ТОП-темы

Надыхацца паветрам Айчыны

10:32, 2 октября 2014
Таленавітая спявачка Юлія Руцкая родам з Віцебска, а сольная кар’ера яе складваецца ў Кыргызстане
Кацярына Мядзведская

Таленавітая спявачка Юлія Руцкая родам з Віцебска, а сольная кар’ера яе складваецца ў Кыргызстане

ruckaya.pngЮлія прылятала з Біш­кека: паўдзельнічаць у Другім фестывалі мастацтваў беларусаў свету. Побач з ёй і тата ездзіў на экскурсію па Коласаўскіх мясцінах на Стаўпеччыну, у аграгарадок Стары Свержань, быў на канцэртах у Мінску ля Палаца спорту і ў Белдзяржфілармоніі. Георгій Руцкі хваляваўся за дачку — і ў яе ўсё добра атрымалася. Ён са старэйшай Юлінай сястрой жыве ў Мінску. Юлія на­радзілася ў Віцебску, потым Руцкія жылі ў Бішкеку: туды Георгія Руцкага запрасілі працаваць міністрам лёгкай прамысловасці, а ў 90-х, пасля распаду Саюза, ён быў паслом Беларусі ў Кыргызстане. І надышоў час яму вяртацца на Радзіму, а Юлія збіралася паступаць ва ўніверсітэт. Тады на сямейным савеце вырашылі: бацька і старэйшая дачка едуць у Мінск, а маці з Юліяй застаюцца, пакуль дзяўчына не скончыць вучобу. Ды жыццё склалася інакш.

“Сольную кар’еру пачала ў Кыргызіі, — гаворыць зямлячка. — Цяпер цяжка нешта мяняць: там мае слухачы, напрацоўкі і нават група, якую прадзюсірую...” Па першай адукацыі Юлія палітолаг, ды музыка, якая ў жыцці была з дзяцінства, прывяла ў кансерваторыю, заняла адно з галоўных месцаў.

Юлія прадстаўляла Кыр­гызію на міжна­род­ных конкурсах і фэстах у Італіі, Іспаніі, Эстоніі, Бал­гарыі, на Мальце. Мае шэраг узнагарод, у тым ліку два Гран-пры з конкурсаў у Малдове і Македоніі. “Цяжка, калі ты не прадстаўнік тытульнай нацыі: больш даводзіцца даказваць, што ты не горшы, — гаворыць Юлія. — А я вельмі ганаруся, што беларуска. Дзе б ні выступала, заўсёды кажу пра гэта”.

На кыргызкай эстрадзе беларуска стала выконваць песні на кыргызкай мове, чым і прыцягнула ўвагу гледачоў. Апошняя яе песня гучыць па радыё- і тэлеканалах, і ўсе хіт-парады яе ўключаюць, і канцэрты заканчваюцца ёй. Кыргызы часта запрашаюць нашу зямлячку паспяваць на вяселлях. “Гэта даўняя вясельная песня пра каханне, — удакладняе Юлія. — Яна ў маім выкананні быццам набыла новае жыццё. Многія кажуць: спяваю нават лепей за кыргызаў, і для мяне гэта моцны камплімент”.

Сёлета ў маі быў першы сольны канцэрт Юліі Руцкай у нацыянальнай фі­лармоніі. Большасць гле­дачоў — кыргызы, а пад канец выступлення ўсе стоячы апладзіравалі, не адпускалі беларуску са сцэны, крычалі “Біс!”. Яна тонка адчувае кыргызкія песні, спявае і рускія, бела­рускія. Марыць часцей бываць на Бацькаўшчыне і ад­нойчы пакарыць майстэрствам і землякоў. У 2004-м стала дыпламанткай конкурсу маладых выканаўцаў на “Славянскім базары ў Віцебску”, удзельнічала ў Першым фэсце мастацтваў беларусаў свету, таксама ў Віцебску. Магчыма, праз нейкі час спявачка прыедзе ў горад дзяцінства і з сольным канцэртам.

Яна казала мне: вельмі шчаслівая ад таго, што ёй давялося зноў пабываць на Бацькаўшчыне, сустрэцца з татам і старэйшай сястрой, надыхацца паветрам Айчыны. А такога цудоўнага паветра, кажа спадарыня Юлія, няма больш анідзе ў свеце. І калі б, жартуе, магчыма было сабраць у якой шклянцы непаўторныя водары траў, грыбоў ды кветак Беларусі — абавязкова ўзяла б гэты цуд з сабою.

Ирина ОВСЕПЬЯН
Ирина ОВСЕПЬЯН
Институт беспамятства