Нам засталася спадчына…

Упершыню на ўрадавым узроўні прынята праграма «Замкі Беларусі»

Упершыню на ўрадавым узроўні прынята Дзяржаўная праграма «Замкі Беларусі»

Як паведаміла «Р» прэс-сакратар Міністэрства культуры Ганна Смольская, мэтай праграмы з’яўляецца стварэнне спрыяльных умоў для захавання, аднаўлення і рацыянальнага выкарыстання аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, развіцця ўнутранага і ўязнога турызму. Заказчыкамі дзяржаўнай праграмы з’яўляюцца Міністэрства культуры, аблвыканкамы, Мінскі гарвыканкам, заказчыкам-каардынатарам — Міністэрства культуры. Тэрмін рэалізацыі — 2012—2018 гады.

У рамках праграмы прадугледжана правядзенне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ, прыстасаванне і экспанаванне 38 замкаў Беларусі па чатырох накірунках:

рэстаўрацыя, рэканструкцыя і прыстасаванне запланаваны на 7 помніках архітэктуры — Старым замку ў Гродне, Лідскім і Любчанскім замках, завяршэнне работ на Камянецкай вежы, добраўпарадкаванне паркаў, прылеглых да замкавага комплексу ў Міры, да палацава-паркавага ансамбля ў Нясвіжы (на здымку);

плануецца правядзенне кансервацыі з частковай рэстаўрацыяй на

7 аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны, якія захаваліся часткова, — Навагрудскім, Крэўскім, Гальшанскім замках, а таксама рэштках замкаў у Геранёнах Іўеўскага раёна, Смалянах Аршанскага раёна, Быхаве, пас. Тэльман Брагінскага раёна;

прадугледжваецца добраўпарадкаванне тэрыторыі 19 помнікаў археалогіі, на якіх размяшчаліся замкі ў вёсцы Жабер Драгічынскага раёна, вёсцы Крыўляны Жабінкаўскага раёна, Браслаўскі і Заслаўскі замкі;

плануецца правесці работы па музеефікацыі на 5 помніках археалогіі — гарадзішчы ў Тураве і Мілаградзе Рэчыцкага раёна, замчышчы ў Глуску і Рыжкавічах Шклоўскага раёна і ў Мінску.

Фінансаванне мерапрыемстваў дзяржаўнай праграмы прадугледжваецца за кошт бюджэтных сродкаў: Дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» на 2011—2015 гады і Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы, а таксама пазабюджэтных сродкаў.

Выкананне дзяржаўнай праграмы дасць магчымасць забяспечыць адраджэнне і захаванне культурнай і духоўнай спадчыны Беларусі, умацаваць прэстыж краіны ў міжнароднай супольнасці, уключыць помнікі абарончага дойлідства ў сферу сучаснага культурнага і эканамічнага жыцця, стварыць дадатковыя рабочыя месцы з улікам новага функцыянальнага прызначэння аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, пашырыць разнастайнасць і геаграфію турыстычных маршрутаў.

Фота: Iлья ПАЛОНСКI

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter