«Дударики» рассказали о «фишках» ансамбля и поделились секретами успеха

Народная акадэмія «Дударыкаў»

Агульны стаж музычнай дынастыі Ровенскіх — пяцьсот гадоў

Заслужаны дзеяч культуры Беларусі і выдатнік адукацыі Дзмітрый Ровенскі амаль паўстагоддзя прысвяціў фальклорнаму ансамблю «Дударыкі». Калі пасля службы ў арміі яго накіравалі ў мінскую школу (зараз гімназія № 14) працаваць настаўнікам музыкі і спеваў, ён і задумаў стварыць самабытны дзіцячы фальклорны калектыў. Замацавалі за ім клас самых хуліганістых хлопцаў. І ўжо праз колькі заняткаў ігры на гармоніках ды дудках пытанняў з кепскімі паводзінамі ў вучняў не ўзнікала. «Усе яны затым выбіліся ў людзі, атрымалі прафесіі, — не без гонару адзначае сёння Дзмітрый Дзмітрыевіч. — Мы і зараз з імі сябруем сем’ямі».

Дзмітрый Ровенскі — уладальнік дыплома ААН за захаванне і развіццё нацыянальных традыцый, медаля за прапаганду фальклору ў Еўропе, расійскага звання народнага музыканта зямлі рускай і медаля фонду маршала Жукава «За мужнасць і любоў да Бацькаўшчыны»

Дзякуючы ансамблю Ровенскі сустрэў сваю будучую жонку Лідзію. У «Дударыках» спасцігалі ігру на музычных інструментах, вучыліся спяваць і танцаваць трое іх дзяцей. Працягнулі сямейную традыцыю і чацвёра ўнукаў. Усе яны прысутнічалі ў Палацы Рэспублікі на ўрачыстай цырымоніі ўручэння спецыяльных прэмій Прэзідэнта. Заслужанаму аматарскаму калектыву фальклорнаму ансамблю «Дударыкі» гімназіі № 14 горада Мінска спецпрэмія прысуджана за выдатныя дасягненнi ў галiне аматарскага мастацтва i паспяховае прадстаўленне Беларусi ў праграмах мiжнароднага фестывалю «Гармонiк збiрае сяброў», Мiнскай мiж­народнай кнiжнай выставы-ярмаркі і іншых праектаў. Ровенскія ўпэўнены, што ўзнагарода зойме пачэснае месца сярод мноства дыпломаў і медалёў ансамбля і надасць яшчэ больш энтузіязму для дзейнасці ў будучым.

Аб асаблівасцях фальклорнага гурта і сакрэтах поспеху карэспандэнты «НГ» даведаліся, завітаўшы ў мінскую гімназію № 14.

У царстве гукаў

Музыка была ў аснове выхавання Ровенскага. Калі задаць пытанне, чаму ён навучыўся раней — хадзіць ці граць на музычным інструменце, адкажа не адразу. Яго жыццё з маленства было падуладна гукам. Маленькі Дзімка памятае, як раніцай выскокваў у двор басанож і бег да бярозавага гаю, каб паслухаць, як заліваюцца спевам салаўі. Бачыў, як граў на скрыпцы яго дзед Фёдар. Другі дзед Амброжый быў знакамітым у акрузе барабаншчыкам. Бацька граў на трубе. Дзімка ўпершыню ўзяў у рукі інструмент у пяць гадоў. Старэйшыя хлопцы клікалі яго ісці забаўляць гасцей на вясковыя вяселлі. Дзімка хапаў першае, што траплялася пад руку, — засланку з печы, пілу ці матуліну пральную драўляную дошку — і барабаніў па іх з усёй моцы. Госці заставаліся давольныя і дзякавалі дзятве цукеркамі. У дванаццаць гадоў хлопец ужо граў на больш чым дзесяці інструментах.

…Быў выпадак, калі Дзіма падабраў на вуліцы параненую галку. Яна ляжала на зямлі і слаба дыхала. Юнак не мог раўнадушна прайсці міма. Прынёс дадому, адагрэў, выкарміў. Галка ачуняла. З той пары птушыны спеў стаў для Дзмітрыя крыніцай натхнення. Ён пасяліў у сваім доме чыжыкаў, берасцянак, шчыглоў. У птушыным «царстве» Ровенскага сталі жыць больш за паўсотні птушак дваццаці васьмі відаў. Прызнаецца, што іх чырыканне і зараз дапамагае спасцігаць сэнс жыцця, канцэнтравацца на творчасці і ўзнаўляць сілы пасля працоўнага дня.

— На маім балконе жывуць дваццаць пяць птушак, — расказвае Дзмітрый Ровенскі. — Яны харчуюцца зернем, ядуць дванаццаць траў, многія з якіх у нашых крамах не знойдзеш, таму ўнучка прывозіць мне іх з Масквы. Летам некаторыя травы збіраю сам, сушу, раблю запас на зіму. Спяваюць у нашай сям’і і нашы сабачкі. Як толькі Марлік і Майка пачуюць мелодыю — адразу пачынаюць браць на слых ноты. (Смяецца.)

 Дзмітрый Ровенскі (першы злева) з мамай, татам, братам і сястрой.

 Дзмітрый Ровенскі (першы злева) з бацькам, роднымі сястрой і братам.

Чалавек-аркестр

Дзмітрый Дзмітрыевіч праводзіць нас у музей сялянскага быту, які зрабілі ў адным з класаў гімназіі. Удзельнікі ансамбля пераабсталявалі пакой пад звычайную вясковую хату з цаглянай печчу, люлькай, калаўротам, абрусамі, куфрам ды іншымі рэчамі побыту.

Завітваем у музей музычных інстру­ментаў. На сцяне нельга не заўважыць карціну з выявай Капыля, адкуль Дзмітрый Ровенскі родам. Насупраць — на ўсю сцяну фотаздымак ан­самбля з Мітрапалітам Філарэтам, Ганаровым Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі. Далей шафа з музейнымі экспанатамі. У калекцыі Ровенскага трыста пяцьдзясят розных музычных інструментаў. Дарэчы, больш за пятнаццаць відаў шумавых ён стварае сваімі рукамі. Ёсць каля ста ўнікальных гармонікаў, дудкі, акарыны... У кожнага інструмента — свая гісторыя. Вось рознакаляровыя гліняныя пеўнікі, якія, аказваецца, могуць выдаваць дзве-тры ноты. Іх майстра пачаў вырабляць, калі працаваў начальнікам аздараўленчага дзіцячага лагера.

Дзмітрый Ровенскі ў маладосці.

— І дзяцей патрэбна было заняць, і самому цікава, — гаворыць ён. — Гэтым пеўнікам ужо амаль сорак гадоў.

Драўляныя дудкі змяняюць гучанне ў залежнасці ад надвор’я, адзначае народны ўмелец. Калі ансамбль будзе выступаць у краіне, дзе вільготнасць павышаная, напрыклад у Венецыі ці на востраве Тайвань, дудка адсырэе і будзе браць больш нізкую танальнасць. А жалезным нічога не страшна.

— Вось гэту дудку я зрабіў сваімі рукамі яшчэ ў 1950-я гады з лыжнай палкі, — паказвае рарытэт Дзмітрый Дзмітрыевіч. — Бацька мяне навучыў. Дзе мы толькі з ёй не выступалі: у Англіі, Аўстрыі, Венгрыі, Германіі, Італіі, Латвіі, Польшчы, Расіі, Румыніі, Сербіі, Славакіі, Фінляндыі, Францыі, Шатландыі, Чэхіі, на Тайвані. Хоць у ваду кідай, будзе граць. Ды і ў агні не гарыць.

Сярод экспанатаў заўважаю старэнькі клавесін. Удзельнікі ансамбля прынеслі яго са сметніку. Ёсць гармонікі, якія ўцалелі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Ровенскі адгукаўся на аб’явы аб продажы музычных рарытэтаў, і калі інструмент добра гучаў, набываў яго. Аднойчы Дзмітрый Дзмітрыевіч купляў па аб’яве акардэон у ветэрана вайны, даведаўся яшчэ і гісторыю аб тым, што, калі пасля Дня Пермогі савецкія салдаты ішлі па Шэпічах (зараз мікрараён Серабранка), гралі на ім і спявалі «Сінявокую».

У час выступлення артысты ансамбля граюць на гармоніках, дудках, скрыпках, цымбалах, барабанах, жалейках, акарынах. У ансамблі ўмеюць «музіцыраваць» і на пілах, косах, прыладах для трапання льну, пральных дошках і нават жалезных прасах, якія выкарыстоўвалі нашы продкі

— Потым развучыў гэту песню з дзецьмі ў ансамблі, — расказвае маэстра. — І зараз мы выконваем яе на канцэртах.

Нягледзячы на тое што назва адна — гармонік, аднак граць ён можа па-рознаму, адзначае майстар:

— Ёсць тальянка, «Саратаў», канцэрціна, банданіён. Бывае венскі, рускі, нямецкі строі. Прынцыпам ігры і гучаннем адрозніваюцца. У многіх гармоніках, што выраб­ляюць сёння, пластыкавыя рэзанатары. Мне больш да спадобы драўляныя. Таму набываю толькі інструменты, зробленыя на заказ. Нядаўна прывезлі з Тулы новы гармонік ручной работы. Дарэчы, у Генадзія Завалокіна, з якім мы неаднаразова сустракаліся, быў падобны, толькі малінавага колеру. У мяне — жамчужна-белы.

У сялянскай хатцы, абсталяванай для заняткаў музыкай, ёсць цагляная печ, калаўрот, куфры.

Музыкі-ўніверсалы

Зараз «Дударыкі» рыхтуюцца да свайго пяцідзесяцігадовага юбілею. Успамінаюць, як чвэрць стагоддзя таму «Белпошта» выдала канверт з эмблемай калектыву.

— У той час наш ансамбль быў, бадай, адзіным фальклорным у краіне, — узгадвае Дзмітрый Ровенскі. — Узнаўлялі старадаўнія беларускія дуды і дудкі. Акарыны ўвогуле былі забытыя. І дзякаваць лёсу, зараз яны гучаць у мностве гуртоў.

«Дударыкі» граюць не толькі на дудках, скрыпках, цымбалах, барабанах, жалейках. Умеюць «музіцыраваць» і на пілах, косах, прыладах для трапання льну, пральных дошках, якія выкарыстоўвалі нашы продкі. Гучаць у музыкаў і маслабойкі, і жалезныя прасы.

Яшчэ адна фішка — «Дударыкі» могуць граць на гармоніках, трымаючы іх і над галавой, і за спінай, і пад каленам. Здзіўляюць таксама і тым, што артысты адразу выступаюць у некалькіх ролях — у адным нумары могуць і граць на інструменце, і танцаваць, і спяваць. Гэтыя камбінаваныя нумары — не толькі адметнасць калектыву, але і наватарства. Ідэя ствараць своеасаблівыя ўніверсальныя выступленні прыйшла выпадкова. Калі ў мінскую школу, дзе размяшчаўся ансамбль, у адзін год запісаліся адразу трыццаць дзяўчат. Які трэба стварыць нумар, каб задзейнічаць такую колькасць музыкаў? Жонка Дзмітрыя Дзмітрыевіча Лідзія падказала: «Давай дадзім ім гармонікі. Няхай і спяваюць, і танцуюць. Дарэчы ж на вясковых вячорках так і было ў нашых продкаў». Ансамбль стаў першым у краіне, дзе дзяўчаты пачалі граць на барабане, бубне, гармоніку, дудцы, акарыне, жалейцы і нават дудзе.
Дзмітрый Ровенскі з барытонам.

Эстафета пакаленняў

Усяго ў музычнай дынастыі Ровенскіх пяць пакаленняў. Будучы кіраўнік ансамбля выступаў разам са сваім бацькам у гурце «Капыльскія дудары». Скончыў музычную школу па класу баяна. А пасля службы ў арміі яму параілі ехаць у сталіцу. Працаваў токарам на заводзе. Аднак толькі выпадкова трапіўшы на працу баяністам у дзіцячы аздараўленчы лагер, зразумеў, што яго прызначэнне — музыка і педагогіка. Скончыў музычнае вучылішча і Інстытут культуры, а потым, калі вырашыў стварыць дзіцячы ансамбль, вывучаў спецыялізаваную літаратуру, пераймаў вопыт у вядомых народных музыкаў.

Дзмітрый Дзмітрыевіч паказвае фотаздымак, на якім яго будучая жонка Лідзія Яўгенаўна з гітарай у руках:

— Калі вярнуўся з арміі, яна вучылася ў дзявятым класе. Летась, дарэчы, адзначылі пяцьдзясят гадоў з часу нашага першага спаткання. Прыходзіў да яе ў госці і вучыў граць на гітары.

— Дзмітрый Ровенскі з першага погляду мне спадабаўся, — прызнаецца Лідзія Яўгенаўна. — Абаяльны, з прыгожай усмешкай, вечна ў асяроддзі дзяцей. Усе мае аднагодкі да яго былі нераўнадушныя. Потым і вяселле згулялі. Так і сталі жыць і працаваць разам.

Лідзія Яўгенаўна, мадэльер-канструктар па прафесіі, стварае касцюмы для ўдзельнікаў ансамбля. Акрамя таго, яна — муза Дзмітрыя Ровенскага. За дзесяцігоддзі шлюбу захапленне адно адным не страцілі. Нарадзілі і вырасцілі дачку і двух сыноў. Зараз унукі спасцігаюць «дударыкаўскае» майстэрства.

Менавіта тое, што працуюць ра­зам, яшчэ больш умацоўвае сям’ю, аб’ядноўвае агульнай ідэяй. У гэтым і ёсць місія Ровенскіх — перадаваць будучым пакаленням беларускую музычную і песенную спадчыну, вучыць еднасці і спагадзе. Як вынік — многія іх выхаванцы, скончыўшы школу і ўніверсітэт, працягваюць сяброўства. Асаблівы гонар для Лідзіі Яўгенаўны і Дзмітрыя Дзмітрыевіча — прысутнічаць у якасці сватоў на вяселлях сваіх вучняў.

— Заўсёды на занятках музыкай стараліся стварыць сямейную атмасферу, — расказвае Лідзія Ровенская. — У выхаванні дзяцей не бывае другасных пытанняў. Важна ўсё: і інтэр’ер класа, і ўзаемаадносіны. Заходзяць у сялянскую хатку, бачаць печ, стол, засцелены абрусам, і адразу, як на машыне часу, трапляюць на стагоддзі таму, пранікаюцца аўтэнтычнымі спевамі і танцамі.

Ансамбль стаў першым у краіне, дзе дзяўчаты пачалі граць на дудках, бубнах, барабанах, гармоніках, жалейках.

Пульс жыцця

Штогод колькасць жадаючых трапіць у гурт народных музыкаў не змяншаецца. Для дзетак ад шасці гадоў стварылі гурток «Дударочкі». Бацькі ўдзельнікаў ансамбля адзначаюць, што заняткі ў своеасаблівай народнай акадэміі фальклорнага гурта дапамагаюць і ў вучобе. З першага класа дзеці, каб паспець выканаць дамашняе заданне і пабываць на ўроках музыкі, вучацца складаць распарадак дня, яны больш сканцэнтраваныя, уважлівыя.

— Удзельнікі «Дударыкаў» заўсёды добра засвойвалі агульнаадукацыйныя прадметы, — сведчыць Лідзія Ровенская. — Многія скончылі Акадэмію музыкі, стварылі свае калектывы ў краіне і замежжы, выкладаюць харэаграфію і вакал. Ёсць і тыя, хто звязаў сваё жыццё з дакладнымі навукамі.

Дзмітрый Дзмітрыевіч з гонарам расказвае пра свайго былога вучня Сашу Садоўскага, які зараз жыве ў Лос-Анджэлесе і стварае электроніку для самалётаў. А нядаўна ён заказаў гармонік і дудкі для траіх сваіх дзяцей. «Вельмі смуткую па Радзіме і часам хочацца зайграць беларускую народную песню!» — прызнаўся Аляксандр у пісьме настаўніку.

Не збіраюцца расставацца з народный музыкай і сённяшнія выпускнікі гімназіі. Дзесяцікласнік Ягор Будкевіч, напрыклад, зай­маецца ў «Дударыках» з сямі гадоў, падумвае звязаць сваё жыццё з інфармацыйнымі тэхналогіямі, аднак у фальклорных спевах і танцах знаходзіць асалоду для душы. З музыкай не думае расставацца і Аляксандра Галянкевіч:

— Народныя песні і танцы нясуць мноства пазітыву не толькі гледачам. І мы, музыканты, атрымліваем ад выканання фальклору шмат пазітыўнай энергіі. Народныя песні і танцы — гэта і ёсць само жыццё!

kuzmich@sb.by

Фота Таццяны Сталяровай і з асабістага архіва Дзмітрыя Ровенскага
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter