Налібок, Белавежка або проста Янка

Што павінна быць галоўным крытэрыем пры выбары імя для Зубраняці – талісмана чэмпіянату свету па хакеі з шайбай, які наша краіна прыме ў 2014 годзе?

Што павінна быць галоўным крытэрыем пры выбары імя для Зубраняці – талісмана чэмпіянату свету па хакеі з шайбай, які наша краіна прыме ў 2014 годзе?

Штодзень рэдакцыя “НГ” атрымлівае мноства лістоў з прапановамі імёнаў для Зубраняці. Па разнастайнасці ідэй відаць, што народная фантазія не мае межаў. Дарэчы, менавіта дзякуючы чытачам “НГ” у якасці талісмана чэмпіянату свету была абрана выява Зубраняці. Цяпер засталося толькі абраць імя для каларытнай жывёліны на каньках. Каб дапамагчы вам, паважаныя чытачы, у творчым пошуку, карэспандэнт “НГ” даведалася аб прыярытэтах, на якія можна было б арыентавацца пры падборы імя для Зубраняці, звярнуўшыся да доктара філалагічных навук, прафесара, загадчыка кафедры тэорыі літаратуры філалагічнага факультэта БДУ Вячаслава РАГОЙШЫ.

— Імёны ў розныя часы выклікалі мноства цікавых пытанняў, — расказвае Вячаслаў Пятровіч. — Але навука толькі ў апошняе стагоддзе адорвае сваёй увагай такую галіну ведаў. Зараз, калі мы жывём у інфармацыйны век і кожны карыстальнік камп’ютара мае адразу некалькі мянушак або “нікаў” у розных сацыяльных сетках, навуку аб імёнах — анамастыку (ад грэчаскага — “анома”, што значыць “імя”) — можна лічыць сёння ледзь не самай папулярнай.

— Якія прынцыпы, на ваш погляд, пры падборы імя для талісмана чэмпіянату свету павінны быць прыярытэтнымі?

— Як мне здаецца, было б мэтазгодным галоўным крытэрыем пры падборы імя для Зубраняці ўлічваць нацыянальны беларускі каларыт. А як жа інакш? Уявіце сабе, што чэмпіянат свету праходзіў бы ў нашых краінах-суседках. Там абавязкова ў сімволіцы выкарысталі б герояў сваёй вуснай народнай творчасці або міфалогіі. Яшчэ адзін важны момант — улічваць гучанне імя і магчымасць яго вымаўлення замежнымі гасцямі. Яны не павінны аб яго “ламаць язык”. Паколькі анамастыка сёння ступае далей і вывучае пытанні, звязаныя таксама з псіхалогіяй, псіхікай, тэмпераментам і характарам, важна іх улічыць і пры падборы імя Зубраняці. Які ён, зубр? Прысадзісты, камлюкаваты, невысокі, спакойны, цярплівы... І імя павінна адпавядаць яго вобліку.

— На пошту “НГ” прыходзяць розныя прапановы. Жывёліну называюць і Кузем, і Васем, і Франікам, і Белавежкам...

— Прывязанасць да знакавых геаграфічных аб’ектаў нашай краіны, а таксама вядомых постацяў Беларусі таксама магчымая. Адштурхнуцца ў выбары імя дапамагла б агульная ідэя чэмпіянату. Да прыкладу, браняносец — талісман чэмпіянату свету па футболе, што адбудзецца ў чэрвені гэтага года ў Бразіліі, — атрымаў імя Фулека, вылучанае ад слоў “футбол” і “экалогія”, таму што  адна з ключавых задач чэмпіянату — інфармаванне пра важнасць экалогіі і навакольнага асяроддзя.

— Якое б імя зубраняці-хакеісту далі б вы?

— А я назваў бы Зубраня славянскім імем Янка. Яно часта сустракаецца сярод імёнаў нашых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў: Янка Купала, Янка Журба, Янка Маўр, Янка Брыль... А колькі народных песень, дзе галоўны герой — мужчына з такім імем!.. І сёння лічыцца адным з самых папулярных не толькі ў Беларусі, але і ў краінах Заходняй Еўропы. Прычым яго носьбітамі становяцца і мужчыны, і жанчыны.

 Шаноўныя чытачы! Дасылайце свае лісты з прапановамі імёнаў для Зубраняці, а таксама гісторыі пра яго на электронны адрас рэдакцыі gmos@ng.by або па пошце. Свае варыянты можна пакінуць і на сайце www.ng.by у каментарах, а таксама прагаласаваць за найбольш удалыя з тых, што ўжо прапанаваны.
Прыдумаем імя для Зубраняці разам!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter