Напярэдаднi Раства

З надыходам новага, 2017 года мы перагортваем апошнюю старонку старога календара, пачынаючы жыццё з чыстага ліста. 

У навагоднюю ноч мільёны беларусаў павіншавалі адзін аднаго са святам, выказаўшы родным і сябрам самыя найлепшыя пажаданні. Тыя, хто чакаў Дзеда Мароза, зноў знайшлі пад прыгожай ялінкай яго падарункі, хто марыў зрабіць сюрпрыз іншым — сам ператварыўся ў Казачнага Чараўніка. Хочацца, каб усё дрэннае, што было з намі раней, засталося ў мінулым, а лепшае здарылася ў будучым.

Падчас святкавання Новага года нарадзіліся дзеці, наогул у нашай краіне адбылося мноства пазітыўных падзей. Так бывае, калі чагосьці вельмі жадаеш і да гэтага ідзеш. Скажам, на Палессі знойдзена новае радовішча нафты Угальскае з геалагічнымі запасамі 1,7 мільёна тон сыравіны. 

Нягледзячы на ўсе складанасці нашага супярэчлівага часу, захавалася  “армія” чытачоў “Народнай газеты”. За што ўсім людзям, якія прыклалі да гэтага намаганні, выбраўшы ілюстраваны штотыднёвік аб сучасным жыцці, вялікі дзякуй. 

Улічваючы, што цяпер на тэрыторыі Беларусі пануе цыклон, які прынёс моцны снегапад, вецер, завіруху, галалёдзіцу і рэзкае пахаладанне, у святую ноч Нараджэння Божага чакаем амаль трыццаціградусныя маразы...

Да іншых падзей: трагічных і небяспечных. Ісламісты арганізавалі шэраг крывавых тэрактаў у Турцыі, Іраку, планавалі зрабіць чарговы замах на жыцці людзей у Германіі.

Паводле паведамлення газеты The Daily Mail, са спасылкай на італьянскія спецслужбы, чатырыста радыкалаў з тэрарыстычнай групоўкі “Ісламская дзяржава” праніклі з Сірыі ў Косава пад выглядам бежанцаў. Сярод тэрарыстаў з зоны баявых дзеянняў на Блізкім Усходзе — адзін з лідараў ісламістаў Лаўдрым Мухаджэры.

Днямі Пхеньян заявіў, што знаходзіцца на фінальных стадыях распрацоўкі ядзернай зброі (міжкантынентальнай балістычнай ракеты), якая здольна дасягнуць тэрыторыі Злучаных Штатаў. “Гэтага не будзе!” напісаў на сваёй старонцы ў Twitter абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. 

Нагадаю, Савет Бяспекі ААН раней ужо выдаваў шэраг рэзалюцый, якія забараняюць Паўночнай Карэі весці ядзерныя выпрабаванні і ўвёў санкцыі супраць гэтай краіны.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

sav@sb.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter