Медалью «За трудовые заслуги» отмечена заместитель директора сморгонского КСУП «Агро-Солы» Виктория Клемята

Намеснік дырэктара смаргонскага КСУП «АграСолы» Вікторыя Клемята: «Шчасце, калі ты запатрабаваны, калі няма гора і ёсць хлеб на стале»

Кожны ў смаргонскім КСУП «АграСолы» ведае: новая малочна-таварная ферма «Вікторыя» названа ў гонар намесніка дырэктара па жывёлагадоўлі Вікторыі КЛЕМЯТА. Пасля заканчэння Беларускай сельгасакадэміі яна тут пачынала працоўную дзейнасць галоўным заатэхнікам. Перспектыву гаспадаркі малады спецыяліст бачыла ў развіцці жывёлагадоўлі. Настойвала заняцца паляпшэннем умоў утрымання статка, але ад яе прапаноў кіраўніцтва адмахвалася. З болем у сэрцы памяняла работу. 

А калі гаспадарку ўзначаліла Вольга Лук'яненка, вярнулася ў калектыў. Крок за крокам сталі паляпшацца ўмовы ўтрымання жывёлы, умацоўвалася кармавая база. Пайшлі ў рост надоі. Пасля далучэння суседняй гаспадаркі «Кушляны» грамадскі статак павялічыўся да 9200 галоў, з якіх чвэрць — каровы. Летась прырост надояў ад кожнай з 2533 кароў дасягнуў 370 кілаграмаў, а гадавы надой ад каровы перавысіў 9200 кілаграмаў. Штодзённа на перапрацоўку пастаўляецца звыш 75 тон прадукту. 

Амаль увесь гатункам экстра. Па валавой вытворчасці малака сельгаспрадпрыемства на шостым месцы ў Гродзенскай вобласці. Рэнтабельнасць яго вытворчасці перавысіла 50 працэнтаў.

Займаюцца ў Солах і развядзеннем мясной абердзін-ангускай пароды. З трохсот галоў амаль палова статка — племянны маладняк, што рэалізуецца па рэспубліцы. Гаспадарка атрымала статус племянной.

За шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў Вікторыя Клемята ўзнагароджана медалём «За працоўныя заслугі». Яе руплівасць і старанне адзначаны дзвюма Падзякамі Прэзідэнта, ганаровымі граматамі Мінсельгасхарча, Гродзенскага аблвыканкама, ВДНГ. Неаднаразова яе партрэт упрыгожваў раённую Дошку гонару.


Наваколле смаргонскага аграгарадка Солы падобнае на нарачанскія прасторы, дзе прайшло дзяцінства Вікторыі Клемята: перакацістыя палі ў перамежку з лугамі, лясамі, рэкамі і азёрамі. Адсюль рукой падаць да яе родных мясцін, акружаных маляўнічымі краявідамі. Вырасла яна ў гэтым непаўторным па прыгажосці краі. Часта ўзгадваецца, як з маці і вясковымі сяброўкамі хадзілі ў грыбы і ягады. Заўжды вярталіся з поўнымі кошыкамі лясной даніны. Дачку з малых гадоў бацькі прызвычайвалі да сялянскай працы. Помніцца, як яшчэ чытаць не ўмела, а самастойна даіла на падворку свойскую карову, карміла курэй. У вясковых гаспадароў заўсёды спраў хапае. Падсабляла маці на агародзе, у полі. Усёй сям'ёй шчыравалі на сенакосным лузе, каб назапасіць на зіму корму для рагулі. І ў студэнцкія гады, калі прыязджала з Горак на канікулы, знаходзіла дома занятак. З бацькамі ўпраўлялася па хатняй гаспадарцы. І сваіх дачок Таццяну, Ларысу, Іну працай з мужам выхоўвалі. Цяпер сэрца цешыць, што яны знайшлі свой шлях у жыцці. Падаравалі трох унукаў. Падрастаюць і два праўнукі.

Агеньчыкамі ўспыхваюць вочы Вікторыі Нікадзімаўны, калі ўзгадвае аб сям'і. А пра вытворчыя поспехі, тым больш пра задумкі і планы, гаворыць стрымана. За 35 гадоў працы ў калектыве ўсяго бывала. Атрад жывёлаводаў, якім кіруе, вялікі. Адлегласць паміж фермамі перавышае паўсотню кіламетраў — ледзьве паспявае на легкавіку ўсюды пабываць. Памятае, як у першыя гады пасля вучобы не ставала вопыту адносін з людзьмі, каб павесці іх за сабой. А самае галоўнае — пераканаць у правільнасці выбранага курсу. Такому ў сельгасакадэміі не вучылі. Неаднойчы Вікторыі Нікадзімаўне думалася: вось бы бацькі былі побач, падказалі б, як паступіць. З часам набываўся вопыт, мацаваўся аўтарытэт сярод падначаленых, выпрацоўвалася рашучасць дзеянняў. Каардынавала іх з дырэктарам сельгаспрадпрыемства Вольгай Лук'яненка. Разам вырашалі, як пакончыць на фермах з крадзяжамі і п'янствам. Даводзілася ісці на крайнія меры: выпівох адпраўлялі за сродкі гаспадаркі лячыцца ад алкагольнай залежнасці. Так ратавалі ад распаду сем'і. Сёння ў калектыве дысціпліна і парадак.

Вікторыя Нікадзімаўна пераканана: сама ў першую чаргу павінна быць прыкладам. Важна ўмець настроіць людзей на выкананне задуманых планаў.

— Мы трымаем курс на далейшае развіццё жывёлагадоўлі, — разважае намеснік дырэктара смаргонскага КСУП «АграСолы» Вікторыя Клемята. — Пастаянна нарошчваем аб'ёмы вытворчасці малака і ялавічыны. Атрыманы ўраджай не складана прадаць. Найбольшы эканамічны эфект дае выкарыстанне яго на корм жывёле. Фінансавыя паступленні ад рэалізацыі малака і ялавічыны дазваляюць развівацца, больш плаціць людзям. Летась сярэднямесячны заробак жывёлаводаў перавысіў 2000 рублёў. Нялёгка было ў першыя гады, калі гаспадарку прыняла Вольга Іванаўна Лук'яненка. Памяшканні патрабавалі неадкладнага рамонту, кармоў на фермах да вясны не хапала. Валавая вытворчасць малака не перавышала 2,5 тоны ў суткі. За няпоўныя два дзесяцігоддзі яна вырасла амаль у 30 разоў. Гэта што: новую пароду кароў завялі! Дойны статак папаўняем сваім маладняком. Накармілі жывёлу як належыць і стварылі спрыяльныя ўмовы ўтрымання. Рацыёны кармлення кожнай групы ў нас навукова абгрунтаваныя. Для дакладнай іх выпрацоўкі пастаянна запрашаем вучоных з навукова-даследчых інстытутаў. Яны раяць, якія дабаўкі, прэпараты лепш прымяняць. Гэта заўважна ўплывае на агульны стан здароўя жывёлы і прадукцыйнасць дойнага статка. Каб яе ўтрымліваць на высокім узроўні, пастаянна закупляем сланечнік, сою, піўную драбіну.

— А на сваіх палях якія бялковыя культуры вырошчваеце?

— Плануем сур'ёзна заняцца гарохам на корм. Нязначныя плошчы ў нас пад вікай, яна больш ідзе на зялёны корм. Эканамічна ўсё пралічваем і прымаем рашэнне, што закупляць для павелічэння прадукцыйнасці кароў. Пятая частка дойнага пагалоўя выкарыстоўваецца да 10 гадоў. Звычайна пасля 3—4 гадоў даення кароў выбракоўваем. Спадзяёмся выйсці на пяць лактацый. Пастаянна праводзім прафілактыку захворванняў жывёлы, прымяняем вітаміны, прэміксы. Кожную дойную карову да апошняга адстойваю, каб прадоўжыць цыкл яе выкарыстання. Са свайго маладняку за тры гады ўкамплектавалі дойны статак для новага комплексу — 1080 галоў. Уся жывёла галштынскай пароды.

Штодня раюся з дырэктарам гаспадаркі, як лепей паступіць, каб праца ладзілася. Калі надой ад каровы перавышае 9000, каб надалей трымацца такога ўзроўню, патрэбен штодзённы аналіз вытворчай дзейнасці. Улічваем кожную дэталь і прымаем рашэнні. За 18 гадоў кіраўніцтва Вольгі Іванаўны наш калектыў больш дзесяці разоў першынстваваў у раёне па вытворчых паказчыках у раслінаводстве і жывёлагадоўлі. Кабінет дырэктара ўпрыгожваюць дзве пераходныя хрустальныя вазы. І ў вобласці па вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі гаспадарка сярод перадавых.

— Вікторыя Нікадзімаўна, звычайна пачатак года нясе з сабою планы, задумы. Якія яны ў вас на абвешчаны на дзяржаўным узроўні Год міру і стварэння?

— Асаблівасць гэтага года ў тым, што вакол нашай дзяржаўнай мяжы склаліся не такія простыя абставіны. Без міру і спакою складана будаваць нейкія планы і думаць пра поспехі. Хочацца, каб зменшыўся да мінімуму градус напружання, што пануе побач з нашай краінай. Балюча глядзець на падзеі ва Украіне. Майму пакаленню пашчасціла дзесяцігоддзямі жыць пад мірным небам. У савецкі час выхоўваліся нашы перакананні і прынцыпы. Ці маглі бацькі, якія перажылі ваеннае ліхалецце, падумаць, што праз дзесяцігоддзі пасля той страшэннай вайны стане зноў неспакойна. Самаадданай працай трэба мацаваць краіну. На фермах ні на гадзіну не спыняецца вытворчы працэс. Зараз самы масавы перыяд ацёлаў. Увесь наш статак размешчаны ў добраўпарадкаваных памяшканнях. Побач з аграгарадком Солы адзінаццаты год дзейнічае тыпавая жывёлагадоўчая ферма на 777 кароў. Памятаю, як у першы год пасля ўвядзення яе ў эксплуатацыю дырэктар хвалявалася за пагашэнне пазык. Пайшло малако, і сталі паступаць сродкі ад яго рэалізацыі. Своечасова разлічыліся з банкам. За мінулыя два гады пачаў дзейнічаць буйны комплекс каля вёскі Асіпаны. Жывёлаводам створаны ідэальныя ўмовы для працы: раздзявалкі, мыечныя, душ, сталоўка. На астатніх фермах, а іх у нас дзевяць, завершана рэканструкцыя памяшканняў. На знос старых будынкаў патрацілі каля мільёна рублёў. Гаспадарцы выдзелена 8 мільёнаў дзяржаўнага крэдыту на рэканструкцыю некалькіх дзеючых і будаўніцтва двух жывёлагадоўчых памяшканняў, а таксама даільна-малочнага блока. У планах і мантаж спецыяльных вежаў для захоўвання фуражнага зерня.

— Новыя комплексы патрабуюць дадатковых працоўных рэсурсаў. Як у гаспадарцы з кадрамі жывёлаводаў?

— Пра гэта пастаянна дбаем. Ёсць каму даглядаць жывёлу. Новае тэхналагічнае абсталяванне патрабуе высокай кваліфікацыі. Канечне, хочацца, каб прафесійны ўзровень быў лепшы. Спецыялізаваныя аграрныя ліцэі павінны пашырыць набор, каб забяспечваць гаспадаркі кадрамі. Працаваць да нас прыходзяць гараджане са Смаргоні, але доўга не затрымліваюцца: не спраўляюцца з працоўным рытмам. Праца добра аплачваемая, але патрабуе аддачы. Трэба адчуваць жывёлу. Раней даярка ведала кожную замацаваную за ёй карову. Калі ў даільнай зале на патоку ўвесь статак, выраслі патрабаванні да жывёлаводаў. Трэба ўмець хутка і правільна падключыць даільны апарат, прасачыць, каб завяршылася дойка. Жывёла адчувае клопат пра яе і тонка на гэта рэагуе. Не ў кожнага новага працаўніка ўсё ладна атрымліваецца.

— А мо варта пры такім вялікім пагалоўі наладзіць даенне кароў робатамі?

— Вострай неабходнасці ў нас няма. Без асаблівага напружання забяспечылі кадрамі новы комплекс. Там працуе 40 чалавек. Побач райцэнтр Смаргонь, дзе актыўна развіваецца прамысловасць. На нашай тэрыторыі дзейнічае птушкафабрыка. Але канкурэнцыю вытрымліваем. У Солах з 800 працаздольных жыхароў толькі дзясятая частка занята ў нас на вытворчасці. Пастаянна курсіруюць маршруткі, электрапаязды ў сталіцу і суседнія райцэнтры. Шукальнікі лёгкага хлеба пакруцяцца ў горадзе і вяртаюцца ў гаспадарку. Тых, хто жадае працаваць, прымаем. Аператары машыннага даення заняты па сем гадзін у тры змены. Транспартам падвозім іх з навакольных вёсак і райцэнтра да ферм. Настолькі людзі звыкліся да зручнасцей, што ферма ў кіламетры ад вёскі, а яны пешшу не ідуць. У калектыве адзін аднаго добра ведаем. У адносінах з падначаленымі і дырэктарам імкнуся трымацца інтэлігентна, пазбягаю канфліктных сітуацый.

Калі ў дырэктара ўзнікла ідэя заняцца развядзеннем кароў мясной абердзіна-ангускай пароды, мяне ахапіў сумнеў у выгаднасці гэтага. Але Вольга Іванаўна настаяла на сваім, і мы закупілі партыю племянных жывёл. План развядзення гэтай пароды ў яе даўно выспеў. Адчувала, што гэта рызыкоўная справа, але трэба было паспрабаваць.

Цяпер у статку 300 галоў гэтай пароды. Па яе развядзенні гаспадарка стала племянной. Выгадна вырошчваць маладняк. Узгадваецца выказванне Прэзідэнта на сустрэчы з аграрыямі Гомельшчыны: трэба займацца той справай, якая дае прыбытак.

Рашэнне кіраўніка — закон для падначаленых. У нашага дырэктара кожны крок прадуманы. Працуем згуртаванай камандай, і ўсё атрымліваецца. Вольга Іванаўна па адукацыі аграном, але ў жывёлагадоўлі дасканала ўсё спасцігла. Калі запрасіла мяне вярнуцца ў гаспадарку, падумалася: раней калектывам кіраваў спецыяліст-заатэхнік — і ў нас не атрымалася зладжанасці. Ён лічыў, што карове кінуў нешта ў кармушку, і яна дасць малака. І прыводзіў прыклад: жонка пакладзе свойскай рагулі тры буракі — і малака для сям'і хапае. Пяць гадоў вось так і працавалі безвынікова. Не вытрымала і звольнілася. А як Вольга Іванаўна прыняла гаспадарку, то адразу запрасіла мяне вярнуцца. Перш чым згадзіцца, разважала: мы з былым старшынёю па адукацыі заатэхнікі і нічога не дабіліся, а тут аграном узначаліла калектыў, ды яшчэ і жанчына. Вопыту кіравання не мае. Жывёлагадоўлі не ведае. Вырашыла выручыць яе, папрацаваць, пакуль знойдуць пастаяннага заатэхніка. З першых дзён мяне ўразіла, што яна ўедліва ва ўсё ўнікае. Мы з ёю з ферм не вылазілі. Засыналі за рулём. Адлегласць паміж фермамі амаль 70 кіламетраў. Дапамагалі паіць і карміць жывёлу. У Асіпанах за кожнай даяркай было замацавана па 50 кароў. Ваду трэба было насіць вёдрамі, уручную кармы раздаваць. Калі ў адным з драўляных кароўнікаў рухнуў дах, мы з даяркамі і спецыялістамі, рызыкуючы жыццём, выводзілі кароў. Вольга Іванаўна патэлефанавала будаўнікам са столінскіх Альшан. Прыехалі і хутка навялі парадак. На многіх фермах працякалі дахі. Адрамантавалі іх. Рэканструявалі старыя памяшканні. Потым па спецыяльнай праграме ў нас пабудавалі сучасны жывёлагадоўчы комплекс. Зладзілі ўласны камбікормавы цэх.

Жывёлаводы круглы год атрымліваюць гарачае харчаванне. Сталовая працуе без выхадных. Нават хто жыве побач з фермай, харчуюцца тут. Загадчыца Марыя Пагода сапраўдны майстар па распрацоўцы меню. Праз некалькі гадзін пасля абеду выдаецца сытны падвячорак. Людзей кормім, каб эканомілі свой час. Ды і не заўжды гаспадыня паспявае згатаваць гарачую ежу.

Тым, у каго настае час выхаду на заслужаны адпачынак, выплачваем па тры сярэднямесячныя заробкі — амаль 7000 рублёў. Грашовымі выплатамі адзначаем юбіляраў. Некаторыя з іх атрымліваюць да 3000 долараў. Пачалося ўсё з года, калі быў добры ўраджай цукровых буракоў. З камбіната ў гаспадарку паступіў цукар. Дырэктар вырашыла выдаць па мяху кожнаму працуючаму. Гэта і стала традыцыяй.

— Каб згуртаваць калектыў, японцы спецыяльна ладзяць пікнікі. Вы гэта практыкуеце?

— Ладзім розныя святы. Восенню пасля заканчэння палявых работ падводзім вынікі, ушаноўваем перадавікоў. Толькі што адсвяткавалі Каляды. Усіх запрашалі на вечарыну ў сталоўку. Расходы на частаванне аплачвае прафсаюзная арганізацыя і часткова фінансуе гаспадарка. У нас на вытворчасці занята амаль тры сотні працуючых. Летам ладзім «Зажынкі» і «Дажынкі».

— Вікторыя Нікадзімаўна, вы 35 гадоў працуеце ў жывёлагадоўлі, сваёй прафесіі не здрадзілі. Ці адчуваеце сябе шчаслівай?

— Маё асабістае шчасце — у дзецях. Яны ўпарадкаваны і жывуць пад мірным небам. Шчаслівая, што дачакалася не толькі ўнукаў, але і праўнукаў. Шчасце, калі ты запатрабаваны, калі няма гора і ёсць хлеб на стале.

subbat50@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter