Надзейны прытулак для нацыянальнай спадчыны

Да 85-годдзя Дзяржаўнай архіўнай службы Беларусі
Г. Запартыка разам з прафесарам Б. БелаказовічамСярод нашых дакументальных сховішчаў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (БДАМЛІМ) з’яўляецца адным з самых буйных. У ім сёння захоўваюцца звыш 450 фондаў і калекцый, створаных на аснове асабістых архіваў пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў, артыстаў, архітэктараў, а таксама творчых саюзаў, выдавецтваў, тэатраў, рэдакцый газет і часопісаў. Ёсць багатыя фонды Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні, на кінастудыі “Беларусьфільм” і гэтак далей.

Дырэктарам БДАМЛІМ з’яў-ляецца Ганна Запартыка. Па яе ініцыятыве і пад яе кіраўніцтвам тут выдадзена нямала зборнікаў, праведзена багата канферэнцый, тэматычных і персанальных выстаў. Наша сустрэча адбылася ў старажытным будынку БДАМЛІМ па вуліцы Кірыла і Мяфодзія, 4.

— Ганна Вячаславаўна, наколькі мне вядома, архівісты краіны цяпер рыхтуюцца да ўрачыстага пасяджэння, прысвечанага юбілею архіўнай службы Беларусі. А як гэтая падрыхтоўка выглядае на ўзроўні вашага архіва-музея?

— У канцы мая мы якраз праводзім VІІ Узвышаўскія чытанні, прысвечаныя тэме “Купаліяна ў дзяржаўных архівах”. Натуральна, матэрыялы потым надрукуем, як ужо апублікавалі даклады ІІІ і ІV чытанняў. Вось вам, калі ласка, кніжка ў падарунак для рэдакцыі.

— Шчыра дзякую. Бачу, зборнік атрымаўся змястоўны: грунтоўна і ўсебакова раз-гледжана ў ім спадчына Тодара Кляшторнага і Паўлюка Труса… Вернемся, аднак, да сёлетніх юбілеяў. Мусіць, вы не абыдзеце ўвагай і 125-ю гадавіну з дня нараджэння Якуба Коласа?

— Зразумела, не. Восенню ў нас адбудуцца традыцыйныя “Архіўныя чытанні”. І на гэты раз мы засяродзім увагу на рукапісах і дакументах аўтара “Новай зямлі”. Дарэчы, вось вам яшчэ і друкаваныя матэрыялы І—ІІІ “Архіўных чытанняў”.

— З гэтым выданнем я ўжо знаёмы. Але з задавальненнем і ўдзячнасцю бяру экземпляр для падручнай бібліятэчкі рэдакцыі. Тым больш, што тут многа даведачнага матэрыялу — пра тое, што і дзе захоўваецца ў мінскіх архівах, пра архівы асабістага паходжання як складовую частку інфармацыйнага рэсурсу грамадства, падзеі Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі ў архіўных дакументах. Прытым апошнія дзве тэмы распрацаваны вамі так шырока ўпершыню… Аднак пяройдзем да асноўнага пытання — пра вашы фонды. Чыя спадчына прадстаўлена ў вас найбольш шырока?

— З пісьменнікаў — гэта Багдановіч, Брыль, Быкаў, Гарэцкі, Каганец, Куляшоў, Лынькоў, Мележ, Танк, Шамякін, з кампазітараў — Багатыроў, Глебаў, Залатароў, Семяняка, з акцёраў — Макарава, Малчанаў, Платонаў, Станюта, Уладамірскі, Янкоўскі, са спевакоў — Александроўская, Балоцін, Забэйда-Суміцкі, Млодак, з мастакоў і скульптараў — Ахрэмчык, Волкаў, Глебаў, Грубэ, Кашкурэвіч, Марыкс, Тычына. Пералік можна прадоўжыць.

— У вашым пераліку амаль усе — айчынныя творцы. З замежжа — толькі Забэйда-Суміцкі, знакаміты беларускі тэнар, які жыў і памёр у Чэхіі. Я ведаю, колькі часу і энергіі ваш архіў-музей у свой час затраціў, каб перавезці яго архіў і памятныя рэчы з Прагі ў Мінск. Але ж Забэйда-Суміцкі, відаць, не выключэнне?

— Хутчэй, пацвярджэнне агульнага правіла: не важна, дзе творца жыў ці жыве, на радзіме ці ў дыяспары. Важны яго ўклад у беларускую культуру ці, шырэй, шматэтнічную культуру Беларусі. Таму ў нас ёсць фонды А. Алехніка з Аўстраліі, М. Швэдзюка з Вялікабрытаніі, У. Дудзіцкага і В. Кіпеля з ЗША, В. Целеша з Латвіі, С. Яновіча з Польшчы, А. Бабарэкі, сям’і Гарэцкіх, М. Каспяровіча, А. Каўкі і І. Ласкова з Расійскай Федэрацыі, У. Кіркевіча з Украіны. Першы з іх быў намі атрыманы пры вашым пасрэдніцтве.

— Так, памятаецца, як давялося ўдзельнічаць у перавозе папераў і асабістых рэчаў Алехніка, ужо нябожчыка, на апошнім этапе — з Вільнюса ў Мінск. Згадваецца, неяк з замежжа адна журналістка пазваніла мне і спытала: ці не лічу я, што найлепш захоўваць літаратурныя рукапісы нашых суайчыннікаў на Беласточчыне, у Беларускім музеі ў Гайнаўцы. Я адказаў, што копіі можна, але арыгіналы — ні ў якім разе. Бо хто з даследчыкаў паедзе ў Гайнаўку вывучаць іх? Рукапісы беларусаў павінны захоўвацца на іх этнічнай радзіме, быць даступнымі. Алехнік першы адгукнуўся на той заклік. І, здаецца, не памыліўся. Яго архіў ужо апрацаваны, даступны чытачам?

— Так, ужо гэтым архівам карыстаюцца. Па слядах Алехніка пайшлі іншыя суайчыннікі. Напрыклад, прафесар Базыль Белаказовіч з Варшавы. Ён летась перадаў нам рукапісы сваіх шматлікіх прац пра польска-беларускае культурнае ўзаемадзеянне. Вось на гэтым здымку вы бачыце яго каля будынка нашага музея. Было гэта восенню мінулага года.

— А ў перспектыве — хто яшчэ выступіць дабрадзеем вашага архіва-музея?

— Неўзабаве паеду ў Польшчу — у гарады Бяла Падляска і Торунь. Там жывуць сваякі Уладзіславы Луцэвіч, Янкі Лучыны, віленскага беларускага дзеяча Антона Няканды-Трэпкі. У іх ёсць успаміны, лісты, фатаграфіі.

— Яшчэ раіў бы ў Торуні, ва універсітэцкай бібліятэцы, глянуць на архіў Яніны Гурыновіч. Яна была прафесарам біялогіі Торуньскага універсітэта, пляменніцай беларускага, рускага і польскага паэта Адама Гурыновіча. Лісты да яго ў вас ужо захоўваюцца, а вось перагледзець фотаальбомы Гурыновічаў — нялішне.

— Як і паперы былога дырэктара Віленскага беларускага музея Мар’яна Пецюкевіча, які ў апошнія гады свайго жыцця працаваў у Торуні… А што яшчэ? У Маскве трэба паглядзець рукапісы пісьменнікаў Івана Бурсава і Міхайлы Грамыкі, у Санкт-Пецярбургу — Аўгінні Кавалюк і Анатоля Кірвеля. Папярэдняя згода апошніх ужо атрымана.

— Памятаецца, некалькі гадоў таму, выступаючы ў Ветрыне на Полаччыне на канферэнцыі, прысвечанай 145-годдзю з дня нараджэння пецярбургскага асветніка прафесара Браніслава Эпімаха Шыпілы, вы, Ганна Вячаславаўна, гаварылі пра неабходнасць выдання яго спадчыны, у тым ліку складзенай ім славутай “Хрэстаматыі”, асобнай кніжкай. Як хутка здзейсніцца гэтая задума?

— Можа яшчэ ў гэтым годзе. Рыхтуецца том Эпімаха Шыпілы для вядомай серыі “Беларускі кнігазбор”.

— А чым яшчэ парадуеце чытачоў?

— Плануем выдаць матэрыялы, звязаныя з Міхасём Забэйдам-Суміцкім.

— То — спору ў працы, у збіранні і выданні нашай спадчыны. Нібы тыя карэнні ў дрэва, фундамент у будынку, яна ўмацоўвае, робіць устойлівым наша сённяшняе быццё.

Гутарыў Адам Мальдзіс
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter