Белорусский крестьянский совет принимает активное участие в благоустройстве Беларуси — Клещукевич

Намеснік старшыні Беларускага сялянскага савета Барыс Клешчукевіч:«Калі ваш вопыт варты пераймання, мы едзем да вас»

Уся шматгранная дзейнасць аграрнага сектара эканомікі і розныя клопаты, якія прыносіць сучаснасць, адлюстроўваюцца ў вобразах кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, у іх дзеяннях, учынках і пошуках ісціны. З трох дзесяцігоддзяў працы ў слуцкім СВК «Аграфірма «Лучнікі» Барыс КЛЕШЧУКЕВІЧ шэсць гадоў узначальваў калектыў. Эстафету кіравання перадавым не толькі ў раёне, а і ў рэспубліцы сельгаспрадпрыемствам прыняў у патрыярха старшынёўскага корпуса Мікалая Васілевіча. Пад кіраўніцтвам новага старшыні гаспадарка ўпэўнена развівалася далей, стабільна трымалася ў ліку перадавых. З года ў год нарошчваліся аб'ёмы вытворчасці сельгаспрадукцыі, абнаўляўся машынна-трактарны парк, вялася рэканструкцыя і будаўніцтва новых памяшканняў на жывёлагадоўчых фермах, узводзілася жыллё для маладых сем'яў.

Свой багаты вопыт кіравання Барыс Барысавіч трапна выкарыстоўваў, і калі працаваў дарадчыкам старшыні Магілёўскага аблвыканкама. Пастаянна выязджаў у гаспадаркі, вывучаў і аналізаваў ход спраў, даваў хлебаробам слушныя кансультацыі. На пачатку чэрвеня яго абралі намеснікам старшыні Беларускага сялянскага савета.

— Для мяне такое прызначэн­не было поўнай нечака­насцю, — шчыра прызнаец­ца Барыс Клешчукевіч. — Канешне, прыемна адчуваць сябе запатрабаваным у грамадстве. Да працы з малых гадоў звыклы. Вырас у сялянскай сям'і. Памятаю, як на лет­ніх канікулах вазіў у бочцы ваду жанчынам на цукровабурачнае поле. Пералапач­ваў зерне на калгасным збожжатаку. Пасля заканчэння сярэдняй школы пайшоў у армію. Служыў у Закарпацці. Атрымаў пагоны старшыны і рэкамендацыю для паступлення на падрыхтоўчыя курсы ў Кіеўскі педінстытут. Закончыў іх на выдатна і стаў студэнтам. Пасля атрымання дыплома настаўнічаў у Закарпацкай вобласці, а потым працаваў у райкаме партыі. Займеў сям'ю. Завочна паступіў вучыцца на агранамічны факультэт Кіеўскай сельгасакадэміі. Сэрца моцна прагла родных мясцін, дзе засталася рана аўдавелая маці. На сямейнай нарадзе вырашылі пераехаць на Случчыну. Завочную вучобу на агранамічным факультэце заканчваў у Гродзенскім сельгасінстытуце. У родным слуцкім калгасе «Ленінскі шлях» усё было знаёма. І мяне ў калектыве ўсе ведалі. На багатых слуцкіх землях атрымлівалі рэкордныя для таго часу ўраджаі сельгаскультур. Перадавыя хлебаробы гаспадаркі пастаянна адзначаліся ўрадавымі ўзнагародамі. Пашыралася вытворчая база, мянялі воблік калгасныя вёскі. Гаспадарка рэфармавалася ў СВК «Аграфірма «Лучнікі». Пасля провадаў Мікалая Ільіча на заслужаны адпачынак па яго рэкамендацыі калгаснікі прагаласавалі за маё старшынёўства. Гады кіравання калектывам надалі арганізатарскага вопыту, якім сёння гатовы падзяліцца з іншымі.

— Па жыцці ў вас ёсць ідэал, на каго хацелася б раўняцца?

— Заўжды браў прыклад з маці Зінаіды Іванаўны. І бабуля Домна Ігнатаўна для мяне заўжды была прыкладам. Звычайныя сялянкі з багатай душой і працавітымі рукамі. Да апошніх сваіх дзён не сядзелі без справы. Сапраўднай жыццёвай школай стала праца пад кіраўніцтвам старшыні Мікалая Ільіча Васілевіча. З першых дзён пасля выбрання намеснікам стар­шыні Беларускага сялянскага савета адразу адправіўся ў рэ­гіё­ны. Сустрэчы з кіраўнікамі раёнаў і гаспадарак, гутаркі ў пра­цоўных калектывах абагачаюць, садзейнічаюць рэалізацыі нашых задум.

— Якія яны ў вас?

— Накіраваны на яднанне працаў­нікоў аграрнага сектара краіны.
Імкнёмся аб'яднаць у наш саюз паболей аўтарытэтных асоб. Поўнасцю згодзен з выказваннем Прэзідэнта, што ў добраўпарадкаванні краіны павін­ны прымаць актыўны ўдзел усе грамадскія арганізацыі. У гэтым напрамку і працуем. Адказная справа быць у кіраўніцтве такога аграрнага аб'яднання. 
На чарговым пасяджэнні, у якім прымаў удзел і старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіл Русы, вызначылі асноўныя напрамкі далейшай дзейнасці. Найбольш актыўна яна вядзецца з перадавымі сельгаспрадпрыемствамі Брэсцкай, Мінскай і Гродзенскай абласцей. Плануем пашыраць супрацоўніцтва з калектывамі аграрнага сектара Магілёўскай, Віцебскай, Гомельскай абласцей. На працягу летніх месяцаў выязджалі ў рэгіёны, ладзілі сустрэчы ў працоўных калектывах. Нашу ініцыятыву супрацоўніцтва актыўна падтрымалі ў Кіраўскім, Слуцкім, Клецкім і іншых раёнах.

— На такіх сустрэчах вам, пэўна, ёсць чым падзяліцца са свайго багатага жыццёвага вопыту, а можа, і канкрэтна нешта параіць?

— Канешне, ёсць што расказаць, асабліва маладым спецыялістам, пачаткоўцам-кіраўнікам. Важна ства­рыць у калектыве ядро аднадум­цаў. Каб утрымаць маладых у аграрным сектары, патрэбна маты­вацыя, стварэнне належных умоў працы. Для маладых сем'яў лепш будаваць не кватэры, а сядзіб­ныя дамы з усімі выгодамі, каб пускалі карані. Кіраўнікам варта своечасова клапаціцца пра замену. Ад дырэктара слыннага кіраўскага ААТ «Рассвет імя К. Арлоўскага» Аляксандра Іванавіча Багеля пачуў, што ў іх доўга не затрымліваюцца маладыя спецыялісты: забіраюць іх на павышэнне. Гаспадарка стала сапраўднай кузняй аграрных кад­раў. Гэты вопыт варты перай­мання. Разумна прадумана тут і ма­тэрыяльнае заахвочванне. Жывёла­водам выдаецца 10 працэнтаў ад кошту малака, атрыманага звыш узроўню мінулага года. Да асноўнага заробку штомесячна дадаецца амаль паўтысячы рублёў. Лепшай матывацыі не можа і быць. Вывучаем такі вопыт і распаўсюджваем. Пла­нуем на працягу года на базе перадавых гаспадарак арганізоўваць семінары.

— Як адлюстраваўся ў дзей­насці грамадскага аб'яднан­ня зацверджаны на дзяр­жаў­ным узроўні Год міру і стварэння?

— Уся наша дзейнасць накіравана на мір і стварэнне. Дзе ў сем'ях лад, там і ў краіне будзе згода і ўзаемаразуменне. Дрэннымі наме­рамі нічога станоўчага не даб'ешся. Калі працаваў памочнікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама, у жніво на полі бабруйскай гаспадаркі «Чыр­воны харчавік» убачыў ля камбайна жанчыну. Павітаўся і даведаўся, што яна памочнік у мужа-камбайнера. Прызналася: не спадзявалася, што так захопіцца гэтым заняткам. Дома з дзецьмі засталася маці, а яны з мужам з раніцы да вечара ў полі. Убачыла, як у мужа за штурвалам вочы зусім па-іншаму глядзяць. На развітанне параіў ёй назбіраць букет палявых кветак і паставіць у кабіну, а раніцай памыць лабавое шкло ў камбайне. Калі муж будзе садзіцца ў кабіну, падарыць яму ўсмешку, а мо і пацалунак. Праз чатыры дні зноў трапіў у гэту гаспадарку. Як толькі мая знаёмая ўбачыла мяне, стала дзякаваць. Расказала, што скарысталася маімі парадамі і мужа як падмянілі. Вось так у сям'і многае залежыць ад настрою жанчыны. Духоўнае пачынаецца з узаемаадносін. Які толк, што ў Амерыцы набудавалі хмарачосаў, а дзе духоўнасць нацыі? Галоўнае, збудаваць храм у душы кожнага чалавека.

— Барыс Барысавіч, выкажыце сутнасць дзейнасці намесніка старшыні Беларускага сялянскага савета.

— Акумуліраваць і ўкараняць у калектывах перадавы вопыт белару­скіх і расійскіх аграрыяў. Асаблі­вую ўвагу звяртаю на выхаванне моладзі. Калі салдат не ўмее зарадзіць аўтамат, не зможа выстраліць. У аграрным сектары эканомікі краіны практычны вопыт мае асаблівае значэнне. Плануем далей пашыраць супрацоўніцтва з расійскімі кале­гамі. У іх ёсць чаму павучыцца нашым аграрыям і падзяліцца сваімі здабыткамі. У такія вандроўкі пажадана адпраўляць маладых спецыялістаў. Трэба ствараць ім умовы для азнаямлення з новымі метадамі арганізацыі працы, каб арыентаваліся ў сваёй дзейнасці. Летась наша дэлегацыя наведала Цвярскую вобласць Расіі. Азнаёмілася з дзейнасцю магутнага малочна-таварнага комплексу, з вопытам падбору кадраў. Прадстаўнікі іх у навучальных установах адбіраюць студэнтаў для праходжання вытворчай практыкі. Тых, хто лепей сябе зарэкамендаваў, пасля завяршэння вучобы запрашаюць на працу. Такі вопыт варты пераймання.

— Ці згодны вы, што для маладога спецыяліста або кіраў­ніка сельгаспрадпрыемства важна заваяваць аўтарытэт не механіч­ным прыёмам, а майстэрствам сэрца?

— Усё павінна быць у комплексе. Многа станоўчага пераняў у Леаніда Канстанцінавіча Зайца, калі ён кіраваў агракамбінатам «Дзяржынскі». Зараз самы час дзяліцца набытым вопытам. Лічу, што дзе б чалавек ні працаваў, важна адчуваць адказнасць за даручаную справу і быць патрыётам сваёй краіны.

— У жыцці вам больш прыемна нешта атрымліваць ці аддаваць?

— Сквапнасць — гэта не пра мяне. Бацька працаваў вадзіцелем у райспажыўтаварыстве і прывозіў цукеркі. Не ўсе мае сябры мелі магчымасць ласавацца імі. Частаваў іх. Родныя не пярэчылі, а наадварот, падтрымлівалі ініцыятыву. Маці раіла не ўсе цукеркі адразу раздаваць, каб на другі дзень было чым падзяліцца. Так па жыцці паступаю. Мы з жонкай так і дзяцей выхоўвалі, а цяпер — унучак. Цешаць душу яны. Калі прыязджаюць у Лучнікі, то нявестка жартуе, што прывезла таблеткі для душы — унучак Алёнку і Юлю. З імі лятаю ў аблоках. Вось зараз рыхтуем малодшую ў першы клас.

— А з вашага дзяцінства што больш помніцца?

— Цеплыня адносін паміж землякамі. У нас завядзёнка была: калі ў хату госць заходзіў, за стол садзяць, а потым пытаюць, з чым завітаў. Часта ў нас бавілі зімовыя доўгія вечары сваякі, суседзі. Не дзеля застолля, а проста збіраліся пагутарыць, узгадаць мінулае. Пры­язд­жалі на конях родзічы з суседняй вёскі. Посцілкамі накрывалі спіны вараных, каб не мёрзлі, аўса ці сена падкідалі. У вячэрняй цішы чуваць было хрумстанне. У хаце да поўначы не сціхала гаворка. Запала гэта ў сэрца на ўсё жыццё. Памятаю, як бабуля падводзіла мяне да рамак з фотаздымкамі на сцяне хаты і расказвала пра лёс кожнага з продкаў. Бабулін брат Якаў у 1939 годзе пайшоў на фінскую вайну і не вярнуўся. Ён быў афіцэрам Савецкай арміі. У аповедах пра родных адчувалася цеплыня ўспамінаў. Вечарамі на прызбах збіраліся жанчыны і спявалі, расказвалі байкі. Мяне маці аддала вучыцца іграць на баяне. Крыху засвоіў музычны інструмент, навучыўся выконваць вальс «Амурскія хвалі». Разводзіў мяхі, і ўсе слухалі, падпявалі пад музыку. Урбанізацыя змяніла вясковы ўклад.

— Праца хлебароба складаная, патрабуе рызыкі. Вы чалавек рызыкоўны?

— У сельскай гаспадарцы складана трымацца на адным узроўні. Неаднойчы выпадалі розныя сітуацыі. Але, як ў народзе кажуць, на Бога спадзявайся, а сам не лянуйся. Часта рызыкаваў. Перш чым пайсці на гэта, грунтоўна абмяркоўваў сітуацыю са спецыялістамі, пралічваў варыянты. Рызыка сябе апраўдвала.

— Ці лічыце сябе шчаслівым чалавекам?

— Сапраўднае шчасце толькі потым заўважаеш. Калі ёсць жаданне, чалавек многае можа здзейсніць. Як падкрэслівае Прэзідэнт, «будзе вёска — будзе дзяржава. Загубім вёску, пойдзем на паклон або на Усход, або на Захад за кавалкам хлеба». Наша задача — зрабіць усё, каб на стале быў свой хлеб і да хлеба.

— Барыс Барысавіч, дазвольце ад калектыву рэдакцыі «Сельскай газеты» павіншаваць вас з 70-годдзем і пажадаць здароўя на доўгія гады, творчых здабыткаў у грамадскай дзейнасці на карысць нашай любімай Беларусі!

subbat50@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter