Возникла необходимость строительства новой оранжереи экзотических растений — замдиректора Ботанического сада

Намеснік дырэктара Цэнтральнага батанічнага сада НАН Беларусі Людміла Ганчарова: «Дом — твар гаспадара, а ўсё, што навокал, — люстэрка яго гаспадарлівасці»

Калі чалавек пачынае выконваць даручаную справу без энтузіязму, звычайна прыходзіць жаданне заняцца нечым іншым, больш важным. Такі момант некалькі вызначыў будучае намесніка па навуковай і інавацыйнай рабоце Цэнтральнага батанічнага сада НАН Беларусі кандыдата біялагічных навук Людмілы ГАНЧАРОВАЙ. Пасля заканчэння з залатым медалём жодзінскай сярэдняй школы № 4 яна паступіла на біялагічны факультэт БДУ, атрымала дыплом з адзнакаю і прадоўжыла вучобу ў аспірантуры. На працягу некалькіх гадоў у лабараторыі біяхіміі і біятэхналогіі раслін Нацыянальнай акадэміі навук даследавала на той час новую збожжавую культуру — трыцікале. Паспяхова абараніла кандыдацкую дысертацыю, выхавала дачок Наталлю і Надзею. Задаволена, што яны знайшлі сябе ў жыцці.


Прапанову заняць пасаду намесніка дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце Цэнтральнага батанічнага сада Нацыянальнай акадэміі навук Людміла Уладзіміраўна прыняла і рашуча памяняла расклад працоўнага дня. Цяпер яе будні — гэта афармленне шматлікіх дакументаў, удакладненне графікаў канферэнцый і семінараў, распрацоўка планаў дзейнасці структурных падраздзяленняў і іншыя клопаты.

Навуковыя здабыткі Людмілы Ганчаровай адзначаны падзякамі Прэм'ер-міністра і старшыні прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, ганаровымі граматамі і дыпломамі міністэрстваў і ведамстваў.

Спякотным летнім днём крочу па шырокай алеі, што вядзе ад цэнтральнага ўваходу батанічнага сада ў глыбіню царства дрэў, кустоўя, кветак. Сонечныя промні ледзь прабіваюцца праз густыя шаты векавых веліканаў, паабапал змяняюць адна другую раслінныя кампазіцыі. За сцяной дрэў адкрываецца прастора акуратна дагледжаных газонаў, прыгожых кветнікаў. Цішыню абуджаюць птушыныя спевы.

За больш як дзевяноста гадоў існавання ЦБС стаў адным з найбольш унікальных на Еўрапейскім кантыненце. Амаль чвэрць стагоддзя таму калекцыйнаму фонду раслін і створанаму айчыннымі вучонымі-біёлагамі гербарыю сусветнай флоры нададзены статус нацыянальнага здабытку. Ландшафтна-экспазі­цыйная тэрыторыя і аран­жарэі абве­шчаны помнікамі прыроды рэспублі­канскага значэння. Гэты непаўторны па прыгажосці куточак сталіцы ўключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Асноўная планіровачная вось казачнага царства прыроды перасякае цэнтральны партэр, а ад яго ў розныя бакі, як промні сонца, разыходзяцца алеі. Кожны сектар — асобная экспазіцыя флоры пэўнага геаграфічнага арэала. Адна з алей вядзе да штучнага возера, акружанага рэдкімі відамі дрэў.

За сцяной высокіх разгалістых таполяў узвышаецца трохпавярховы адміністрацыйны будынак. Да памяшкання прымыкае зроблены з некалькіх зашклёных карпусоў ліманарый, у якім круглы год пануе буйства зеляніны.
— Настала неабходнасць бу­даўніцтва новай экспазіцыйнай аранжарэі экзатычных раслін, — дзеліцца планамі Людміла Ганчарова. — Гэта ідэя абмяркоўвалася падчас нядаўняга наведвання ЦБС Прэм'ер-міністрам Раманам Галоўчанкам. У нашых доследных лабараторыях распрацоўваюцца варыянты інтрадукцыі і акліматыза­цыі раслін, навуковых асноў зялёнага будаўніцтва, аховы навакольнага асяроддзя. Актыўнай дзейнасцю заняты навукова-дапамож­ныя падраздзяленні: са­даў­парадка­вання, ландшафтнай архі­тэктуры і фітадызайну, інфар­ма­цыйна-асветніцкай работы, стварэння гербарыя інтрадукцыйных раслін. Эксперыменты ладзім і ў галіновай лабараторыі нетрадыцыйных ягадных раслін, размешчанай на 43 гектарах ў Ганцавіцкім раёне. Вырошчваем разнастайныя сарты буйнаплодных паўночнаамерыканскіх журавін і буякоў, брусніц і бружмелі ядомай. Падтрымліваем сувязі з замежнымі батанічнымі садамі і дэндрарыямі, абменьваемся з імі насеннем.
— Як працуецца калектыву навукоўцаў у абвешчаны на дзяржаўным узроўні Год міру і стварэння?
— Імкнёмся адысці ад знешняга ўздзеяння, абмежаванняў, створаных заходнееўрапейскімі краінамі супраць нас. Непакояць страшэнныя падзеі ў суседняй Украіне. Звар'яцела вядзе сябе марыянетачны кіеўскі рэжым пад дыктаванне заходніх гаспадароў. У такі складаны час настроены працаваць больш старанна, каб мацаваць эканоміку краіны, канцэнтруем увагу на далейшым эфектыўным развіцці навуковай дзейнасці. Пашырылі тэматыку доследных распрацовак, ствараем экспазіцыі, каб выклікаць цікавасць у наведвальнікаў. Упэў­нена крочым наперад. У нас спрыяльныя ўмовы для рэлаксу, эмацыянальнага азда­раўлення людзей. Круглы год прымаем аматараў жывой прыроды, заўжды ёсць чым іх здзівіць. Звычайна дом — твар гаспадара, а ўсё, што навокал, — люстэрка яго гаспадарлівасці. Так можна сказаць і пра нашу ўстанову.
— Ці можна Цэнтральны батанічны сад назваць куточкам зямнога раю?

— Радуюся, што на алеях пануе ажыўленне. Прагуляцца, азнаёміцца з прыродным багаццем едуць з розных рэгіёнаў Беларусі, іншых краін свету. Важна, што навуковыя распрацоўкі, якімі займаюцца ў лабараторыях, знаходзяць актыўнае прымяненне ў народнагаспадарчым комплексе. Дзеля хуткага і больш эфектыўнага ўкаранення іх у вытворчасць арганізоўваем узаемадзеянне з адукацыйнымі і навуковымі структурамі рэспублікі і замежжа. Усё, што распрацавана і створана намі, павінна максімальна прыносіць карысць. Займаемся інавацыйным кірун­кам — укараненнем сучасных біятэхналогій у вытворчы працэс. Чатыры гады таму пачаў дзейнічаць біятэхналагічны комплекс па кланальным размнажэнні раслін у культуры in vitro. Гэта дазваляе паскорана пашыраць плантацыі гаспадарча карысных раслін. Накіроўваем намаганні, каб выйсці на вырошчванне найбольшай колькасці запатрабаваных у насельніцтва ягадных саджанцаў і раслін дэкаратыўна-паркавага прызначэння. Пасля ўвядзення заходнееўрапейскімі краінамі санкцый закрыўся еўрапейскі рынак іх пастаўкі ў Расію і Беларусь. Вырошчванне гэтых раслін стала ў нас перспектыўнай справай. Выходзім на высокую праектную магутнасць дзеючага біятэхналагічнага комплексу. Ёсць заказы ад расійскіх спажыўцоў на пастаўку кланіраваных раслін.

— Спраўляецеся выконваць іх?

— Павялічылі аб'ёмы стварэння клонаў. Справа гэта далікатная і складаная: для кожнай культуры неабходна падбіраць асяроддзе, нават унутры віду розныя ўмовы атрымання клонаў. Асаблівай увагі патрабуе этап пераводу парастка з лабараторнай колбы на адаптацыю ў грунт. У пастаянным творчым пошуку і навукоўцы, што займаюцца ландшафтным дызайнам. Дзякуючы іх распрацоўкам увасоблены дызайн інтэр'ераў Нацыянальнай бібліятэкі, Палаца Незалежнасці, прысядзібнай тэрыторыі прэзі­дыума НАН Беларусі, санато­рыяў «Іслач» і «Радон». Спецыялісты паспяхова справіліся з падборам расліннага асартыменту для азелянення Нясвіжа, Глыбокага, Мядзеля, Шчучына.

— Нашаму пакаленню ў спадчыну дасталіся старажытныя паркі, сядзібы. А што мы пакінем нашчадкам?

— На дзяржаўным узроўні надаецца вялікая ўвага захаванню ўнікальных куточкаў жывой прыроды з разнастайнасцю дрэў і раслін. Адзін з найбольш паказальных праектаў, які рэалізуецца ў апошнія гады, — «Бэз Перамогі». У лабараторных умовах размножаны новыя сарты акультуранага бэзу. Кожны атрымлівае назву, звязаную са святам Перамогі. Стартавала акцыя з расійскіх гарадоў-герояў Масквы, Валгаграда, Севастопаля. У нашай краіне эстафету пасля сталіцы падхапілі абласныя цэнтры. Так, на нёманскім беразе Гродна каля старой Каложы закладзены сад Міру. Пачатак яму дала бэзавая алея новых сартоў, якія атрымалі назвы ваеннай тэматыкі.

— А якая перспектыва распачатай некалькі гадоў таму акцыі «Зялёныя скарбы Беларусі»?

— Асноўнае прызначэнне яе — не дапусціць збяднення беларускай флоры. Праект падтрыманы экалагічнымі цэнтрамі рэспублікі, асабліва рэгіянальнымі юнацкімі экалагічнымі школамі. Агульнымі намаганнямі ўдаецца ратаваць расліны, якія могуць знікнуць. Пачыналі з вяртання ў прыроднае асяроддзе лапчаткі скальнай, асакі ценявой, астранцыі вялікай. Для пасадкі іх вызначылі больш спрыяльныя мясціны ў Слонімскім раёне, заказніку «Сакаліны» і Белавежскай пушчы. Радуюся нават за самы нязначны поспех у гэтай справе.

Нам удалося захаваць навуковасць і закрытасць у зберажэнні фондавых калекцый флоры. Па багацці і насычанасці відаў раслін уступаем толькі пецярбургскаму Батанічнаму саду Пятра Вялікага, якому тры стагоддзі. Размешчаны ён на 23 гектарах і налічвае 20 тысяч раслін з усіх кантынентаў. У нас на 93 гектарах налічваецца звыш 15 тысяч найменняў раслін. Амаль такая ж колькасць экзэмпляраў флоры ў маскоўскім Галоўным батанічным садзе імя Цыцына, плошча якога 100 гектараў. Але ўтрыманне нашага ЦБС на больш высокім узроўні: пастаянна ствараем экспазіцыі, вя­дзём агітацыю па прыцягванні наведвальнікаў, часта ладзім адукацыйныя мерапрыемствы. На тэрыторыі былога СССР наш сад уваходзіць у тройку самых значных.

— Людміла Уладзіміраўна, не шкадуеце, што навуковую дзейнасць памянялі на адміністрацыйную?

— У даследаваннях, якімі пасля студэнцтва займалася амаль тры дзесяцігоддзі, імкнулася быць дакладным эксперыментатарам. Шмат перачытала спецыяльнай літаратуры, прымала ўдзел у канферэнцыях і сімпозіумах, папаўняла веды. Пераканана: для таго каб заявіць сябе ў навуцы, аднаго старання мала, не кожнаму суджана стаць геніем у пэўным кірунку. Прыняла рашэнне заняцца адміністрацыйнай дзейнасцю, але з непасрэднай навукай не развіталася. У планах пэўныя творчыя задумы.

— Калі гэта не сакрэт, падзяліцеся імі.

— У навуцы мяне больш цікавяць малекулярная біяхімія, біялогія, генетыка і сучасныя біятэхналогіі. У гэтым кірунку бачу шырокае поле творчага дзеяння. Са студэнцкіх гадоў захапляла ўсё тое, што можна вывучыць унутры расліны, цікавіла магчымасць зазірнуць у асобную клетку, ядро, даследаваць бялкі, ферменты. Гэта больш эксклюзіўнае і святое ў біялогіі. За тры дзесяцігоддзі працы ў ЦБС многае змянілася: у лабараторыях самае сучаснае абсталяванне, новыя жывыя экспазіцыі абагацілі запаведную тэрыторыю. Узвышаюцца дрэвы-равеснікі закладкі першых алей у далёкім 1933-м. Уражвае амаль векавая алея чорных таполяў. За апошнія дзесяцігоддзі палепшана дагле­джанасць і структураванасць пасадак. Значны ўклад у распрацоўку культурна-масавых мерапрыемстваў для наведвальнікаў батанічнага сада ўнесла былая загадчыца сектара інфармацыйна-асветніцкай работы Алена Сакурэнка. Вакол сябе згуртавала кола аднадумцаў, але, на жаль, кавідная пандэмія вырвала яе з жыцця. Імя Алены Сяргееўны побач з іншымі вядомымі дзеячамі ўпісана ў гісторыю ЦБС. Была яна ў ліку ініцыятараў стварэння экалагічнай сцяжыны, садоў ніцых раслін і магнолій.

— Няўжо наш умераны клімат спрыяльны для росту такіх экзатычных экзэмпляраў?

— Перш чым высадзіць у адкрыты грунт, біёлагі адаптавалі іх да нашага сярэднееўрапейскага клімату. Шчыра кажучы, калі дзесяць гадоў таму з'явілася ідэя стварыць міні-сад магнолій, хваляваліся, ці прыжывуцца яны. Матэрыял закуплялі ў спецыяльных пітомніках. Апантаная гэтай ідэяй Тамара Шпітальная па сваіх кантактах шукала саджанцы ў батанічных садах розных краін. У нас усталяваны трывалыя адносіны з грузінскімі калегамі. Атрымалі дрэўцы і з вялікай рызыкай высадзілі на чатырох сотках. Колькі радасці было, калі яны перазімавалі і з вясновым цяплом ажылі. Цяпер гэта адзін з самых утульных куточкаў батанічнага сада. І надалей плануем пашыраць пасадкі гэтай паўднёвай прыгажуні.

Уражвае таксама квітнеючае дэкаратыўна-ліставое кустоўе, якім упрыгожылі тэрыторыю побач з галоўным уваходам. Дзевяць гадоў таму пачыналі закладку з шасцідзесяці прадстаўнікоў гэтай групы раслін, а сёння іх больш у пяць разоў. А колькі таямнічасці і чароўнасці ў «Садзе ў цяньку»! У ім падабраны асартымент дэкаратыўных культурных ценевынослівых раслін і такіх, што растуць пад шатамі ляснога масіву.

Аздобіла батанічны сад экспазі­цыя «Флора Паміра-Алая», якая атрымала назву таджыкскага куточка. Амаль усе з трох дзясят­каў дастаўленых адтуль дрэў­цаў прайшлі інтрадукцыйныя выпра­баванні і прыжыліся.

Вабяць наведвальнікаў калекцыйныя пасадкі арнаментальных раслін. З вясновым цяплом пачынаюць радаваць вока перша­цветы, крокусы, гіяцынты, прымулы, нарцысы, цюльпаны. А якая асалода прайсціся побач з квеценню бэзу і рададэндранаў! У такі час тут асабліва ажыўлена.

— А ці ёсць магчымасць наведвальнікам палюбавацца квітнеючай японскай сакурай?

— З'явілася ў нашай калекцыі ў палове мінулага стагоддзя. Апошнія пяць гадоў сакуры сталі запатрабаванымі ў аматарскім садоўніцтве. Набываем экзэмпляры розных форм і сартоў у спецыяльных гадавальніках і рыхтуем для рэалізацыі прыхільнікам экзотыкі. Ствараем экспазіцыю «Японскі сад». Складана было вышукаць фінансы на набыццё ўнікальных саджанцаў, асабліва шмат каштуюць бансайныя формы раслін. Адшукаліся спонсары і дапамаглі набыць дрэўцы. Спецыялісты дэталёва распрацоўваюць аздабленне кожнага куточка, абмяркоўваюцца новыя пасадкі.

У апошнія дзесяцігоддзі значна ўзмацнілася навуковая дзейнасць у спецыялізаваных лабараторыях. Распрацоўкі нашых навукоўцаў больш прыкладнога характару. Акадэмік Уладзімір Рашэтнікаў узначальвае Савет батанічных садоў і дэндрарыяў Беларусі (іх два дзясяткі ў рэспубліцы). У гэтую суполку ўваходзяць вядомая Белавежская пушча, Бярэзінскі запаведнік, нацпаркі «Нарачанскі» і «Прыпяцкі» і іншыя. Вучоныя вядуць назіранні ў садзе за развіццём раслін. Значны ўклад у вывучэнне паркавай спадчыны ўнеслі вядомыя дэндролагі Анатоль Федарук, Ігар Гарановіч. Іх справу працягвае маладая змена вучоных.

— Людміла Уладзіміраўна, што вас падштурхнула стаць біёлагам?

— У школе лёгка даваліся ўсе прадметы. Настаўніца матэматыкі лічыла, што стану матэматыкам. Выкладчыца гісторыі раіла паступаць на гістарычны факультэт: у мяне цэпкая памяць на даты. Мне мроілася прафесія ўрача, але маці адгаворвала ад гэтага намеру. У час летніх канікул з сябрамі палолі доследныя дзялянкі ў Інстытуце земляробства. Селекцыяй злакавых у гэтай установе займалася маці аднакласніка Яўгенія Абуховіч. З захапленнем яна расказвала пра навуковыя эксперыменты. Я зацікавілася і вырашыла паступаць на біяфак БДУ. Пасля заканчэння вучобы атрымала размеркаванне ў Інстытут земляробства, а затым паступіла ў аспірантуру Інстытута эксперыментальнай батанікі Нацыянальнай акадэміі навук. Так пачалася навуковая дзейнасць. Калі нарадзіліся дочкі, бацька Уладзімір Іванавіч і маці Валянціна Лявонцьеўна шмат займаліся іх выхаваннем. Яны былі на заслужаным адпачынку і мелі магчымасць быць з унукамі, а я рыхтавала кандыдацкую дысертацыю. Удзячна навуковым кіраўнікам акадэміку Уладзіміру Рашэтнікаву і Івану Гардзею: яны дапамагалі мне ў даследаваннях, многае ў іх пераймала.

— Што грэе вашу душу?

— Успамін пра дарагіх сэрцу бацькоў. У мяне дзве малодшыя сястры-блізняты і старэйшы брат. Тата займаўся нашым развіццём не толькі ў вучобе, але і ў спорце. На жаль, два гады таму яго не стала. Маці трымала нас у строгасці і не раз гаварыла: «Сям'я — гэта святое».

— Жывяце розумам ці сэрцам?

— Хочацца жыць сэрцам, а больш атрымліваецца спадзявацца на розум.

— Ваш дэвіз?

— Не спыняцца на дасягнутым і ўпэўнена крочыць уперад.

— Ці здараюцца моманты, калі сабою незадаволены?

— Бываюць, і вельмі часта. У такія хвіліны крытыкую сябе, хаця ведаю, што гэта згубны псіхалагічны стан. Па натуры я чалавек соцыуму. Імкнуся ў складаныя моманты браць сябе ў рукі. Калі трэба рабіць выбар, доўга ацэньваю сітуацыю, прадумваю варыянты. Часам раздражняе марнасць часу на такія развагі.

— Дзе хочацца пабываць?

— Мая праца пастаянна звязана з інтрадукцыяй раслін свету. Хочацца многае ўбачыць, асабліва пабываць там, дзе багатая флора. А самае запаветнае месца — малая радзіма, дзе кожная сцяжынка знаёмая. Калі прыязджаю ў гэты куточак, адпачываю душой.

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter