Надзея на сябе і красавік

На Старадарожчыне сельгастэхніка ў любую хвіліну гатова ў поле

У Старадарожскім раёне сельскагаспадарчая тэхніка ў любую хвіліну гатова выйсці ў поле

Працяглая зіма не на жарт выпрабоўвае аграрыяў — на сяўбе ім давядзецца працаваць паскоранымі тэмпамі. Сельгаспрадпрыемствы Старадарожчыны знаходзяцца ў гатоўнасці №1, і хоць у пераважнай большасці на палетках яшчэ ляжыць снег, першыя крокі ўжо зроблены.

Як расказаў першы намеснік старшыні Старадарожскага райвыканкама Адам Ільюшчэня, тры гаспадаркі выбарачна пачалі падсеў траў і на 10 красавіка падсеялі 200 га. Па яго словах, па-сапраўднаму аграрыі плануюць выйсці ў поле пасля 15 красавіка. «Раён поўнасцю гатовы да пасяўной. Падрыхтавана і ўкамплектавана тэхніка. Асноўны ўпор робіцца на энерганасычаныя трактары, якіх у раёне 25. Гэтыя магутныя машыны з глебаапрацоўчымі пасяўнымі агрэгатамі дазволяць правесці сяўбу ранніх збожжавых і зернебабовых культур на працягу 10 дзён. У Старых Дарогах мы павінны пасеяць збожжавыя менавіта ў красавіку, бо майскія пасевы, як сведчыць навука і практыка, да 30 % зніжаюць ураджайнасць. На аператыўнасць настроены кадры, праведзена іх вучоба», — адзначае Адам Ільюшчэня.

Пакуль на палетках яшчэ ляжыць снег, аграрыі займаюцца пратручваннем насення, вядзецца актыўная работа з арганікай, назапашваюцца мінеральныя ўдабрэнні. У раёне ёсць усё неабходнае для таго, каб аператыўна правесці перасеў азімых. Відавочна, што на асобных участках іх гібелі не пазбегнуць, бо снег лёг на незамёрзлую зямлю. «Агледзелі пасевы азімага рапсу, якія вызваліліся ад снегу, у цэлым яны ў здавальняючым стане», — расказаў першы намеснік старшыні райвыканкама.

Сёлета на Старадарожчыне пасяўныя плошчы складуць 21 тыс. га. З іх на 6 тыс. га запланавана вырошчванне збожжавых, на 11 тыс. га — кукурузы, больш за 2 тыс. га зоймуць аднагадовыя культуры, 300 га — бульба. Да таго ж у раёне мяркуюць заняцца вырошчваннем люцэрны, якая дазволіць скараціць дэфіцыт расліннага бялку ў кармах. Пакуль падабралі толькі 500 га люцэрнапрыдатных зямель, пад іх заказана насенне.

У адкрытым акцыянерным таварыстве «Арэса-агра» тэхніка ўжо даўно знаходзіцца на лінейцы гатоўнасці і чакае свайго часу. Дырэктар ААТ Іван Сідлярэвіч упэўнены, што яна не падвядзе: «Усе машыны і агрэгаты рамантавалі ўласнымі сіламі. Для гэтага ў нас дастаткова і сродкаў, і кваліфікаваных спецыялістаў, у мінулым годзе гаспадарка забяспечыла 44,6 % рэнтабельнасці вытворчасці». Машынна-трактарны парк сельгасарганізацыі налічвае 25 адзінак тэхнікі. Галоўны інжынер Вячаслаў Бухал, які на пасадзе ўжо 20 гадоў, расказвае, што своечасовае планава-тэхнічнае абслугоўванне і планавы рамонт тэхнікі — непахісны закон. Таму і праходзяць гэтыя мерапрыемствы ў час і без мітусні. На базе ААТ «Арэса-агра» нават праводзіцца вучоба, вопыт пераймаюць калегі з іншых гаспадарак.

«Асноўная ўдарная сіла — магутны «Фэндт», на якім працуе вопытны і адказны механізатар. Пасяўныя плошчы ў нас невялікія — раннімі яравымі культурамі неабходна засеяць 275 га. Усяго ж яравы клін збожжавых і зернебабовых складае 745 га. Без сумнення, работы правядзём хутка, думаю, што на гэта хопіць тыдня», — адзначае Іван Сідлярэвіч.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter