Нарачоны, прыйдзі...

На чым варажылі нашы продкі і як гэта робяць сёння?  

На чым варажылі нашы продкі і як гэта робяць сёння?

Ці хутка сустрэну сваю палоўку? Ці будзе сёлетні год удалым?  Ці “зваліцца” на галаву багацце? Ва ўсе часы людзей цікавіла іх будучыня. Нават з’яўляючыся вернікамі-хрысціянамі і ведаючы, што царква вельмі негатыўна ставіцца да рознага кшталту варожбаў, нашы бабулі з дзядулямі не прапускалі магчымасці паваражыць, асабліва ў калядныя і навагоднія святы. Праўда, сумняваюся, быццам усе так ужо сур’ёзна верылі, што ім удасца зазірнуць у будучыню. Найчасцей маладыя дзяўчаты і хлопцы варажылі... каб проста пазабавіцца. Сапраўды, чым яшчэ можна было заняцца доўгімі зімовымі вечарамі, калі не было ні тэлевізараў, ні камп’ютараў?

Блін на галаве і певень у люстэрку

Трэба сказаць, што такіх спосабаў пазабавіцца існавала безліч. Асабліва папулярнымі ў дзяўчат былі варожбы на нарачонага. Да прыкладу, апоўначы яны выходзілі на вуліцу і абдымалі плот. Калі дзяўчына абдымала парную колькасць жэрдачак — выйсці ёй сёлета замуж, калі няпарную — давядзецца яшчэ чакаць. Глядзелі таксама на адбітак на сцяне, калі гарэла лучына. Калі ён быў выразным, лічылася, што дзяўчыну возьмуць замуж у гэтым годзе, інакшы — хадзіць ёй яшчэ ў дзеўках. Спрабавалі даведацца і пра тое, якім менавіта будзе жаніх. Перад пеўнем клалі люстэрка, ваду, зерне. Калі певень адразу падыходзіць да люстэрка — жаніх фарсісты будзе, калі да вады — п’яніца, калі да зерня — багаты. Кладучыся спаць, з трэсачак рабілі калодзеж, ставілі шклянку вады ля ложка i прыгаворвалі: “Нарачоны, прыйдзі да майго калодзежа вады напіцца”.

Варажылі не толькі дзяўчаты. Хлопцы таксама маглі даведацца, адкуль будзе жонка. Праўда, каб “адкрыць” заслону будучыні, трэба было пастарацца. Хлопец павінен быў уласнаручна спячы блін і, выйшаўшы на скрыжаванне дарог, пакласці яго сабе на галаву. З якога боку сабакі забрэшуць, адтуль і нявеста будзе. Калі хлопец быў задаволены, з якога боку нявеста, ён з’ядаў блін і ішоў дадому, калі не падабалася — блін кідаў у іншы бок.

“Мой мабільнічак, скажы, ды ўсю праўду далажы”

Многія з былых спосабаў варажбы паўтараюць і сёння. Дзяўчаты спецыяльна выязджаюць у вёску да бабулі, каб “паабдымацца” з плотам, або капаюць воскам у ваду з надзеяй разгледзець, што падрыхтаваў для іх лёс. Аднак час тэхналогій дае пра сябе знаць. Акрамя традыцыйных сёння атрымалі распаўсюджанне новыя спосабы варажбы.

Можаце сабе ўявіць, што паваражыць сёння інтэрнэт-сайты прапануюць нават з дапамогай тэлевізара, тэлефона або камп’ютара. Да прыкладу, загадаць нейкую лічбу, уключыць радыёпрыёмнік на той станцыі, якая адпавядае загаданай лічбе на кнопцы прыёмніка, і ўслухацца ў першы радок песні, што прагучыць на гэтай хвалі. У ім будзе заключацца прадказанне. Адным з самых вясёлых метадаў з’яўляецца варажба на кававай гушчы. Яго сутнасць заключаецца ў прачытанні малюнкаў, якія застаюцца на кубку пасля выпітай кавы. Венік прадвяшчае перамены ў жыцці, лебедзь — нечаканыя грошы, абутак — небяспеку і гэтак далей.

Вядома, такія спосабы варажбы не нясуць ніякай містыкі, а маюць забаўляльны і гумарыстычны характар. Думаю, са мной пагодзяцца многія — у такой варажбе няма нічога страшнага. І лепш няхай моладзь забаўляецца так, чым дзесьці на лавачцы п’е піва ці прайграе грошы ў гульнявых аўтаматах.

 Меркаванне святара: протаіерэй Арсеній АНАНКА:
— Любыя варожбы царква лічыць грахом, а на свята Божага нараджэння — асабліва. Гэта вялікае свята, мы павінны радавацца Богу-немаўлятку, які да нас прыходзіць, а не займацца нейкімі глупствамі. Ніякіх вынікаў варажба, спроба даведацца пра будучыню, не можа прынесці вынікаў. Калі вучні спыталі ў Госпада пра канец свету, Ён  адказаў: нават анёлам на нябёсах тое невядома. 

“А вы верыце ў прадказанні?” — спытала “НГ” у беларускіх зорак

Люся Лушчык, вядучая:
— Я веру ў прыкметы. Калі раптам упадзе сцэнарый — абавязкова на яго сяду. Нават падчас вядзення нейкага мерапрыемства. Аднойчы са мной нават казус здарыўся. Так прысела, што сукенку парвала (усміхаецца). Проста на сцэне! А вось у гараскопы не веру. Бо, прызнацца, працуючы на музычным тэлеканале, сама іх пісала.

Аня Шаркунова, спявачка:
— Я веру ў сілу некаторых людзей і іх здольнасць бачыць лёс чалавека. А ўсялякія спосабы варажбы для мяне — проста забаўкі. Летась ездзілі з сяброўкамі на хутар да бабуль варажыць — абдымаліся з плотам. Наваражылі мне, што не выйсці сёлета замуж. Збылося, не выйшла (усміхаецца Аня).

Уладзімір Максімкаў, прадзюсер:
— Ніколі не варажыў, каб спецыяльна даведацца пра будучыню. А так, каб павесяліцца — калі ласка. І ведаеце, які найлепшы спосаб? Інтэрнэт! На двары ж XXI стагоддзе. Набіраеце сваё імя і прозвішча ў пошуку і пытанне, якое цікавіць. Атрымліваеце масу правільных адказаў. І вясёлых вядома ж.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter