Познаем Беларусь: 140 лет со дня рождения народного поэта Беларуси Янки Купалы

Нам засталася спадчына

Янка Купала. 1919 год.
Дзве круглыя даты — сумная і светлая — у календары амаль побач: 28 чэрвеня споўнілася 80 гадоў з дня трагічнай смерці народнага паэта Беларусі Янкі Купалы, а на Купалле (таму і такі псеўданім ён абраў) мы адзначалі 140-годдзе з дня нараджэння класіка.

Каб адчуць сапраўдны смак роднага слова і перажыць гаму яркіх пачуццяў, раім перачытаць творы Янкі Купалы. Паэт, драматург, публіцыст, перакладчык, акадэмік, ён узняў родную мову на небывалую вышыню. Яго творы стаяць у адным шэрагу з лепшымі ўзорамі сусветнай літаратуры.

Сапраўднае імя Купалы — Іван Дамінікавіч Луцэвіч. Ён нарадзіўся 7 ліпеня ў фальварку Вязынка (зараз гэта Маладзечанскі раён) у сям’і збяднелай шляхты. Род Луцэвічаў згадваецца ў архіўных дакументах XVII стагоддзя. У свой час дзед будучага паэта арандаваў зямлю ў князёў Ра­дзівілаў, але яны яго выгналі. Дарэчы, менавіта гэты факт у будучым стаў асновай драмы «Раскіданае гняздо».

Янка Купала быў адным з ініцыятараў стварэння Акадэміі навук Беларусі, Беларускага драматычнага тэатра, БДУ і Інбелкульта, удзельнічаў у канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі.

Якім Купала быў у звычайным жыцці? З успамінаў сяброў паэта вядома, што Іван Дамінікавіч заўсёды выглядаў элегантна. Выходзіў у свет у белай кашулі, з гальштукам і з тонкай палкай у руках. Аднак, нягледзячы на знешную прывабнасць, у яго біяграфіі значыцца толькі два жаночых імя — Уладзіслава Станкевіч, з якой Купала пражыў больш за 25 гадоў, і Паўліна Мядзелка, з якой пазнаёміўся ў Вільні, — менавіта ёй ён прысвяціў п’есу «Паўлінка» і сам прапанаваў дзяўчыне галоўную ролю ў аднайменным аматарскім спектаклі. Аднак успыхнуўшыя пачуцці не мелі працягу. У 1916 годзе Іван Дамінікавіч узяў шлюб з Уладзіславай Станкевіч у Петрапаўлаўскім касцёле Масквы.

Дом у вёсцы Вязынка Мінскай вобласці, у якім нарадзіўся Янка Купала.

28 чэрвеня 1942 года Купала трагічна загінуў у Маскве. Пахавалі яго на Ваганькаўскіх могілках, а ў 1962-м урна з прахам беларускага класіка была перавезена ў Мінск і перапахавана на Вайсковых могілках, побач з магілай яго маці. Бянігна Іванаўна загінула ў захопленым немцамі Мінску на другі дзень пасля смерці сына, пра гібель якога так і не дазналася.
Творы Купалы перакладзены на больш чым 110 моў. Дарэчы, на ідыш некаторыя з іх былі перакладзены каля ста гадоў таму. На рускую мову большасць яго вершаў пераклаў паэт Валерый Брусаў.
ЦІКАВЫЯ ФАКТЫ

• Янка Купала выдатна гуляў у шахматы. Часта яго галоўным партнёрам быў Якуб Колас. Купала лічыў сябе выдатным шахматыстам і нават злаваўся, калі выйграваў Колас.

• Янка Купала любіў адпачываць на Чорным моры. Адтуль заўсёды прывозіў каменьчыкі. Потым раскладваў іх на пісьмовым стале і называў «сваім маленькім морам».

kuzmich@sb.by




Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter