Над Вербаўкай-ракой

Дзіўна, але факт: у аграгарадку Расна Дрыбінскага раёна аж дзевяць вуліц! Кожны жыхар з гордасцю растлумачыць, што многія з іх засталіся яшчэ з таго часу, калі вёска была… горадам
Дзіўна, але факт: у аграгарадку Расна Дрыбінскага раёна аж дзевяць вуліц! Кожны жыхар з гордасцю растлумачыць, што многія з іх засталіся яшчэ з таго часу, калі вёска была… горадам. Потым яна стала мястэчкам, а перад апошняй вайной — райцэнтрам. І няхай сёння адміністрацыйны статус яе больш сціплы, аднак, па якой з раснянскіх вуліц ты б ні пайшоў, усё роўна ўбачыш шмат цікавага.

Нават легенд аб назве аграгарадка некалькі. Адна, напрыклад, сведчыць: калісьці гэтыя мясціны былі вельмі балоцістымі, зацягнутымі расянкаю, якою заўсёды багатая дрыгва, — адсюль і імя. Пацвярджэннем таму можна лічыць невялікую сажалку ў самым цэнтры вёскі. Яе пачысцілі, тэрыторыю добраўпарадкавалі, і зараз тут адно з любімых месцаў адпачынку жыхароў. Па другой версіі, “расны” на стараславянскай мове азначае “багаты” альбо “ўраджайны”. І гэта таксама праўда: у мястэчка за таварамі ад тутэйшых майстроў пакупнікі ехалі з далёкіх гарадоў і нават другіх краін, а галоўная плошча і сёння называецца Гандлёвай.

Пасля Вялікай Айчыннай, упэўнена адна са старэйшых жыхароў вёскі Вера Карабанава, сяляне толькі дзякуючы гандлю і выжывалі. “Мянялі што ў каго было. Маме шаўковай хусткі на бульбу ці жыта не хапіла, бо за такі тавар давалі ўсяго дзве шклянкі проса. Вось мы просам пасля вызвалення зямлю і засеялі”, — Вера Міронаўна расказала, што яшчэ памятае, як на базар у Расна прыязджалі пакупнікі з Магілёва і Мсціслава, не кажучы аб Дрыбіне.

Летапісы Расна ўпершыню ўпамінаюць у сувязі з вялікім пажарам. У “Гісторыі дзяржавы Расійскай” Мікалая Карамзіна напісана, што ў 1335 годзе вялікі князь маскоўскі Іван Каліта аддаў загад сярод некаторых іншых спаліць і гэты горад. Такой была помста за напад на рускія землі літоўцаў, якія правілі Раснам. На мяжы 16-га стагоддзя Расна стала павятовым горадам Мсціслаўскага княства і заставалася ў такой якасці амаль 200 гадоў. “У афіцыйных паперах 1784 года нашу вёску называлі ўжо мястэчкам”, — адзначыла настаўніца мясцовай школы і краязнавец Іна Ляхоўская.

З гістарычных дакументаў вядома, што ў Расне парад сваіх войскаў прымаў сам Пётр І. “1708 года жніўня 17-га зранку ён прыбыў у мястэчка з Мсціслава, — пісалі відавочцы імператарскага візіту. — У гэты час у Расне знаходзіўся генерал Гольц з рускай кавалерыяй Прэабражэнскага і Сямёнаўскага палкоў. Цар агледзеў войска і, калі даведаўся, што Карл ХІІ прыйшоў у Чавусы, што на рацэ Проні, а трэцяй гадзіне наступнага дня пайшоў туды разам з гвардыяй”. Як вядома, расійская армія потым узяла курс на горад Прапойск, які зараз называецца Слаўгарадам, а затым была бітва ля вёскі Лясной, якую Пётр І назваў “маці палтаўскай перамогі”.

Не абмінулі горад і паўстанцы з атрада Кастуся Каліноўскага: заехалі яны сюды ў красавіку 1863-га. Пабывалі на службе ў мясцовым касцёле, а потым разграмілі кватэру станавога прыстава. Частку важных папер спалілі, астатнія забралі з сабой.

На жаль, касцёл Святога Казіміра, пабудаваны ў 1818 годзе ў даволі рэдкім для Беларусі стылі класіцызму, сёння перажывае не самы лепшы перыяд. Будынак даўно страціў былую веліч, а мясцовыя жыхары — надзею на яго аднаўленне. Вера Карабанава ўдакладніла, што пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі касцёл яшчэ меў добры выгляд, служыў сялянам у якасці клуба. У вайну вельмі пацярпеў, і пасля вызвалення раснянцы частку яго расцягнулі на будаўнічыя матэрыялы. Аднак калоны і рэшткі сцен пакуль стаяць. “Да рэстаўрацыі падступаліся двойчы, — раскрыла сакрэты праектаў па адраджэнні культавага будынка Іна Ляхоўская. — Спачатку — напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя. На гэтыя мэты нават выдаткавалі адзін мільён рублёў. Але Савецкі Саюз разваліўся, грошы сталі паперкамі, касцёл застаўся без рамонту”. Некалькі гадоў таму аб аднаўленні раснянскага касцёла загаварылі зноў, аднак далей размоў справы не пайшлі.

Цэркваў жа, калі верыць народным паданням, у акрузе калісьці было сорак! Да нашага часу захавалася толькі адна — Мікалаеўская. Службы тут не вядуцца: будынак перадалі Раснянскай дапаможнай школе-інтэрнату, зараз ён прыстасаваны для патрэб дзяцей з асаблівасцямі здароўя.

Можа, менавіта гэты факт у свой час і дапамог захаваць храм ад поўнага спусташэння? Як і летнюю рэзідэнцыю паноў Спытковых, якая доўгія гады — з 1918-га і да канца дзевяностых мінулага стагоддзя — служыла сярэдняй школай для сялянскіх дзяцей. Вера Карабанава раней вучыла тут раснянскіх школьнікаў рускай і беларускай мовам, а сёння хвалюецца за будучае асабняка. Кажа: нельга, каб ён падзяліў лёс касцёла. Будынку звыш ста гадоў, гэта культурная і гістарычная каштоўнасць, нарэшце, проста ўпрыгажэнне аграгарадка. Раснянцам ён дарагі яшчэ і таму, што ў дваццатых гадах тут выступаў Якуб Колас. “Чакалі яго да позняга вечара, не разыходзіліся. Быў сакавік, паэт прыехаў у доўгім чорным футры з вялізным каўняром, што вельмі ўразіла сялян. Чытаў “Сымона-музыку”. Сустрэча закончылася толькі ў тры гадзіны ночы!” — Іна Ляхоўская акуратна занатавала ўспаміны сведкаў гэтага незвычайнага сходу.

У спадчыну ад памешчыка раснянцам засталіся маслабойня, спіртзавод, які працаваў аж да сярэдзіны 1980-х. Па-ранейшаму стаіць над прыгожай Вербаўкай-рэчкай і панскі млын, хаця зерне ў паўразбураным будынку сёння, вядома, ніхто не меле. А аб самім Леанідзе Спыткове расказваюць, што пан быў яшчэ тым махінатарам! У час Першай сусветнай за растрату грошай, якія павінны былі пайсці на правіянт для расійскай арміі, яму пагражала суровае пакаранне. Аднак памешчык прыгавор сабе вынес сам, прыставіўшы пісталет да скроні. Праўда гэта ці не, дакладна сказаць цяжка: пастаянна гаспадар жыў далёка ад гэтых месцаў — у Пецярбургу.

З таго часу, як кажуць, нямала вады сплыло. Рэчка Вербаўка, якая зігзагам абгінае вёску, даўно не суднаходная. Калісьці бойкія трасы пацішэлі, а той факт, што пасля рэвалюцыі і да трыццатых гадоў Расна было цэнтрам раёна, захаваўся толькі ў дакументах. Даўно не шумяць і кірмашы. Затое — шмат магазінаў і нават свой сельскі бар ёсць. А калі двойчы на тыдзень заязджаюць прадпрымальнікі з таварамі першай і другой неабходнасці, Гандлёвая плошча на нейкі час ізноў становіцца мнагалюднай. Раснянцы ўпэўнены: пакуль тут будуць пакупнікі і прадаўцы, вёска будзе жыць.

Напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя. На гэтыя мэты нават выдаткавалі адзін мільён рублёў. Але Савецкі Саюз разваліўся, грошы сталі паперкамі, касцёл застаўся без рамонту”. Некалькі гадоў таму аб аднаўленні раснянскага касцёла загаварылі зноў, аднак далей размоў справы не пайшлі.

На здымках:
млын і сёння стаіць над рэчкай Вербаўкай; старэйшая жыхарка Расна Вера КАРАБАНАВА; касцёл страціў былую веліч.
Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter