Наколькі, на ваш погляд, важная для грамадства і канкрэтнага чалавека гістарычная памяць? Спытала “НГ” у пачатку тыдня, на працягу якога і каталікі, і праваслаўныя ўспамінаюць сваіх продкаў.

Леанарда ГАРАНІНАВА, пенсіянерка:
— Гістарычная памяць вельмі патрэбная — і для продкаў, і для нашага пакалення. Моманты мінулага — гэта сапраўдныя ўрокі для нас, нашых дзяцей і ўнукаў. Моладзь трэба вучыць: хто не памятае мінулага, не мае будучыні.

Юлія КАЗЛОВА, студэнтка БНТУ:
— Немагчыма ўявіць сабе жыццё без традыцый, свят. У маім невялікім горадзе Чашнікі Віцебскай вобласці шырока святкуецца Купалле. Захаваць мінулае народа дапамагаюць архітэктурныя помнікі і музеі, што ў вялікай колькасці маюцца ў краіне. Нядаўна была ў музеі Якуба Коласа. Адна справа — чытаць кніжкі, іншая — ледзь не памацаць рукамі рэчы, якімі карыстаўся наш вялікі класік.

Святлана ПАТАПЕНКА, выкладчык БНТУ:
— Мы павінны ведаць свой радавод, сваіх продкаў, людзей, якія абаранялі нашу Радзіму. Памятаць павінны і тыя, хто мае багаты вопыт, і тыя, хто толькі нарадзіўся. Маладым трэба расказваць пра краіну, пра герояў, пра  простых людзей. Напрыклад, мой прадзед быў печніком, а сама я атрымала вышэйшую адукацыю. Я ганаруся ім — ён быў лепшым печніком у Клічаўскім раёне.

Міхаіл ЯФІМЕНКА, супрацоўнік Рэспубліканскага цэнтра алімпійскага рэзерву па гандболу:
— У кожнага чалавека павінна быць нешта святое ў душы. Гэта наша памяць. Памяць пра свой род ці месца, дзе чалавек жыве. Няправільна жыць без гісторыі... Радуе, што скончыліся тыя часы, калі забаранялася хадзіць у царкву, на могілкі. Людзі зноў навучыліся памятаць.

Іван ЛІННІК, студэнт Ваеннай акадэміі:
— Памятаючы, мы падкрэсліваем сваю павагу да памерлых продкаў. Я ўдзячны сваёй маці-настаўніцы, якая паказала мне, як трэба адносіцца да гісторыі, прывучыла хадзіць у музеі, тэатры, шмат расказвала пра маіх бабуль і дзядуляў. Дзякуючы гэтаму я больш трывала і ўпэўнена адчуваю сябе ў жыцці.

Вера БУЦЬКО, студэнтка Мінскага тэхналагічнага каледжа:
— Як не схадзіць на могілкі да тых, хто некалі быў з намі, хадзіў па той жа зямлі, што і мы?! Не ўскласці кветкі ці не паставіць свечкі?! На памяці асноўваецца сучаснае грамадства. Гісторыя, як добры павучок, пляце срэбнае павуцінне ў памяці, злучаючы мінулае і сучаснасць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter