Напісанае — застанецца! У Спасаўскай царкве праз два-тры гады раскрыюць фрэскі часоў Еўфрасінні, а ў езуіцкім калегіуме знайшлі жывапіс XVIII стагоддзя.

Храм, заснаваны Еўфрасінняй Полацкай, унутры быў размаляваны візантыйскімі і мясцовымі майстрамі. Гэта адзіная царква, дзе з часоў Полацкага княства захаваўся насценны жывапіс. Сёлета рэстаўратары мусілі скончыць раскрыццё старажытных выяў, што былі схаваны пад пазнейшымі слаямі фрэсак. Але не паспелі. Чаму?
— Справа гэта карпатлівая. Спяшацца нельга. Павінен не толькі быць раскрыты унікальны жывапіс, але і захаваны пазнейшыя фрэскі — перанесены на спецыяльныя плёнкі, каб пасля экспанавацца ў музеі. Таму вызначаныя тэрміны давялося адсунуць на два-тры гады, — патлумачыў Мікалай Ільюшонак, намеснік старшыні Полацкага гарвыканкама. — Апрача таго, кошт усіх работ складае
3 мільярды 100 мільёнаў рублёў. Летась было выдаткавана 300 мільёнаў. Але нават калі б былі атрыманы ўсе грошы, гэта не паскорыла б справы — за дзень рэстаўратар раскрывае ўсяго дзесяць квадратных сантыметраў жывапісу.
У Еўфрасіннеўскім храме ўжо трэці год працуюць спецыялісты з Масквы, якія маюць багаты вопыт па раскрыцці фрэсак у цэрквах старажытнарускай эпохі ў Расіі.
Між тым днямі ў будынку былога езуіцкага калегіума таксама выяўлены насценны жывапіс. У памяшканнях, дзе некалі размяшчаліся бібліятэка і сталовая, на адхонах аконных праёмаў рабочыя знайшлі раслінны арнамент і маляваныя медальёны.
Цяпер вырашаецца лёс знойдзенага. Бо, паводле першапачатковага праекта рэканструкцыі калегіума, увесь стары тынк павінен быць збіты. Калі гэта адбудзецца, будуць страчаны і езуіцкія малюнкі.
У маі ў культурнай сталіцы краіны пройдзе круглы стол “Ахова гісторыка-культурнай спадчыны Полаччыны”. Вопыт захавання фрэсак стане свайго кшталту экзаменам на сталасць для мясцовай культурнай сферы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter