Награждение лучших литераторов, квест-игра «Код Сапеги» и гастрофэст: чем еще Слоним будет удивлять и развлекать гостей

Напісанае застанецца

Прыкметна абноўлены і папрыгажэлы Слонім пачынае двух-дзённы марафон святкавання XXVI Дня пісьменства. Суботняя раніца стартуе з адкрыцця новай кнігарні «Санет». У гэты ж дзень адбудзецца міжнародны «круглы стол» з удзелам літаратараў, сваіх і замежных. Урачыстая цырымонія адкрыцця абяцае здзівіць тэатралізаваным прадстаўленнем, у сюжэт якога будуць уплецены імёны знакамітых людзей: Вітаўта, Льва Сапегі, Міхала Казіміра і Міхала Клеафаса Агінскіх, Адама Міцкевіча, Уладзіміра Караткевіча і іншых. Маляўнічае шэсце прывядзе да Цэнтральнай плошчы, дзе адбудзецца свята роднага слова. Чакаецца, што ў Слонім прыедуць тысячы гасцей з блізкага і далёкага замежжа. Што цікавага ўбачаць яны за гэтыя два дні?

З вышыні птушынага палёту горад над Шчарай на дзіва прыгожы.

Перш за ўсе — квітнеючы горад. Працяглая і глабальная падрыхтоўка да святкавання пачалася ў Слоніме яшчэ ў мінулым годзе. Таму прыезджыя могуць парадавацца зменам, якія тут адбыліся. Рэканструяваныя і адрамантаваныя дзясяткі вуліц, дамоў і знакавых аб’ектаў. Завяршыліся маштабныя рэканструкцыі канала Агінскага і гасцініцы «Шчара». На многіх фасадах жылых дамоў з’явіліся тэматычныя графіці. Месца правядзення Дня беларускага пісьменства выбрана невыпадкова. Слонімскі раён валодае вялікім гістарычным і культурным патэнцыялам. На тэрыторыі раёна знаходзіцца 141 помнік гісторыі і культуры, з іх 90 уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

Старшыня Слонімскага райвыканкама Генадзь Хоміч ацаніў падрыхтоўку да свята:

— Заўтра мы ўрачыста адкрыем помнік Льву Сапегу. Гэта доўгачаканы падарунак нашым жыхарам. Дзякуючы высокаму прафесіяналізму і творчаму патэнцыялу сланімчан, сёння горад і раён маюць абноўлены сучасны воблік. Слонімшчына па праве ганарыцца славутымі імёнамі ўсіх сваіх землякоў: дзяржаўных і гістарычных дзеячаў, прадстаўнікоў вучонай і творчай інтэлігенцыі, спартсменаў і радавых працаўнікоў. На слонімскай зямлі традыцыйна праходзяць фестывалі «Жывіце ў радасці», «Паланэз», «Жыровіцкі фэст», «Паўлаўскі каравай» і многія іншыя. Але сённяшняе мерапрыемства — гэта нешта іншае, па-сапраўднаму грандыёзнае.


Леў САПЕГА вярнуўся ў горад.

Дзень беларускага пісьменства — свята не толькі забаўляльнае, але і адукацыйнае. Яно стане пляцоўкай для навукова-даследчых канферэнцый, асветніцкіх «круглых сталоў», адкрыцця новых імёнаў у літаратурным свеце. У Слоніме выступяць фіналісты рэспубліканскага конкурсу чытальнікаў і па традыцыі атрымаюць прэміі лепшыя літаратары.

Асаблівую ўвагу гледачоў, на думку арганізатараў, прыцягне інтэрактыўная пляцоўка «Друкарскі двор». На гэтай пляцоўцы размесціцца адразу некалькі ўнікальных экспазіцый. Можна будзе ўбачыць, як працуе старадаўняя друкарская тэхніка, пагартаць серыю кніг з узорамі старых паштовак калекцыянера-гісторыка Уладзіміра Ліхадзедава «У пошуках страчанага». Яны прысвечаны Мінску, Слоніму і Гродна. У кожным наборы шэсць паштовак. Пасля Слоніма серыя адправіцца на міжнародную кніжную выставу ў Маскву.


Талісман Дня беларускага пісьменства ў Слоніме — львяня Лявон, з якім, вядома, можна будзе сфатаграфавацца. А вось фішкай па задуме арганізатараў свята стане маштабны квест «Код Сапегі». Ён не будзе мець абмежаванняў ні па ўзросце, ні па статусе. Уступіць у гульню зможа кожны жадаючы на працягу ўсяго дня, таму мяркуецца, што ўдзельнікаў будзе вельмі шмат. Гандлёвая пляцоўка «Гастрафэст беларускай кухні» таксама збярэ вялікую колькасць жадаючых прыняць удзел у дэгустацыі. У цэнтральнай частцы горада адбудуцца майстар-класы традыцыйных рамёстваў Гродзенскай вобласці па народным ткацтве, ганчарстве, кавальстве, пляценні з прыродных матэрыялаў, лозапляценні і гэтак далей.

Графіці з выявамі помнікаў архітэктуры і гісторыі ўпрыгожылі вуліцы Слоніма.
Фота Алены ЛЫНЬКО.

Унікальнасць слонімскай зямлі ў яе асаблівай, ні з чым не параўнальнай духоўнай атмасферы. Далёка за межамі Беларусі вядомы Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр — сапраўдная апора праваслаўя і цэнтр духоўна-маральнага жыцця. У ім знаходзіцца старажытная цудатворная святыня — Жыровіцкі абраз Божай Маці, які ўваходзіць у лік ста самых значных праваслаўных абразоў свету. У 2020 годзе манастыр будзе адзначаць свой 500-гадовы юбілей і 550-годдзе з’яўлення Жыровіцкага абраза Божай Маці.

Жыровіцкі манастыр ведаюць далёка за межамі Беларусі.

— Раніца нядзелі пачнецца з пасадкі Саду малітвы ў Эдэмскім садзе манастыра, — паведамілі ў Слонімскім райвыканкаме. — Наогул, усе жадаючыя будуць мець магчымасць наведацца ў знакаміты заапарк, у якім жывуць мядзве­дзі, страусы і нават вярблюды. У Слоніме будзе арганізавана пляцоўка пад назвай «Дакрануцца да духоўнасці» з царкоўнымі кнігамі, манастырскім чаем і выпечкай.

Гэтае свята абяцае запомніцца надоўга!    

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter