Нам ёсць што сказаць чытачам

Наконадні Дня беларускага пісьменства, які ў бліжэйшую нядзелю пройдзе ў Барысаве, на пытанні “Народнай газеты” адказаў міністр інфармацыі Уладзімір РУСАКЕВІЧ

— Уладзімір Васільевіч, як правіла, Дзень пісьменства лічыцца своеасаблівай гадавой справаздачай выдаўцоў, пісьменнікаў, журналістаў — усіх, хто мае дачыненне да працы са словам, перад сваімі чытачамі. Сёлета нам ёсць ім што сказаць?
— Так, мы сапраўды якраз да гэтага свята заўсёды падводзім пэўныя вынікі сваёй дзейнасці. Лічбы, зрэшты, гавораць лепш за словы. Так, па стану на 1 верасня ў Міністэрстве інфармацыі зарэгістравана 1286 друкаваных СМІ, у тым ліку 683 газеты, 559 часопісаў, 44 бюлетэні і каталогі. У бягучым годзе мы зарэгістравалі 80 новых перыядычных выданняў, за гэты ж час спынілі сваю дзейнасць 49. Дарэчы, большая частка зарэгістраваных друкаваных СМІ — 889 — недзяржаўныя. Важнейшай падзеяй для сферы стала падпісанне Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам Закона аб сродках масавай інфармацыі. Гэты нарматыўны акт замацоўвае новыя рэаліі развіцця нацыянальнай інфармацыйнай прасторы Беларусі. Хачу падкрэсліць, што яго палажэнні адпавядаюць сусветнай практыцы, у ім ёсць неабходны баланс паміж інтарэсамі сродкаў масавай інфармацыі, журналістаў, дзяржавы і канкрэтных людзей — спажыўцоў прадукцыі СМІ.
Калі гаварыць пра тэндэнцыі развіцця, то найперш варта адзначыць паляпшэнне якасці — дызайну, вёрсткі, паліграфічнага выканання выданняў, увагі да працы з карыстальнікамі Інтэрнета. З’яўляецца шмат спецыялізаваных часопісаў — гэта звязана найперш з развіццём, ростам эканомікі, спажывецкай актыўнасці насельніцтва, што стварае адпаведны попыт.
Дзяржаўную дапамогу атрымліваюць рэдакцыі сацыяльна значных перыядычных выданняў: літаратурна-мастацкіх, культуралагічных, маладзёжных і дзіцячых, адукацыйных, шэрагу масава-палітычных. На гэтыя мэты штогод выдзяляецца каля 5 мільярдаў рублёў. Пры гэтым хачу падкрэсліць, што з кожным годам рэдакцыі ўсё больш сродкаў зарабляюць самастойна. Сёння ўдзельная вага ўласных даходаў у выдатках на выпуск газет і часопісаў перавышае 80 працэнтаў.
Што датычыцца выдавецкай дзейнасці. У першым паўгоддзі на Беларусі выдадзена амаль 6800 найменняў кніг агульным тыражом 26,6 мільёна экземпляраў. Спецыяльна да Дня беларускага пісьменства прымеркаваны выпуск фотаальбома “Барысаў” (выдавецтва “Беларусь”) і зборніка мастацкіх твораў “Барысаўшчына літаратурная. І зоркі над Бярэзінай-ракой” (“Мастацкая літаратура”). З цікавых і маштабных праектаў бліжэйшага часу адзначу выпуск факсімільнага выдання Г.Карцова “Беловежская пуща: 1382—1902” (“Мастацкая літаратура”), а таксама цэлай серыі сучасных фотаальбомаў, прысвечаных 600-годдзю ўстанаўлення запаведнага рэжыму ў Нацыянальным парку (“Беларусь”, Грамадскі прэс-цэнтр Дома прэсы). Выдавецкі дом “Беларуская навука” працягвае выпуск навуковай серыі “Архітэктура Беларусі” — рыхтуецца чацвёрты том у дзвюх кнігах па тэматыцы развіцця беларускага дойлідства XV— першай паловы XVIII стагоддзя. У выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя” завяршаецца праца над шэрагам энцыклапедычных даведнікаў: “Независимая Беларусь: иллюстрированная история. 1991—2008”, “Особо охраняемые территории”, “Курорты и здравницы Беларуси”, “Музеі Беларусі”.
Выдавецтва “Мастацкая літаратура” распачынае новую серыю “Нашы героі”. Першай убачыць свет кніга пра Героя Беларусі, вядомага вучонага, канструктара аўтамабільнай тэхнікі Міхаіла Высоцкага.

(Заканчэнне на 2-й стар.)
— Дзень пісьменства праводзіцца ўжо пятнаццаты раз. За гэты час — за пятнаццаць гадоў, у прынцыпе, можна прасачыць характэрныя з’явы, тэндэнцыі... На ваш погляд, за час існавання Беларусі як суверэннай дзяржавы ў нас склалася нацыянальная школа выдавецтва, журналістыкі? У чым яе адметнасць?
— Лічу, што сёння сапраўды можна гаварыць пра беларускую нацыянальную журналістыку. І галоўнымі адметнымі якасцямі яе прадстаўнікоў, прынамсі, абсалютнай большасці, я назваў бы адказнасць, узважанасць ацэнак і меркаванняў, імкненне да ўдумлівага асэнсавання той ці іншай з’явы. Для нашых журналістаў не характэрны імкненне да “смажаных” сенсацый, кідкія гучныя фразы, за якімі няма сур’ёзнага зместу.
Беларуская школа кнігавыдання мае даўнія традыцыі, ёй таксама ёсць чым ганарыцца. Лепшыя яе ўзоры былі прадстаўлены на нацыянальным конкурсе “Мастацтва кнігі”. Сярод яго пераможцаў — кніга “Мікола Селяшчук. Гучанне музыкі нябёсаў” серыі “Мастакі Беларусі” (выдавецтва “Мастацкая літаратура”), энцыклапедыі “Праваслаўныя храмы Беларусі”, “Каталіцкія храмы Беларусі” (выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя”), навукова-папулярныя выданні “Мужчынскі касцюм на Беларусі” і “Жаночы касцюм на Беларусі” серыі “Культурныя скарбы” (выдавецтва “Беларусь”) і іншыя.
Сведчаннем міжнароднага прызнання працы беларускіх выдаўцоў з’яўляюцца вынікі V конкурсу “Мастацтва кнігі” краін СНД. Кнігі айчынных выдавецтваў атрымалі 9 дыпломаў конкурсу, гэта другое месца пасля Расіі сярод усіх удзельнікаў.
— Нават у самыя няпростыя часы беларускія кнігавыдаўцы не забываліся пра сацыяльна значную літаратуру: падручнікі і дзіцячыя кнігі з’яўляліся заўсёды. Што сёння выпускаюць выдавецтвы па дзяржаўнаму заказу?
— Дзяржава падтрымлівае выпуск сацыяльна значнай літаратуры розных тэматычных кірункаў. Гэта, у першую чаргу, мастацкія творы, у тым ліку для дзяцей, даведачныя, навуковыя, навукова-папулярныя выданні. Прычым большасць з іх — на беларускай мове. Штогод на падтрымку сацыяльна значнай літаратуры праз Міністэрства інфармацыі выдзяляецца амаль 2,5 мільярда рублёў. Вельмі важным лічу аднаўленне выпуску кніг серыі “Школьная бібліятэка” за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. У 2009—2010 гадах для бясплатнага камплектавання школьных бібліятэк будзе выпушчана больш за 30 назваў, найперш творы класікаў беларускай літаратуры.
 Акрамя таго, за кошт дзяржаўных сродкаў праз Міністэрства адукацыі поўнасцю фінансуецца выпуск школьных падручнікаў.
— Калі загаварылі пра падручнікі... У сувязі з пераводам беларускіх школ на 11-гадовае навучанне ў многіх бацькоў і вучняў узнікла пытанне: а ці не будзе праблем з падручнікамі і дапаможнікамі па новай праграме?
— Выдавецка-паліграфічны комплекс краіны здольны своечасова і на высокім узроўні забяспечыць выпуск усіх неабходных падручнікаў і дапаможнікаў. Праблем з гэтым ніякіх не будзе.
— Зараз выдаўцы ўсё больш звяртаюць увагу на электронныя версіі кніг, асабліва тых жа падручнікаў і сацыяльнай літаратуры. Магчыма, хутка кнігі на дысках і інтэрнет-версіі перыядычных выданняў цалкам выцясняць папяровыя аналагі?
— Канешне, і электронныя версіі кніг і перыёдыкі зараз набываюць папулярнасць. Але я ўпэўнены, што дыск ніколі не заменіць для ўсіх кнігу або часопіс, калі яны будуць з выдатнай паліграфіяй, калі іх будзе прыемна ўзяць у рукі. Выдавецтвы і рэдакцыі добра разумеюць, якую канкурэнцыю можа скласці камп’ютэр, таму разам з цікавым зместам (гэта, несумненна, першасны фактар) працуюць і над дызайнам. Да таго ж вялікую папулярнасць набываюць выданні, дзе ў адным камплекце прапануюцца і кніга, і электронны носьбіт інфармацыі.
— Некаторыя прыватныя выдавецтвы працуюць па такім прынцыпе: плаціце грошы — і мы надрукуем усё, што вы напісалі. Нават калі гэта нізкапробнае падабенства мастацкага твора. У выдавецтвах дзяржаўных працуе “кантроль якасці”? Хто вырашае, вартая кніга да публікацыі або не?
— Зразумела, апошняе слова за кіраўніцтвам выдавецтва. Да гэтага з рукапісам працуюць спецыялісты, праводзяцца маркетынгавыя даследаванні з мэтай вызначэння запатрабаванасці будучай кнігі. У нашых выдавецтвах працуюць прафесіяналы, якія здольны выявіць і падтрымаць па-сапраўднаму таленавітыя, цікавыя творы. Пералік сацыяльна значнай літаратуры штогод вызначаецца Міністэрствам інфармацыі па прапановах выдавецтваў, бо дзяржаўныя грошы — гэта вялікая адказнасць. З пункту гледжання афармлення і дызайну такая літаратура ў абавязковым парадку праходзіць праз зацвярджэнне прафесійнага мастацкага савета.
— Вяртаючыся да свята... Чым будзе адметнае сёлетняе, юбілейнае?
— Паколькі свята юбілейнае, адной з асноўных яго тэм будзе гісторыя Дня беларускага пісьменства, яго рух па гарадах Беларусі. Гэтая тэма стане адметнай рысай, адным з асноўных прынцыпаў пры афармленні Барысава. У горадзе з’явіцца плошча гарадоў — сталіц свята, якая будзе падзелена на пляцоўкі, дзе кожны прадставіць сваю адмысловую праграму.
Зразумела, асноўны напрамак мерапрыемстваў — прапаганда беларускай кнігі. На свяце ў Барысаве будуць шырока прадстаўлены кніга і прэса, жыхары і госці горада сустрэнуцца з вядомымі пісьменнікамі, кіраўнікамі выдавецтваў, рэдактарамі і журналістамі сродкаў масавай інфармацыі.
Яшчэ адна адметнасць юбілейнага свята — супадзенне з правядзеннем грамадска-палітычнай акцыі “Мы — беларусы”, у якой удзельнічаюць вядомыя беларускія артысты.
— З кожным годам колькасць гасцей на свяце не змяншаецца. Прычым гаворка не пра пісьменнікаў, выдаўцоў, журналістаў, якія на ім хутчэй гаспадары, а пра звычайных людзей, якія едуць часам за сотні кіламетраў, каб далучыцца да гэтай падзеі. Чым, па-вашаму, можна патлумачыць такую цікавасць да Дня беларускага пісьменства?
— Для беларусаў слова, веды, пісьменства, духоўнасць спрадвеку былі найвялікшымі каштоўнасцямі. Нашы продкі ведалі сілу і цану слова. Нездарма Беларусь дала свету столькі выдатных асветнікаў, літаратараў і навукоўцаў. Дзень беларускага пісьменства — свята асаблівае, свята ўсіх тых, хто нераўнадушна і з павагай ставіцца да роднага слова, духоўных здабыткаў нашага народа, найперш нашай мовы і літаратуры. І ў гэтым сэнсе свята сапраўды агульнанароднае, бо такіх людзей у нас, я ўпэўнены, вельмі і вельмі многа. Кожны год пацвярджае гэта: колькасць гасцей і ўдзельнікаў свята сапраўны не меншае, а павялічваецца. Да таго ж, свята стала ўжо агульнанацыянальным, яно праводзіцца не толькі ў “сталіцах”, гарадах, дзе адбываюцца асноўныя мерапрыемствы. Урокі ў школах, сустрэчы з літаратарамі, навукоўцамі, дзеячамі культуры адбываюцца па ўсёй краіне, і гэта яднае людзей вакол тых каштоўнасцей і ідэалаў, без якіх няма і народа і якія мы павінны захаваць для будучых пакаленняў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter