“Народная” — яна i ў полi родная!”

Менавiта так пераклалi слоган нашай газеты на Сенненшчыне. Прама на полi ва ўрочышчы Сычыкi сустрэлiся мы са сваiмi сённяшнiмi падпiсчыкамi i патэнцыяльнымi чытачамi. Тут, на палях Сенненскага льнозавода, дапамагалi грузiць лён працаўнiкi жылкамунгаса, дарожна-будаўнiчай арганiзацыi з райцэнтра, рупiлiся i самi завадчане.

— Амаль 500 гараджан штодзень выязджаюць на палеткi, каб дапамагчы вяскоўцам убраць лён, — падкрэслiў пры сустрэчы з журналiстамi старшыня райвыканкама Эдуард Герасiменка. — Працуюць i дарослыя, i школьнiкi. Няма сёння больш важнай задачы, чым давесцi да ладу вырашчанае такой цяжкай працай, захаваць ураджай.
— Цэнтр работы з людзьмi таксама перамясцiўся на палеткi, — удакладнiў начальнiк iдэалагiчнага аддзела Сяргей Мяцелiца. — Ды i журналiсты “Народнай газеты” ведаюць, што iмкнёмся дайсцi да кожнага. Сустракалiся мы разам i ў аддаленай вёсцы Галоўск, i ў працоўных калектывах. Вось i сённяшняя гутарка пра газету, пра жыццё, хоць i ў палявых умовах, выклiкала цiкавасць i прынесла карысць людзям.
— Нашаму раёну дапамагаюць i жыхары Вiцебска. Высадзiўся працоўны дэсант з ААТ “КIМ”, iншых прадпрыемстваў, накiроўваюцца людзi з абласнога цэнтра занятасцi, — расказала галоўны спецыялiст аддзела арганiзацыйна-кадравай работы райвыканкама Ала Бельская. — У адным з атрадаў нават працуюць чатыры афганцы. Не, не ўдзельнiкi той вайны, а ўраджэнцы Афганiстана. Атрымлiваецца iнтэрнацыяльная брыгада. I вельмi добра, што “Народная газета” iдзе ў народ, каб даведацца, як жывуць, як самааддана працуюць людзi ў вясковай глыбiнцы. Што падкупляе: ваша газета — не “з асфальта”, не “з Iнтэрнета”, яна сапраўды народная, праўдзiва i цiкава пiша пра тое, што хвалюе людзей.
А дырэктар ААТ “Сенненскi льнозавод” Барыс Уласевiч скарыстаў прыезд журналiстаў, каб выказаць самую шчырую падзяку ўсiм памочнiкам. У шчырай гутарцы знайшлося месца i для сур’ёзнай размовы пра газету, i дасцiпным жартам. Нават паспелi разам выбраць мiс-брыгадзiра — сiмпатычную i шчырую працаўнiцу льнозавода Алену Паплаўскую. Разам з калегамi Зiнаiдай Аляксеевай, Верай Галенка, Андрэем Трубановым яны задаюць тон у iмправiзаваным палявым спаборнiцтве.
— Вы ж абавязкова напiшыце, як мы стараемся!
I калi на полi ў Сенненскiм раёне больш давялося гаварыць журналiстам, то на сустрэчы ў вёсцы Нiзкi Гарадзец Талачынскага раёна мы ўжо толькi слухалi, што думае пра газету i кожнага з нас даўняя прыхiльнiца “Народнай” ветеран настаўнiцкай працы Марыя Кандрацьеўна Мікрукова. Завiталi мы ў самую аддаленую гаспадарку Талачынскага раёна невыпадкова. Ёсць усё ж такi на свеце вышэйшая справядлiвасць: галоўны прыз “Народнай газеты” — тэлевiзар “Гарызонт” выйграла Марыя Кандрацьеўна. Уся вёска шчыра радавалася такой удачы.
Не першы раз сустракаемся з чытачамi, але нi разу не чулi такога дакладнага, дасцiпанага i строгага разбору сваёй работы, такой павагi да журналiсцкай працы i любовi да газеты. Марыя Кандрацьеўна шмат гадоў чытае “Народную”, так бы мовiць, — ад коркi да коркi. Напэўна, яшчэ i з алоўкам у руцэ. Здаецца, яна персанальна знаёма з кожным журналiстам, ведае почырк кожнага i да сустрэчы прыпасла такое эмацыянальнае багацце, такiя шчодрыя словы, што слухалi мы iх з адным пачуццём i адной думкай: такую любоў, увагу, адданасць газеце нельга не апраўдаць.
— Старонкi “Народнай газеты” — гэта як адкрытае сэрца, поўнае любовi i павагi да кожнага чытача, — гаварыла наша падпiсчыца. — Газета даўно ўжо аправергла вядомае выказванне Казьмы Пруткова аб тым, што “нельзя объять необъятное”. Аказваецца, можна, калi быць разам з народам i працаваць для народа, як гэта робяць журналiсты маёй любiмай газеты.
Добрыя словы ў адрас нашай газеты сказаў i галоўны рэдактар раёнкi “Наша Талачыншчына” Вiктар Бiрукоў, наш даўнi сябар i таленавiты калега.
Вучнi мясцовай школы пахвалiлiся нам, якi багаты ўраджай вырасцiлi на прышкольным участку — i бульбы, i морквы, i iншай гароднiны поўнасцю хапае для патрэб сваёй сталовай i дзiцячага садка, а лiшкi пастаўляюцца на абедзенны стол механiзатараў тутэйшай гаспадаркi “Талачынская iскра”. А потым мы захаплялiся сядзiбай настаўнiцы Таццяны Анатольеўны Булыгiнай i нават фатаграфавалi агромнiстыя гарбузы.
Праўду сказаў журналiстам пры сустрэчы ў Талачыне старшыня райвыканкама Аляксандр Марэйка: “Працавiтыя i таленавiтыя людзi жывуць на гэтай зямлi!” Яны працуюць у розных галiнах народнай гаспадаркi, у тым лiку i на пошце. “Святлом у акенцы” нярэдка называюць вясковых паштальёнаў пажылыя вяскоўцы. Бо застаюцца яны самымi надзейнымi памочнiкамi i дарадцамi людзей. Пагадзiлася з нашымi думкамi i начальнiк Талачынскага вузла паштовай сувязi Антанiна Лапатка, дарэчы, падпiсчыца “Народнай газеты” з дня яе заснавання.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter