Народны мастак Беларусі Іван Міско: «У кожным маім творы запавет — заставацца чалавекам»

Дзясяты дзясятак размяняў народны мастак Беларусі Іван МІСКО. Манументальныя творы яго адлюстроўваюць важныя гістарычныя падзеі краіны. За ўсталяваны ў Жодзіне мемарыял, прысвечаны савецкай маці-патрыётцы Настассі Фамінічны Купрыянавай, скульптар у супольнасці з калегамі Мікалаем Рыжанковым, Андрэем Заспіцкім і Алегам Трафімчуком у 1975 годзе адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР.


Іван Якімавіч — лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва, заслужаны дзеяч мастацтва БССР, член саюза мастакоў, ганаровы грамадзянін горада Слоніма і Слонімскага раёна. Творчая дзейнасць яго адзначана медалямі Францыска Скарыны, Кірылы і Мяфодзія, Федэрацыі касманаўтыкі Расіі, ордэнам Юрыя Гагарына і Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Імя скульптара вядома і за мяжой, бо героіка беларускага народа і таленавітыя землякі — гэта не адзіныя тэмы яго творчасці. Асноўнае месца ў ёй займае космас. «Касмічны скульптар», як часам называюць Івана Міско, — аўтар цэлай галерэі прадстаўнікоў мужнай і рамантычнай прафесіі з розных краін свету.

Майстэрня-музей Івана Міско ў самым цэнтры сталіцы. На ўваходных дзвярах аднапавярховага будынка ХІХ стагоддзя пераабсталяванай стайні подпісы вядомых асоб. Сярод росчыркаў лёгка пазнаюцца прозвішчы слынных землякоў-касманаўтаў Пятра Клімука, Уладзіміра Кавалёнка, Алега Навіцкага. Светлае памяшканне запоўнена бюстамі, скульптурнымі кампазіцыямі, барэльефамі. Пасярод пакоя ўзвышаецца скульптурны эскіз, прысвечаны Якубу Коласу. Восенню споўніцца 140 гадоў з дня нараджэння беларускага класіка, помнік плануецца ўсталяваць у Стоўбцах да яго юбілею. А ў Чэрвені, на радзіме лётчыка-касманаўта Алега Навіцкага, паўстане скульптурная кампазіцыя «На старт». Пакарыцель нябеснай прасторы і майстар моцна сябруюць. У кожны прыезд на радзіму касмічны герой наведвае скульптара.

— Да вяртання майго сябра з касмічнай арбіты імкнуўся паспець завяршыць задуманую кампазіцыю, — Іван Якімавіч спыніў позірк на мініяцюрным макеце з фігурай касманаўта ў поўны рост і высланым перад ім шляхам. — Паказаў госцю задуму. Алег Віктаравіч уважліва агледзеў макет і заўважыў, што дарога перад скульптурай касманаўта да палёту атрымалася кароткая. А яна ж доўгая і не ўслана дыванамі, на ёй шмат розных складанасцей, перажыванняў. Госць выказаў пажаданне дапоўніць кампазіцыю. І вось бачыце на макеце падоўжыў дарогу ў космас. Наш зорны зямляк пазіраваў у майстэрні.

— Іван Якімавіч, як вы выйшлі ў творчасці на касмічную тэму?

— Яна зацікавіла мяне ў маладосці. У 1957 годзе, калі савецкі спадарожнік паляцеў у космас, узнікла ідэя і намаляваў рабочага, які са сваіх рук запускае яго ў неба. Малюнак паказаў дзядзьку Якубу Міско. Ён працаваў журналістам у газеце «Колхозная правда», якая рэфармавана ў «Сельскую газету». Для мяне была вялікая радасць, калі ўбачыў малюнак на паласе. Дзякуючы першаму спадарожніку, а потым палёту Юрыя Гагарына загарэўся касмічнай тэмай. Працаваў над бюстамі касманаўтаў Уладзіміра Кавалёнка і Пятра Клімука. Мяне запрасілі ў Зорны гарадок. Ездзіў да касманаўтаў, асабліва калі спіс герояў космасу сталі пашыраць прадстаўнікі сацыялістычных краін па праграме «Інтэркосмас». Мы сябруем. Пакуль яны ляталі, быццам з натуры ляпіў іх бюсты. Усталяваны на Кубе, у Германіі, Манголіі, Румыніі, Венгрыі, Польшчы і іншых краінах. 

Касмічная тэма моцна захапіла. З'явілася задума ў Мінску стварыць парк касманаўтаў. У ім кожны з герояў космасу пасадзіць дрэўца. Добра было б правесці міжнародны пленэр па скульптуры, запрасіць для ўдзелу ў ім мастакоў з тых краін, дзе ёсць касманаўты. Выкананыя імі скульптуры ўпрыгожаць парк, а гэта прывабіць турыстаў.

А як цудоўна было б на малой радзіме Алега Навіцкага добраўпарадкаваць крынічку і назваць у гонар касманаўта. Прэзідэнт Беларусі гэта падтрымаў. Хочацца спадзявацца, што задуманае ажыццявіцца. Да гэтай справы і я магу падключыцца. Наша сяброўства з Алегам Віктаравічам моцнае. Удзячны яму за шчырасць і сардэчнасць, раюся з ім па тэме іншапланецян. Тры скульптуры з гэтага цыкла гатовы да адліву з бронзы. Планую іх паказаць грамадству на сваёй юбілейнай выставе.

Народны скульптар Іван Міско і лётчык-касманаўт Алег Навіцкі ў майстэрні-музеі.

— Калі яна адбудзецца?

— Прымаю віншаванні з 90-годдзем. Ёсць што прадставіць на выставу. Акрамя касмічнай тэматыкі шмат іншых скульптур. На маёй радзіме, у Слоніме, прыгожа ўпісаўся бронзавы помнік Льву Сапегу. Першапачаткова была задума: канцлер Вялікага Княства Літоўскага прысеў на валуне, а каля яго ног сабака. Праект спрасцілі. Але галоўнае, што Сапега вярнуўся да сланімчан. 

Ганаруся жодзінскім мемарыялам — сумесным творчым праектам, прысвечаным савецкай маці-патрыётцы Настассі Фамінічне Купрыянавай. Перад тым як зрабіць макет, часта сустракаліся з гэтай цярплівай жанчынай. Узгадвала яна, як праводзіла сыноў на фронт. На творчым конкурсе наш варыянт помніка прызнаны лепшым. Мемарыял усталяваны на ўскрайку дарогі, праз якую прайшла вайна. Маскоўская камісія прызнала, што калектыў стваральнікаў помніка варты Дзяржаўнай прэміі СССР. 

Пасля атрымання гэтай узнагароды прыехалі з падарункамі да Настассі Фамінічны, разам адзначылі поспех. Яна нам прызналася: кожны раз, калі прыходзіць да помніка, малодшы з пяці сыноў Пеця на яе пазірае. Узгадвала, што ў заплечнік яму паклала шматок сала і цёплую бялізну. Хвалявала яе, што без шапкі стаіць у холад. Як з жывымі размаўляла з бронзавымі сынамі. Калі мы з Настассяй Фамінічнай падышлі да мемарыяла, то ўзнікла адчуванне, быццам сышла яна з пастамента, абышла сыноў і зноў паўстала ў бронзе. Жанчына прыходзіла да святыні і заўжды непакоілася, чаму малодшы Пеця застыў ля дарогі. Гэта кранала да слёз. На павароце сына да маці ўся ідэя помніка. Ён зрабіў крок і позіркам развітваецца з ёю. З пяці братоў Купрыянавых ніхто з вайны не вярнуўся. Гэта быў мой першы буйны кампазіцыйны мемарыял. 

У творчых задумах — помнік франтавым удовам. На іх плячах засталіся дзеці, бацькі і старэйшыя браты змагаліся з ворагам. Пакуль няма такога мемарыяла. З дзяцінства памятаю, як прыйшлі ў школу, а дырэктар адмяніў заняткі. Нам загадалі па дарозе дамоў усім паведамляць, што вайна скончылася. Перамога! З такім настроем маці паведаміў, што вайне канец. А яна занепакоілася, што ад бацькі вестак няма. Вярнуўся ён жывым. Многія сем'і ў нас не дачакаліся франтавікоў. Колькі цяжару выпала ў пасляваенны час на долю салдацкіх удоў. Сёння такі помнік як ніколі патрэбен. Пажадана абвясціць конкурс і адкрыць рахунак для збору сродкаў на помнік.

— Ведаю, што займаецеся яшчэ і грамадскай дзейнасцю. Як вам гэта ўдаецца?

— Галоўнае — мець жаданне працаваць, тады часу на ўсё хопіць. На грамадскіх пачатках узначальваю манументальны савет сталічнай вобласці. Спраў хапае. На адным з пасяджэнняў абмяркоўвалі ўвекавечванне памяці Вялікай Айчыннай у Старадарожскім раёне. Вырашылі выехаць на месца. З дакументаў, што захоўваюцца ў раённым краязнаўчым музеі, даведаліся, што ў першыя месяцы вайны каля Старых Дарог у варожае акружэнне трапіла вайсковая часць і ўсе байцы загінулі. Пры раскопках знойдзена шмат зброі і патронаў. З'явілася ідэя метадам зваркі ўсе трафеі замацаваць на валуне ў выглядзе арыгінальнай кампазіцыі. Так і зрабілі. Атрымаўся незвычайны мемарыял.

— Пісьменнікаў называюць летапісцамі эпохі, а скульптары хто?

— Яны таксама ўвекавечваюць асоб, найбольш важныя падзеі. Як пісьменнік у блакноце занатоўвае ідэю твора, так і мы з гліны, пластыліну лепім эскізы. Кожная задума чакае свайго часу. Скульптуры — памяць у аб'ёме. 

— У грамадстве ў сувязі з апошнімі сусветнымі падзеямі запатрабаваным стала ўзмацненне патрыятычнай работы. Як вы да гэтага ставіцеся?

— Патрыятызм заўжды актуальны і важны. Хвалюе, што недастаткова займаемся выхаваннем моладзі. У былыя часы з малых гадоў усе былі ахоплены грамадскімі арганізацыямі. Акцябраты, піянеры, камсамольцы. Усё, што было лепшае, трэба захоўваць, падтрымліваць. 

— Гэта як дрэва: калі яго не даглядаць, яно дзічэе.

— Менавіта так. Мой дзядуля ў лесе шукаў дзікую яблыньку ці грушу. Вырасталі яны ад насення, якое праходзіла праз шлунак птушак ці звяроў. Калі расказаў сябру-пісьменніку, як называецца такое дрэўца, ён адзначыў, што слова не літаратурнае, але ёмкае. Зярнятка прарастала абсалютна здаровым, не хварэла. І прышчэпленыя на ім яблыні ці грушы больш за паўвека даюць садавіну. Так і моладзь трэба з маленства акультурваць. Пачынаць выхаванне, калі дзіця папярок ложка ляжыць. Важна не ўпусціць гэты момант.

Манумент у гонар савецкай маці-патрыёткі Настассі Фамінічны Купрыянавай у Жодзіне.

— Як кажуць у народзе, гні дубец, пакуль гнецца. 

— Так. Адкрылася магчымасць бываць у замежжы. Маладыя бачаць там рознае, і кожны ставіцца да гэтага па-свойму. Мне тэлефануюць і пытаюцца, ці можна ў майстэрню ўладкавацца на працу. Цікаўлюся, якая спецыяльнасць, а ў адказ: «Якая вам патрэбна?» І адразу пра заробак. Калі пытаюся, што ён умее рабіць, чую: «А што трэба?» Насамрэч такі чалавек ні да чаго не здатны. Толькі праз выхаванне можна нечага дабіцца. 

— Шмат гадоў таму вы развіталіся з бацькоўскім домам. Ці сніцца родны парог? 

— Да родных мясцін заўжды цягне. Там самае дарагое: бруяцца чыстай вадой крыніцы, што поўняць рэчку Шчару, якая нясе свае воды да Нёмана. На Слонімшчыне да вайны зрабіў першыя крокі па зямлі. Калі туды прыязджаю, многае ўзгадваецца. Памятаю восень 1939-га. Са Слоніма па шашы дзень і ноч шла ваенная тэхніка. Каля нашай вёскі Чамяры рос вялікі панскі сад. Паспелі антонаўкі. Гаспадары з'ехалі, і мы вольна збіралі яблыкі ў кошыкі і выносілі на дарогу, частавалі чырвонаармейцаў. 

Некалькі гадоў таму паехаў на Бацькаўшчыну і вырашыў аднавіць сорт антонаўкі. На нашым падворку захавалася старая яблыня, якую дзед Сцяпан прышчапіў. Ёй амаль сто гадоў. Чаранок ад яе прышчапіў на лецішчы, і дзедава антонаўка штогод адорвае яблыкамі.

З далёкага дзяцінства запомніўся 1940 год, калі ўпершыню ў нашай вёсцы прымалі ў піянеры. За падворкамі пачынаўся лес, вакол шырокай паляны ўзвышаліся магутныя дубы. Каля іх з зямлі вылажылі зорку, пасярод яе — вогнішча, і позна ўвечары ваенныя павязвалі школьнікам гальштукі. Мы, падлеткі, сядзелі на дубах і зайздросна пазіралі: так хацелася быць піянерам. А як пачалася вайна, на гэтай мясціне партызаны прызначалі важныя сустрэчы. Прайшоў час. Мяне тут у другі раз прымалі ў піянеры, як ганаровага госця, і прасілі зрабіць помнік першым піянерам Слонімшчыны. Просьбу выканаў. Пад дубамі цяпер узвышаецца скульптура. 

— Скульптура — застылая музыка ў камяні. Ці не так?

— Гэта абсалютна верна. Вось прыклад. Ля манумента Максіму Горкаму ў сталічным парку доўгая лаўка. У нас цікавіліся, навошта такая. Нечакана знайшоўся адказ: побач саюз пісьменнікаў, раптам хтосьці з літаратараў захоча пасядзець побач з геніем, паразважаць. Не ведаю, як творцы, а дзеці аблюбавалі лаўку і манумент. Яны чысцяць туфлі бронзаваму пісьменніку. Пытаюся ў дзятвы: «Хто гэта?» У адказ чую: «Добры дзядзька, нас не крыўдзіць. Мы яго любім». За што дзеці палюбілі манумент і каля яго круцяцца? Што іх так цягне? Калі разваліўся СССР, мне патэлефанавалі, каб знесці помнік Горкаму. Культуру трэба не знішчаць, а шанаваць. 

У нарвежскага скульптара Густава Вігеланда вялікая колькасць творчых работ. Яго тэма — нараджэнне чалавека, блуканні па жыцці і смерць. Творца напісаў запавет, каб ні адна скульптура не была прададзена за мяжу. Так паступае сапраўдны патрыёт.

— А ў вас які запавет?

— Заставацца чалавекам. У свае 90 гадоў маю шмат задум, імкнуся максімальна выкарыстоўваць кожны дзень, каб паспець рэалізаваць іх. На чарзе помнік мастачцы Надзі Лежэ на яе малой радзіме ў Зембіне. 

— Ці з'яўлялася задума стварыць помнік хлебаробу?

— Аляксей Канстанцінавіч Хлебаў займаўся гэтай тэматыкай, яго работы былі адліты ў бетоне. Спадзяюся, што паўстане помнік сейбіту. 

— Вы чалавек шчаслівы?

— Інакш пражыць не хацеў бы. Не думаў, што дажыву да 90 гадоў. Маці Бог даў амаль сто гадоў. Мне трэба яшчэ крочыць далей па жыцці, у мяне вялікая сіла волі. У маладосці быў заядлым курыльшчыкам. Пасля службы ў арміі загадаў сабе: стоп. 

— Якім вам уяўляецца шчасце?

— Чалавеку зрабіў дабро і не чакаеш падзякі. Шчасце не афішыруецца. У жыцці мне пашанцавала. Так выпала лёсам, што двойчы жаніўся. Другая жонка Ірына Уладзіміраўна была маладзей за мяне на дзесяць гадоў. Пазнаёміліся на галоўным праспекце сталіцы. Убачыў прыгожыя ногі і пайшоў следам. Мінуў час, і зноў сустрэліся ў мастацкім музеі. Жонка любіла вырошчваць ружы, іншыя кветкі. Зямлю прасявала праз сіта, каб карэньчыкам лягчэй было прарастаць. Шэсць гадоў таму яе не стала. Наша дачка Іна на заслужаным адпачынку.

— Для чаго чалавек прыходзіць на гэты свет?

— Каб тварыць карыснае, патрэбнае і пакінуць добры след. 

— Шаноўны Іван Якімавіч, здароўя вам і здзяйснення творчых задум! 

subbat50@mail.ru

Фота аўтара і з архіва Івана Міско.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter