Над ракой Арэсай. Янку Купалу так узрушылі, здзівілі справы, працавітасць, вера ў будучыню любанскіх пераўтваральнікаў балот, што ён прысвяціў ім паэму.

Любань... Мілагучная, ласкавая назва райцэнтра, у аснове якой словы “любоў”, “любая” “любіць”. Сапраўды, немагчыма не палюбіць гэты маляўнічы, па-свойму непаўторны куток Палесся. Жывуць тут шчырыя, адкрытыя, шчодрыя душой, руплівыя людзі. Даўнія культурныя і працоўныя традыцыі ставяць Любаншчыну ў шэраг найбольш цікавых і самабытных раёнаў краіны. Яна — радзіма 18 Герояў Сацыялістычнай Працы, многіх навукоўцаў, паэтаў, іншых вядомых усёй краіне дзеячаў. У гады Вялікай Айчыннай вайны Любаншчына стала цэнтрам партызанскага руху Мінскай вобласці. Сярод ураджэнцаў раёна — тры Героі Савецкага Саюза, два кавалеры ордэна Славы. Працоўны энтузіязм любанчан дазволіў у мінулым годзе атрымаць рэкордны намалот збожжа — 105 тысяч тон.

Любань... Мілагучная, ласкавая назва райцэнтра, у аснове якой словы “любоў”, “любая” “любіць”. Сапраўды, немагчыма не палюбіць гэты маляўнічы, па-свойму непаўторны куток Палесся. Жывуць тут шчырыя, адкрытыя, шчодрыя душой, руплівыя людзі. Даўнія культурныя і працоўныя традыцыі ставяць Любаншчыну ў шэраг найбольш цікавых і самабытных раёнаў краіны. Яна — радзіма 18 Герояў Сацыялістычнай Працы, многіх навукоўцаў, паэтаў, іншых вядомых усёй краіне дзеячаў. У гады Вялікай Айчыннай вайны Любаншчына стала цэнтрам партызанскага руху Мінскай вобласці. Сярод ураджэнцаў раёна — тры Героі Савецкага Саюза, два кавалеры ордэна Славы. Працоўны энтузіязм любанчан дазволіў у мінулым годзе атрымаць рэкордны намалот збожжа — 105 тысяч тон.

Музей меліярацыі

Музей меліярацыі ў вёсцы Камуна — адзіны ў Беларусі. Яго матэрыялы расказваюць, што на асушэнне балот яшчэ ў ХІХ стагоддзі з царскай казны было выдаткавана 3 мільёны рублёў серабром. І Заходняя экспедыцыя пад кіраўніцтвам Іосіфа Жылінскага ў 1873—1898 гадах пралажыла больш як 4600 кіламетраў каналаў, асушыла 450 тысяч гектараў. Другі этап масавага наступлення на багну пачаўся ў 1926 годзе, калі на Любаншчыне высадзіўся дэсант дэмабілізаванных чырвонаармейцаў Беларускай ваеннай акругі. Аб’яднаўшыся ў камуну, яны за два гады на бясконцым Мар’інскім балоце выкапалі пяць асноўных магістралей глыбінёй 3—4 метры і даўжынёй больш як 20 кіламетраў кожная. У глухім палескім кутку з’явіліся цагляны завод, лесапілка, млын, маслабойня, дзесяцікіламетровая вузкакалейка, электрастанцыя... Гэта было пачаткам масавай перабудовы не толькі Палескай нізіны, але і жыцця тутэйшых людзей. Працоўнаму подзвігу камунараў у 1933 годзе Янка Купала прысвяціў паэму “Над ракой Арэсай”. Дасягненні чырвонаармейскай камуны былі адзначаны Залатым медалём галоўнай выстаўкі краіны, ордэнам Леніна. На тарфяніках “вырасла” больш за дзесяць Герояў Сацыялістычнай Працы.
У экспазіцыі музея асобнае месца займаюць партрэты першапраходцаў Мар’інскага болота, іх дакументы. Сярод экспанатаў і галоўная прылада працы камунараў — драўляная рыдлёўка, знізу абабітая жалезам. Там можна ўбачыць магутныя канавакапальнікі, экскаватары, што былі на ўзбраенні меліяратараў у 1950—1970-я гады.

Божы камень

Непадалёку ад вёскі Ператок у полі ляжыць незвычайнай формы камень — велікан з мудрагелістымі ўнутранымі хадамі, аднесены да гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Навукоўцы лічаць, што гісторыя валуна-велікана, які толькі на трэць выступае з зямлі, пачалася каля 375 мільёнаў гадоў таму, калі ўся ўсходняя частка Беларусі была бязмежным морам. Пад уздзеяннем прыродных з’яў на ім утварыліся шматлікія ячэйкі, трэшчыны, незвычайнай формы паглыбленні. Пакланяюцца каменю людзі з язычніцкіх часоў. І сёння мясцовыя жыхары перакананы, што камень валодае магічнай сілай, асабліва ў маладзік, і называюць яго Божым, ці Святым. Да каменя прыходзяць людзі з навакольных і аддаленных вёсак, просяць пазбавіць ад хвароб, бед. Вада, што збіраецца ў ячэйках і загадкавых хадах, лічыцца гаючай. Яе збіраюць і выкарыстоўваюць для прыгатавання розных настояў, лекаў.

Востраў Зыслаў

На востраў Зыслаў у гады Вялікай Айчыннай вайны не ступала нага гітлераўцаў. Акружаны з усіх бакоў цяжкапраходнымі балотамі, ён стаў цэнтрам партызанскага руху Мінскай вобласці. На востраве знаходзіўся падпольны абкам партыі, штаб партызанскага злучэння. Тут, у глубокім тыле, ужо ў кастрычніку 1941 года пачала працаваць падпольная друкарня, дзе друкаваліся спачатку партызанскія лістоўкі, а потым і газеты “Звязда”, “Чырвоная змена”, раёнкі.
У верасні 1942 года на Зыславе прызямліўся першы транспартны самалёт з Вялікай зямлі. З-за лініі фронту ў партызанскую зону сталі рэгулярна паступаць зброя, медыкаменты, зводкі Інфармбюро, у савецкі тыл былі адпраўлены сотні раненых партызан Беларусі, Украіны, дзеці загінуўшых абаронцаў Радзімы, вядомыя навукоўцы, спецыялісты. У святы Перамогі, вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на востраў едуць, ідуць былыя партызаны, моладзь, госці з усіх куткоў краіны. Іх сустракае адліты з жалезабетону стары партызан, які ў жалобе застыў над брацкай магілай, дзе пахаваны амаль тры сотні мужных абаронцаў Айчыны. Удзельнікі ўрачыстасцей садзяцца каля вялікага стала, аналагічнага таму, за якім калісьці абедалі партызаны. Моладзь з цікавасцю заглядвае ў зямлянкі, якія імітуюць жыллё лясной гвардыі. Побач памятны знак у выглядзе вітка спіралі з прапелерам самалёта. Прыгорак вянчае гранітная 14-метровая стэла. Мемарыяльны комплекс “Зыслаў” занесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Паэт, франтавік, грамадзянін

Іван Муравейка прайшоў сотні кіламетраў вогненных франтавых дарог, але нават у самы складаны час не забываў рабіць запісы ў блакноце. Для яго, будучага работніка раённай газеты, яны сталі асновай для напісання цікавых апавяданняў. Але больш за ўсё Іван Андрэевіч праславіўся мілагучнымі вершамі для дзяцей. Ім ён прысвяціў не адзін маляўнічы зборнік.
У свае 88 гадоў былы франтавік, заслужаны работнік культуры Беларусі, член Саюза пісьменнікаў, ганаровы грамадзянін Любані Іван Андрэевіч Муравейка па-ранейшаму ў страі. Нядаўна выйшлі ў свет яшчэ дзве яго кніжкі — дзённікавыя запісы ваеннага карэспандэнта-дакументаліста, апавяданні, вершы вогненных гадоў і своеасаблівы даведнік, па якім можна вывучаць гісторыю і прыроду Любанскага краю, знаёміцца з яго цудоўнымі людзьмі. Да друку рыхтуецца зборнік твораў Івана Муравейкі.

Веліканы “блакітнай нівы”

Плаціна на рацэ Арэсе дазволіла ў 1966 годзе на вышыні 142,5 метра над узроўнем мора стварыць адно з першых у Беларусі вадасховішчаў плошчай 22 квадратныя кіламетры і глыбінёй да 6 метраў. Яно стала надзейнай крыніцай папаўнення вадой сажалак рыбгаса “Любань”, агульная плошча якіх больш за 2400 гектараў. У засушлівае лета вада са сховішча па сістэме каналаў, калектараў падаецца на палі.
Сажалкі — гэта не толькі шчодрая “блакітная ніва”, дзе рыбгас за сезон ловіць да 2 тысяч тон карпа, таўсталобіка, шчупака, карася. Пасядзець з вудай сюды прыязджаюць і аматары рыбнай лоўлі з другіх рэгіёнаў Беларусі. Такога сома вы наўрад ці зловіце яшчэ ў якімсьці вадаёме.

Сястра Габрава і Аўцюкоў

Вёску Баянічы знойдзеш не на кожнай карце, але пра яе жыхароў добра ведаюць і ў суседніх раёнах. Заўсёды жыццярадасныя, вострыя на язык, яны сыплюць вясёлымі гісторыямі, байкамі і зараджаюць людзей энергіяй, аптымізмам, стваральнай сілай.
Не дзіва, што Баянічы сталі цэнтрам прыцяжэння ўсіх вясёлых, знаходлівых, па-сапраўднаму таленавітых людзей. Па прыкладу балгарскага Габрава, калінкавіцкіх Аўцюкоў тут традыцыйна праводзіцца раённае свята народнага гумару і смеху “У Баянічы на гулянічы” з удзелам прадстаўнікоў вядомых беларускіх выданняў, творчых дэлегацый з розных куткоў Беларусі.
Вясёлыя танцы і задорныя прыпеўкі, гульні і розыгрышы, незвычайнае адзенне і дружны смех — усё гэта ёсць на свяце ў палескай вёсцы. У гэты дзень ніхто не застаецца раўнадушным, сумным. А найбольш актыўныя ўдзельнікі ўсеагульнай весялосці адзначаюцца прызамі, вядома ж, з гумарыстычнай “начынкай”.

Святы калодзеж

Пра калодзеж, што знаходзіцца ў лесе ў трох кіламетрах ад вёскі Дарасіно, упаміналася яшчэ ў дакументах ХІХ стагоддзя. Ужо ў 1886 годзе ў матэрыялах экспедыцыі па Мінскай губерні адзначалася, што вада гэтай крыніцы не толькі чыстая, але і мае гаючыя якасці.  Як сведчыць адна з легенд, калісьці на гэтым месцы хлопчыку-пастушку вельмі захацелася піць. Яму ў сне з’явілася Прасвятая Багародзіца і сказала, што, прачнуўшыся, ён зможа напіцца. Так і здарылася: пастушок убачыў крынічку, якая выцякала з-пад каменя з чыстай халоднай вадой.  Лясны калодзеж лічыцца святым, яго вада не псуецца на працягу года і, як сцвярджаюць вяскоўцы, валодае гаючымі якасцямі. Асабліва многа людзей прыходзіць, прыязджае да крыніцы ў дні святкавання Вялікадня і мядовага Спаса — папаўняюцца запасы каштоўнай вады, ёю асвячаюцца прынесеныя з сабою дары прыроды.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter