Нам засталася спадчына

Яшчэ адзін беларускі аб’ект можа атрымаць прэстыжную ўзнагароду “Еўропа Ностра”
Не так даўно мы радаваліся навіне аб тым, што прыз вядучай еўрапейскай арганізацыі ў галіне спадчыны “Еўропа Ностра” ў катэгорыі “Адданая служба” дастаўся Нацыянальнаму гісторыка-культурнаму музею-запаведніку “Нясвіж” — журы прэміі ўразіла манументальная работа па стварэнні ўсяго за некалькі месяцаў музея ў нядаўна адноўленым палацы Радзівілаў. Да гэтага моманту ўзнагароду “Еўропа Ностра” прывозілі на беларускую зямлю толькі аднойчы — у 1993 годзе прэстыжнай узнагароды быў удастоены за аднаўленне і рэстаўрацыю Мірскі замак.


Поспех Нясвіжа і Міра пераканаў, што ў Беларусі ёсць годныя высокіх узнагарод праекты, і падштурхнуў спецыялістаў падрыхтаваць для намініравання на чарговую ўзнагароду “Еўропа Ностра — 2017” працэс рэстаўрацыі насценнага жывапісу Свята-Петра-Паўлаўскага сабора ў Мінску. Храм быў заснаваны больш за 400 гадоў таму, аднак у савецкі час амаль не функцыянаваў. У ім знаходзіўся спачатку склад для харчовых прадуктаў, а затым — архівы рознага кшталту. Вядома, сучасным спецыялістам прыйшлося нямала папрацаваць, каб вярнуць сабору ранейшы выгляд, у прыватнасці, рэстаўрыраваць насценны жывапіс храма. І цяпер іх праца заслугоўвае высокай адзнакі.

Заяўка Беларусі пададзена ўжо на разгляд у арганізацыю “Еўропа Ностра”. Яна ўключае дакументы, якія фіксуюць інфармацыю аб унікальных тэхналогіях, што ўжываліся пры рэстаўрацыі жывапісу ў саборы, а таксама дакументальны фільм Restauratio, які распавядае пра гэты працэс. Ці стане Свята-Петра-Паўлаўскі сабор трэцім уладальнікам узнагароды “Еўропа Ностра” з нашай краіны, стане вядома ў сярэдзіне наступнага года.

Падрыхтавала Людміла Мінкевіч

mila@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter