі і разжывацца.

— Ці былі ў вашай вёсцы заможныя гаспадары?

— Былі багацейшыя за нас, хто меў зямлі ў два-тры разы больш. Але не зайздросцілі адно аднаму, а дапамагалі. Ці паверыце, што вёска з усіх бакоў была абгароджана, а з абодвух яе канцоў усталяваныя брамкі? Выпадковы чалавек так проста зайсці не мог. Во парадак быў!

— А калі з’явіліся фашысты ў вёсцы?

— У нашыя Даўжані яны прыйшлі ўжо праз тры тыдні пасля нападу на СССР. Памятаю, як ездзілі на конях па вёсках і збіралі ў людзей масла і яйкі для свайго войска. Прымушалі яшчэ здаваць збожжа на станцыю Княгінін, каб потым эшалонам накіраваць у Германію. А як толькі гаспадар з усімі падаткамі разлічваўся, забіралася ўся гаспадарка: конь з падводай і вупражжу, карова, свінні, авечкі.

Ды горшае было наперадзе.

Восень 1943-га. Вяртаюся дахаты, а тут — немчуры повен двор. Павыганялі ўсіх на падворак. Перавярнулі ўверх дном усё падчыстую. Шукалі хоць якую зачэпку сувязі з партызанамі. Канечне ж, мы ва ўсім дапамагалі народным мсціўцам: і хлеб пяклі, і апошнім скрылём сала, іншым правіянтам са свайго стала дзяліліся. Акрамя таго, у нас «кватаравала» дыверсійная спецгрупа ў складзе сямі чалавек на чале з камандзірам Ганчаровым. Я, падлетак, нават ім скрыначкі для толу рабіць дапамагаў. І сям’я, зразумела, хвалявалася...

...Праз колькі хвілін пасля ператрусу ў нашым доме вёска гарэла. Шчасце, што людзей не палілі, як ў суседніх Слабадзе і Брусах… Але ж колькі было жаху!

Тады ішоў мне чатырнаццаты гадок.

На чужыне

— Прыгадваю жудасную карціну. Пад раз’ятраны брэх аўчарак фашысты зганяюць на лог людзей з Азарак, Ліпава, Шкленікава, Лук’янавічаў, Даўжаняў з тым, каб адправіць іх у Германію. Не было аніякай магчымасці збегчы.

Як скаціну ў статку, трымалі нас кулямётчыкі пад адкрытым небам двое сутак. Затым пехатою пагналі ў Мя- дзел. Там у царкве чакалі ноч, а потым у Кабыльнік пагналі (зараз — вёска Нарач), у Камаі... А 2 кастрычніка былі ў Лынтупах: мужчыны — на базе пры станцыі, жанчыны — у касцёле. Як селядцы ў бочцы. Днём горача, ноччу — халаднеча. Старыя не вытрымлівалі, тут жа і паміралі. Нарэшце набіты людзьмі таварняк рушыў на Вільню. Чаго б паесці? Але на гэта была строгая забарона!

— Вас так і павезлі ў Германію?

— У Польшчы, на станцыі Граёва, нас прапусцілі праз медкамісію. Былі складзеныя спісы здаровых і... выбракаваных. Асабліва звярталі ўвагу на людзей сярэдняга ўзросту. Іх таксама ацэньвалі, аглядалі, нібыта жывёлу на продаж. Дзеці плакалі ад жаху і голаду. Нам далі сырой бручкі пагрызці, перасадзілі ў крыты вагон, які праз пяць дзён даставіў у Гамбург.

Там ужо чакалі «танную рабочую сілу» купцы. Пасля адбору выдалі нам балахоны з асаблівым знакам «ОСТ». Гэта значыць — «остарбайтар», усходні рабочы. На каранціне былі ледзь не ўсёй сям’ёю месяц. Бацьку майго забралі качагарам, пазней ён і на цыркулярцы працаваў, маці ж — прыбіральшчыцай, а я — санітарам у шпіталі. Жылі мы ў рускім лагеры «Дамтур». Гэта было абавязковай умовай вермахта, што нас крыху суцяшала: некаторыя землякі былі побач.

На першы погляд здаецца, нібыта праца санітара лёгкая. Гэта толькі калі не паспытаў на сваёй скуры. Падлетку даводзілася цягаць насілкі з фрыцамі на трэці паверх. Прычым нямецкі санітар заўсёды браўся за насілкі спераду, бо калі падымаліся па лесвіцы, асноўны цяжар выпадаў на задняга насільшчыка. Ім быў звычайна нехта з нас, «усходнікаў». Яда — кепская зусім. Выхад за межы лагера строга забараняўся, прыраўноўваўся да ўцёкаў.

Вызваленне. Дарога дадому

— Як і хто вас вызваліў?

— Май 1945 прынёс нарэшце волю... 6 мая лагер вызвалілі англійскія войскі і перадалі нас Чырвонай Арміі ў горадзе Гюстраў. Такіх, як наша сям’я, было там каля 400 тысяч беларусаў. Але не ўсе вярнуліся на Радзіму, нехта добраахвотна заставаўся на чужыне. Нам жа карцела дадому. Бацькоў маіх тут жа адпусцілі. А мне і сотням іншых юнакоў прыйшлося яшчэ больш чым год не бачыць роднага краю.

— І куды ж вы трапілі?

— Пра гэтую старонку біяграфіі раней не мог гаварыць, зараз скажу. Напачатку залічылі нас у Чырвоную Армію, узброілі. І пешшу адправілі праз Польшчу на Ваўкавыск. Ішлі ажно да 20 жніўня. Потым забралі чырвонаармейскія кніжкі, пагрузілі ноччу на машыны і павезлі. Аказаліся на шахтах у Тульскай вобласці. У складзе 222-га запаснога палка працавалі ў райцэнтры Бобрык Данской. Быццам змывалі «грахі» сваёй працай «за сувязь з нямецкімі фашыстамі». Колькі розных праверак было, допытаў, толькі ўсё дарэмна! Мы сваёй Радзіме ніколі не здраджвалі. Крыўдна было, але разумелі — нялёгка было разабрацца, хто патрыёт, а хто здраднік, бо многія ж не вярнуліся на Радзіму.

Я ж дадому нёсся як на крылах. Таварнякамі, пешшу, але ж дабраўся. Колькі было радасці і мне, і бацькам!

Учора і сёння

— З чаго пачалі новае жыццё?

— Зразумела, з жытла. Пабудавалі з бацькам хату, заклалі сад. Потым і да вясковых дзяўчат пачаў прыглядацца. Надта файнай падалася малодшая дачка Юзюка Малько, з незвычайнай прыгажосці касой і такім жа імем — Алімпіяда. Працавітая, ва ўсім дапамагала маці. Пачалі сябраваць не толькі мы, але і бацькі нашы. А на свята Пятра і Паўла ў 1949 годзе ўзялі шлюб…

...З тае пары больш за 60 гадоў яны разам. Выгадавалі дваіх дзетак. А сам Аляксандр Паўлавіч усё жыццё марыў будаваць дарогі. Толькі спачатку нідзе не было вакансій. Працаваў у калгасе, затым — у меліярацыі. А як вызвалілася вакансія, адразу падаўся ў Мядзельскі ДЭУ-133. Працаваў не толькі дарожным рабочым, а і майстрам. За трыццаць гадоў пабудаваў на роднай мне Мядзельшчыне не адзін дзясятак мастоў. Узнагаро- джаны медалём «60 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне», Падзячным пісьмом Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, знакам «Ганаровы дарожнік»...  Алімпіяда Іосіфаўна ўсё жыццё адпрацавала ў калгасе імя Леніна, пазней «Зара», зараз — СВК «Сваткі». Яна была і паляводам, і жывёлаводам. Яе партрэт на калгаснай і на раённай Дошках гонару неаднаразова быў.

Змалку прывучаныя да сялянскай справы, Васілевічы ў асобныя гады малака здавалі дзяржаве больш за чатыры тысячы літраў у год. А як занядужалі, збылі кароўку... Два гады таму бяда вялікая здарылася — хата гарэла. Цяпер, кажа Аляксандр Паўлавіч, будуюць новую. Жыць жа трэба, іначай як?

Аркадзь ЖУРАЎЛЁЎ, пісьменнік

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter