Легенда Беларускага радыё Iлля Курган расказаў пра сакрэты дыктарскага майстэрства

"Нам не трэба Левiтан, ёсть у нас Iлля Курган"

Легенда Беларускага радыё Iлля Курган пра творчае даўгалецце і сакрэты дыктарскага майстэрства
Легенда Беларускага радыё пра творчае даўгалецце і сакрэты дыктарскага майстэрства


З 15 лістапада 1925 года адлічвае сваю гісторыю Беларускае радыё. А з восені 1949-га і на працягу амаль сарака гадоў наша рэспубліка прачыналася пад прыемны барытон дыктара Іллі КУРГАНА, які сёння, у свае амаль дзевяноста, застаўся нязменным, жыццярадасным і галантным інтэлігентам. Заслужанаму артысту рэспублікі, ганароваму члену Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі Іллі Львовічу пішуць і тэлефануюць яго былыя вучні з розных куткоў свету. Таленавітаму настаўніку ўдзячныя выхаванцы прэзентавалі кнігу «Залаты голас Беларусі. Ілля Курган», дзе сабраны ўнікальныя водгукі пра яго вядомых дзеячаў нацыянальнай культуры — Аляксея Дударава, Барыса Луцэнкі, Валерыя Анісенкі, Ганны Маланкінай і іншых вучняў. І зараз, у паважаным узросце, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Ілля Курган дае слушныя парады маладым творцам. Вытокі беларускага Левітана пачыналіся з урокаў вядомых тэатральных асоб — Яўсцігнея Міровіча, Канстанціна Саннікава, Дзмітрыя Арлова. Яго талент яскрава выявіўся ў многіх радыёпастаноўках, што складаюць залаты фонд Беларускага радыё.

Утульная невялікая кватэра Іллі Львовіча ў цэнтры Мінска перапоўнена кніжнымі шафамі, паліцамі з кнігамі, унікальнымі фотаздымкамі, сувенірамі, усім тым, што вядзе да ўспамінаў пра вытокі мэтра нашай нацыянальнай культуры.

— Ілля Львовіч, у вашай кватэры нельга не заўважыць радыёпрыёмнік. Ці часта ўключаеце яго?

— Без радыё жыцця не ўяўляю, але доўга не вытрымліваю: слых рэжа мова. Мяне запрашаюць у Купалаўскі тэатр на праслухоўванне акцёраў. Не так даўно на праглядзе спектакля «Тата» сядзеў побач са сваім вучнем, а цяпер галоўным рэжысёрам тэатра Мікалаем Пінігіным. З сабою прынёс мініяцюрнае выданне купалаўскай паэмы «Курган». Паказваў акцёрам здымак аўтарскага рукапісу паэмы, дзе слова «ўзьбярэжжы» з мяккім знакам, і чытаць так патрэбна. Ніхто з акцёраў так не вымаўляў. Наша мова па меладычнасці другая ў свеце пасля італьянскай. Трэба вымаўляць «сьнег», а не «снег». Як прыгожа гучаць з падвоенымі зычнымі «натхненне», «каханне». Студэнтам расказваю, як геніяльны Адам Міцкевіч у Каледж дэ Франс у Парыжы перад сусветнавядомымі пісьменнікамі, такімі як Жорж Санд, распавядаў пра мелодыку беларускай мовы. Вялікі гонар для нас — шанаваць яе і несці для нашчадкаў. Радаваўся, калі з атрыманнем дзяржаўнага суверэнітэту Беларусь стала на шлях адраджэння роднай мовы.

— На вашых паліцах мноства кніг пра моўную культуру.

— Цікаўлюся навінкамі моваведаў. Засмучаюся, што зніклі дыктары на Беларускім радыё. Некалі больш за дваццаць прафесіяналаў неслі моўную культуру. Сенсацыяй было, калі раптам праскаквалі не ў тым месцы націск ці вымаўленне ў дыктара.

На Беларускім радыё я займаў пасаду галоўнага рэжысёра дыктарскай групы, сачыў за эфірам. Такой пасады ўжо няма. Уся рэспубліка ведала галасы дыктараў Ліліі Стасевіч, Мікалая Анціпава, Нэлы Аўчыннікавай, Любові Бацвіннік, Галіны Сядзельнікавай, Льва Валодзіна, Галіны Яроменкі, Мікалая Чырыка, Эдуарда Данчанкі. Яны ўпрыгожвалі радыёэфір.

— У дыктарскай групе фарміраваліся творчыя тандэмы. З кім вам было зручней працаваць?

— Так склалася, што па галасавым тэмбры часцей выходзілі ў эфір з цудоўным прафесіяналам Ліліяй Стасевіч. Яе мова была не вывучаная, а натуральная, увабраная з малаком маці. Станоўчы зарад энергіі ў студыі несла дыктар Галіна Сядзельнікава, з якой мы вялі прамыя радыётрансляцыі з дзяржаўных урачыстасцей.

— З чаго пачынаўся ваш шлях у дыктары?

— Хлебаробу дадзены кемлівасць і рукі залатыя, вучонаму — цярпенне і вялікі розум, а мне пашчасціла на голас і доўгі век. Нарадзіўся ў звычайнай сям’і. Карані маці Хасі Аронаўны з Лагойшчыны. Бацькоўскі род з суседніх Плешчаніц. Нарадзіўся я ў Барысаве і імя атрымаў у гонар дзядулі Іллі, якога ніколі не бачыў. Яшчэ тры хлопчыкі папоўнілі нашу сям’ю. Перад вайной у Мінску мы займелі побач з сённяшнім цыркам драўляны дом, невялікі агарод, хлеўчык з жывёлай. Бацька працаваў на заводзе імя Кірава кладаўшчыком, а маці — у раённым аддзеле адукацыі. Яны вышэйшай адукацыі не мелі. Маці прыгожа і пісьменна пісала. На яе пісьмо можна было глядзець, як на мастацкі твор. Пачыналася лета 1941 года. Малодшы брацік Данік з дзіцячым садком выехаў на адпачынак ў прыгарад. І раптам па радыё прагучаў голас Левітана: Германія вераломна напала на Савецкі Саюз.

На другі дзень вайны я сядзеў на ганку дома і лічыў нямецкія бамбардзіроўшчыкі, што знішчалі горад. Усё навокал пылала. Начавалі мы ў прыгарадным лесе. Раніцай вярнуліся і ўбачылі, што на месцы нашага дома толькі комін тырчыць. Усё навокал было разбіта і спалена. Маці турбавалася за шасцігадовага Даніка, але яе супакоілі: дзяцей вывезлі на ўсход краіны. Пешшу адправіліся мы на Барысаў. Побач крочылі і акцёры Маскоўскага мастацкага тэатра, якіх вайна застала на гастролях у Мінску. Нямецкія самалёты нізка пікіравалі над шашой і кулямётнымі чэргамі касілі людзей. Маці падала і пад сябе хавала меншага Аркадзя. Я з братам Іосіфам падалі побач у час налёту варожых самалётаў. Маскоўскіх артыстаў, многія з іх былі сталага ўзросту і не маглі ісці, падабрала крытая аўтамашына. Дабраліся мы да Барысава, але нікога з родных там не засталі і кінуліся на чыгуначны вакзал, адкуль таварнымі вагонамі бежанцаў адпраўлялі ў тыл. Чыгунка ў Мінску была ўжо разбіта. Цягнікі хадзілі толькі да Барысава. А ў нас ні дакументаў, ні грошай з сабой не было. Таварняком праз Маскву паехалі на Самарканд. Там нам далі жыллё. Бацька ўладкаваўся грузчыкам, маці — прыбіральшчыцай. Неўзабаве бацьку прызвалі ў армію, і ён трапіў пад Сталінград, дзе цудам застаўся жывы.

У Самаркандзе мы з сябрам за год здалі экстэрнам экзамены за сем класаў, і на восень я паступіў у чыгуначны тэхнікум, адкуль адразу трапіў на практыку ў Ташкент. Там стаялі паравозныя катлы, і мы павінны былі ў начную змену іх чысціць. Харчаваліся слаба, і я сярод ночы залез паміж труб, каб крыху адпачыць. У мяне была цяжкая кувалда, якая ўратавала ад смерці. Прыгрэўся і заснуў. Усхапіўся ад едкага дыму і гарачыні. Апрануты я быў у тоўстыя брызентавыя штаны і куртку. Побач рабочыя нешта зварвалі аўтагенам. Метал накаліўся, і пякло праз вопратку, а едкі дым засцілаў вочы. Стаў грукаць кувалдай па трубах. Мяне пачулі і пачалі з брандспойта ліць ваду на трубы. Узнялася пара… Ачнуўся толькі тады, калі мяне выцягнулі. Вярнуўся з Ташкента да маці ў Самарканд. Пра браціка Даніка звестак не было, куды толькі не звярталіся. Як навучэнец тэхнікума, меў права бясплатнага праезду на цягніку, і як толькі вызвалілі Беларусь, накіраваўся ў Мінск. Маці на дарогу дала мяшэчак узбекскіх яблыкаў, каб прадаў у Маскве і было за што харчавацца. Дабраўся да сталіцы і пайшоў на маскоўскі базар, дзе мае яблыкі хутка раскупілі. Уладкаваўся на працу на лецішча да маскоўскага юрыста. Там і начаваў. У дзяцінстве я любіў оперу і сам ведаў і спяваў многія арыі.

— І атрымлівалася?

— У Маскве сябра Шаляпіна сказаў мне, што маю багаты голас. У Самаркандзе з прыгарада, дзе мы жылі, я дабіраўся ў цэнтр горада і ў скверы ля вакзала залазіў на пастамент і спяваў, а людзі слухалі і пляскалі ў далоні. І на лецішчы ў багатага юрыста я спяваў арыі, чым здзівіў яго дачку. Яна мяне вадзіла па сталіцы і знаёміла з горадам. А калі прыехаў у Мінск, пайшоў да нашага падворка і ўбачыў непадалёку выставу трафейнай зброі. На месцы нашага дома стаяў нямецкі трафейны бранявік. Увечары я вярнуўся на вакзал і ўсю ноч рабіў выгляд, што чакаю цягніка. Калі на другую ноч таксама круціўся на вакзале, да мяне падышла дзяжурная. Расказаў ёй, што дом згарэў, сям’я яшчэ не вярнулася з эвакуацыі, а я прыехаў паступаць вучыцца.

Паабапал былой вуліцы Савецкай, якая стала праспектам Незалежнасці, усё чарнела, як і каля нашага дома. Праз некалькі дзён там я сустрэў бацьку. Мне ад голаду стала млява, і ён падхапіў мяне. Бацька вярнуўся з Германіі і прыйшоў да папялішча са спадзяваннем, што можа хто з сям’і з’явіцца. Ён уладкаваўся на працу ў ЦК Кампартыі Беларусі, і ў яго было месца ў інтэрнаце. Мы ўдваіх на ложку спалі, раніцай хадзілі ў сталоўку. Неўзабаве вярнуліся з эвакуацыі маці і мае два браты. І тут выпадкова і нечакана ад знаёмай жанчыны даведаліся, што дзяцей садка, дзе быў Данік, прывезлі ў Мінск. Брацік знайшоў старэйшую маміну сястру, якая не змагла пешшу эвакуіравацца і з мужам засталася ў горадзе. Іх і Даніка схапілі фашысты і адправілі ў душагубку.

— У якім годзе вы сталі студэнтам?

— Як толькі прыехаў у Мінск, спытаўся, дзе размешчаны тэатральны інстытут. Ніхто не ведаў. Побач з Домам друку знаходзіўся кааператыўны тэхнікум. На базе яго і адкрылі тэатральны інстытут. У той цяжкі пасляваенны час скарачалі штаты ў тэатрах, але студэнтаў у інстытут набіралі. Вядомая актрыса Купалаўскага тэатра Лілія Стасевіч так стала дыктарам Беларускага радыё і колькі працавала, даволі высока трымала планку моўнай культуры. Я дыктарам радыё стаў выпадкова. Мяне размеркавалі на працу ў віцебскі тэатр імя Якуба Коласа, а я закахаўся ў першакурсніцу нашага інстытута Ірыну Андрэеву. Так супала, што наш выпускны курс запрасілі на праслухоўванне ў студыю Дома радыё. Кіраўнік дыктарскай групы Уладзімір Юрэвіч прапанаваў адзінаму мне пасаду дыктара-стажора. Так я і застаўся ў Мінску. Ірына вельмі моцна кахала мяне. У ЗАГСе, што каля кінатэатра «Перамога», мы сталі нясмела гаварыць, што хочам зарэгістраваць шлюб, а загадчыца акінула позіркам мяне і нявесту і прамовіла, што, канешне, самы час рэгістравацца. Нарадзіўся першынец Валодзя, які стаў прафесійным акцёрам тэатра, а другі сын Сяргей закончыў Мінскі інстытут замежных моў. Жыве ў Германіі і мастацкія кнігі піша, якія карыстаюцца папулярнасцю.

— Ілля Львовіч, а ўнукамі вас сыны ашчаслівілі?

— Гэта пачатак маёй трагедыі. Жонка не дачакалася ўнукаў. Яна працавала гукарэжысёрам музычных праграм Беларускага радыё.

— Сваё першае творчае хрышчэнне як дыктара памятаеце?

— Хіба такое забудзеш! Калі мяне залічылі ў штат дыктараў, на свята Кастрычніцкай рэвалюцыі па загадзе кіраўніцтва радыё прымаў удзел у трансляцыі парада ў Мінску. На супрацьлеглым баку ад помніка Леніну стаяў будынак з балкончыкам, з якога мы вялі рэпартаж. Па чарзе дыктары мяняліся каля мікрафона. Гэта было маё прафесійнае хрышчэнне.

— Хваляванне ахоплівала?

— Мяне трэсла. Але быццам з нябёсаў пасылалася нейкая магутная сіла — і адыходзіла хваляванне. На балкончыку працаваў у пары з вопытнай Любоўю Бацвіннік. Пасля завяршэння ўрачыстасцей віншавалі з паспяховым дэбютам. На радыё так уцягнуўся ў працу, што абедаў пасля дзевяці вечара. Чытаў апошнія паведамленні, афіцыйныя дакументы партыйных з’ездаў, пастановы партыі. Не было і хвіліны вольнай. Паспяваў і на заняткі ў інстытут.

— Не спазняліся на эфіры?

— За чатыры дзесяцігоддзі такога ніколі не было. Амаль сорак гадоў, як салдат, роўна ў 6 гадзін раніцы прамаўляў: «Гаворыць Мінск!»

— Адкуль прозвішча Курган?

— Гэта дзявочае прозвішча маці. Мне падказалі супрацоўнікі радыё яго ўзяць, таму што гучыць прыгожа — дыктар Ілля Курган. На дысках запісаны многія літаратурныя творы беларускіх класікаў у маім выкананні. У прыватнасці радыёспектаклі Янкі Купалы «Прымакі», Эдуарда Самуйлёнка «Паляўнічае шчасце», Аркадзя Куляшова «Сцяг брыгады», Міхася Лынькова «Векапомныя дні», Уладзіміра Дзюбы «Доктар Русель», паэмы Янкі Купалы «Курган», Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш», Якуба Коласа «Новая зямля», Пятруся Глебкі «Мужнасць», Паўлюка Труса «Дзясяты падмурак», вершы Максіма Багдановіча і Пятруся Броўкі.

— Усё гэта запісвалася, памылкі можна было выправіць, а як працавалася ў прамым эфіры?

— Было такое, што чытаў, а тэкста не бачыў. У дзень народзінаў Сталіна па графіку павінен быў весці эфір пасля абеду, але з раніцы мяне выклікалі на радыё і перадалі тэкст «Сталін і армія», атрыманы па тэлетайпе з Масквы. На працягу дня дыктары агучвалі тэксты «Сталін і моладзь», «Сталін і народ». У эфіры заўважыў памылку ў тэксце. Невядомым пачуццём адчуў, што трэба чытаць «Сталін — прычына баяздольнасці савецкай арміі», а не «бяздольнасці», як было ў тэксце. Пасля эфіру патэлефанаваў рэдактару і папрасіў падняцца ў дыктарскі пакой. Устрывожаная журналіст зайшла ў пакой высветліць, што здарылася. Супакоіў яе і даў прачытаць старонку з памылкай. На вачах зпалатнела і кінулася абдымаць мяне, прыгаворваючы: «Дзякую, што ўратавалі маіх дзетак ад сіроцтва». Дыктар, як сапёр, толькі раз меў права памыліцца.

— Памылак у эфіры вы не дапускалі?

— Былі самыя неардынарныя сітуацыі, але ў эфіры было ўсё гладка. Намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні Міхаіл Суша, які і зараз жыве ў сталіцы, загадаў неадкладна прачытаць важны палітычны дакумент. У дыктарскай кабіне толькі паспеў позіркам прабегчы па старонках тэксту. За пультам працаваў гукарэжысёр, і каля яго тоўпіліся людзі. Сканцэнтраваўся, уключыў мікрафон. Вачыма чытаў на рускай мове, а агучваў па-беларуску. Матэрыял быў агромністы. Падзякавалі за ўдачу.

— Ілля Львовіч, мне дваццаць гадоў давялося працаваць на Беларускім радыё, але не ведаў, што такое было. І ўсё ж, ваш самы залаты час на радыё?

— Калі працаваў у пары з заслужанай артысткай Беларусі Галінай Сядзельнікавай. Яна страціла зрок і цяпер прыкаваная да ложка. Яе даглядае дачка Наталля, вядомая тэлегледачам па музычных праграмах Беларускага тэлебачання.

— Якія радыёперадачы вам былі бліжэй да сэрца?

— Любіў літаратурныя праекты, з задавальненнем агучвалі мы з Галінай Сядзельнікавай, Ліліяй Стасевіч, Галінай Яроменка радыёперадачы пра людзей беларускай вёскі. Па прыродзе быў больш скіраваны да чытання і маўлення вясковай тэматыкі. Неаднойчы выязджалі ў гаспадаркі, дзе ладзілі сустрэчы з хлебаробамі.

— Ведаю, што вы сябравалі з легендарным Юрыем Левітанам.

—  Пазнаёміўся  з  ім,   калі разам з мінскага стадыёна «Дынама» вялі святочны рэпартаж. З таго часу падтрымлівалі сяброўскія адносіны. Аднойчы ў Мінску была вялікая ўрачыстасць у Палацы спорту. Беларусь рыхтавалася да прыезду Брэжнева і шматлікіх дзеячаў камуністычнага руху розных краін. Мне загадзя было даручана весці рэпартаж. За дзень да гэтага ў Мінск прыехаў Юрый Левітан і завітаў на радыё. Прапанаваў яму правесці гэты эфір. Узгаднілі з кіраўніцтвам і дамовіліся раніцай сустрэцца. Левітан яшчэ пажартаваў, што слухачы могуць напужацца ад яго голасу. Юрыю Барысавічу выдалі пропуск на ўрачыстасць. Раніцай мы пайшлі з ім да Палаца спорту пешшу. Мяне прапусцілі, а яго пропуск дазваляў толькі прайсці ў глядзельную залу. Я звярнуўся да знаёмага палкоўніка, і ён не толькі прапусціў Левітана, а яшчэ даў у суправаджэнне афіцэра. У вестыбюлі Палаца спорту да Левітана кінуўся маскоўскі журналіст і звёў яго. Праз нейкі час трэба было пачынаць прамую радыётрансляцыю, а Левітан з тэкстам, перакладзеным на рускую мову, не з’явіўся. Забягае журналіст Беларускага радыё Анатоль Зэлікаў і працягвае мне выпадкова ўзяты ім з сабою беларускамоўны тэкст рэпартажу. Трэба было паспець да пачатку афіцыйнага адкрыцця прачытаць прозвішчы замежных гасцей і закончыць прадстаўленне Пятром Машэравым. Складаныя прозвішчы нават цяжка з першага разу вымавіць. Гляджу ў манітор, што Машэраў ужо збірае паперкі, вось-вось пачнецца адкрыццё. Як толькі назваў Пятра Міронавіча, ён, як па дамоўленасці, устаў і пачаў прамову. У дыктарскую кабіну заляталі мае кіраўнікі і віталі з удачай. Калі я чытаў тэкст, побач сядзеў адказны работнік і яго рука ад напружання зсінела. З’явіўся і Юрый Левітан і быў здзіўлены, што па такой скамечанай паперцы без адзінай памылкі назваў усіх замежных гасцей, і ён выпаліў: «Вам не нужен Левитан, есть у вас Илья Курган». Гэта пачулі журналісты, і ў беларускіх газетах надрукавалі: «Нам не трэба Левітан, ёсць у нас Ілля Курган».

— За што вам прысвоілі званне заслужанага артыста?

— За чытанне літаратурных твораў, а ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў за педагагічную дзейнасць атрымаў званне прафесара. Ордэнаў няма. Затое — сем ганаровых грамат Вярхоўнага Савета Беларусі.

— Ілля Львовіч, што самае галоўнае для чалавека?

— Калі ён запатрабаваны грамадствам ці патрэбны нават камусьці аднаму...

Уладзімір СУБАТ

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter