ГЭТА была легендарная дэсантная аперацыя, якая ўвайшла ў гісторыю пад назвай “Дэсант Альшанскага”

Над Гарадзiлавiчамi дэсантная планета

З 68 пасля бою іх засталося толькі 11, са шпіталя выйшлі 6
РЫХТУЮЧЫСЯ да свята ў расійскім горадзе-пабраціме Себеж, старшыня Верхнядзвінскага райвыканкама Ігар Марковіч папрасіў сабраць пабольш інфармацыі аб суседзях. І асабліва пра гады Вялікай Айчыннай вайны. Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Кісялевіч зрабіла адкрыццё: іх зямляк з вёскі Гарадзілавічы Герой Савецкага Саюза Іван МАКЕЯНОК і Герой Савецкага Саюза Дзмітрый ХАДАКОЎ з Себежскага раёна ваявалі разам, загінулі ў адным баі і пахаваныя ў адной брацкай магіле ва ўкраінскім горадзе Нікалаеве.


Мемарыял дэсантнікам у Нікалаеве.

ГЭТА была знакамітая і легендарная дэсантная аперацыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, якая ўвайшла ў гісторыю пад назвай “Дэсант Альшанскага”, паводле прозвішча камандзіра атрада Канстанціна Альшанскага.

Вясной 1944 года савецкія войскі выйшлі да так званага Бугскага вала з партовым горадам Нікалаевым, які меў важнае стратэгічнае значэнне для захопнікаў. Пры яго страце разрывалася лінія з крымскай групоўкай войскаў. Сам Нікалаеў з’яўляўся адным з буйнейшых партоў у Чорным моры. Гітлераўцы стварылі перад ім чатыры рубяжы эшаланіраванай абароны. 

Для таго каб адцягнуць сілы немцаў з фронту, захаваць порт, камандаванне вырашыла заслаць у тыл акупантам дэсантны атрад 384-га Асобнага батальёна марской пяхоты Чарнаморскага флоту. У яго адабралі 55 добраахвотнікаў з некалькіх соцень жадаючых. Пасля да іх далучыліся сапёры і радысты, правадніком стаў мясцовы рыбак Андрэй Андрэеў. Усяго 68 чалавек.

Прайшоўшы на лодках каля 15 кіламетраў па Паўднёвым Бугу, байцы непрыкметна высадзіліся ля элеватара порта Нікалаева і занялі кругавую абарону ў прылягаючых да яго будынках. Толькі раніцою гітлераўцы даведаліся аб “няпрошаных гасцях”. Спачатку яны вырашылі, што гэта падпольшчыкі, і накіравалі супраць дэсанта роту аўтаматчыкаў, якая была тут жа знішчана. Тады, сабраўшы новыя сілы, гітлераўцы паспрабавалі абысці дэсантнікаў з тылу. Але іх сустрэлі трапнымі чэргамі байцы аддзяленняў Юрыя Лісіцына і Івана Макеянка. Немцы адступілі. Цяпер яны не сумняваліся, што якімсьці чынам у порце аказаўся буйны атрад савецкіх воінаў. Гітлераўцы падцягнулі дзесьці полк пяхоты, танкі, артылерыю, шасціствольныя мінамёты і пачалі абстрэл. Тэрмітнымі снарадамі быў падпалены драўляны дом, у якім трымалі абарону аддзяленні Івана Макеянка і Юрыя Лісіцына. Трое сапёраў тушылі агонь, астатнія дэсантнікі, большасцю параненыя, працягвалі страляць па ворагу. І тады гітлераўцы пайшлі ў так званую псіхічную атаку. Але зноў з ахопленага полымем доміка загаварылі кулямёт Івана Макеянка і аўтаматы яго параненых таварышаў. Насустрач ворагам кінуўся “вогненны факел”: гэта Амі Ага аглы Мамедаў, на якім гарэла адзенне, узарваў сябе звязкай гранат у натоўпе акупантаў. 


Помнік земляку-герою на радзіме.

Сарвалася і гэтая, шостая па ліку атака. І тады немцы прамой наводкай расстралялі бясстрашны “гарнізон” доміка. З-пад абломкаў выбраўся толькі цудам ацалелы старшына Юрый Лісіцын, які да таго ж вынес ледзь жывога Івана Індыка.

У канторы элеватара, дзе знаходзіліся асноўныя сілы дэсанта, з камандзіраў застаўся ў жывых толькі Канстанцін Альшанскі. Некалькі разоў паранены, ён ні на хвіліну не пакідаў поле бою. А калі стала занадта горача, выклікаў агонь на сябе.

Пасля Альшанскага камандаванне ўзяў на сябе Кірыл Бачковіч. Апошнюю, васямнаццатую па ліку атаку немцаў дэсант адбіў пры падтрымцы нашых “Ілаў”. Воіны выканалі пастаўленую задачу. Сярод акупантаў пачалася паніка, яны знялі падраздзяленні з перадавой, што аблегчыла наступленне нашым войскам. Дзякуючы дэсанту быў папярэджаны падрыў буйнога марскога порта і іншых важных аб’ектаў горада, спынены ўгон у Германію некалькіх чыгуначных саставаў з жыхарамі горада.

На месцы бою было знойдзена больш за сотню мёртвых гітлераўцаў, падбітыя танкі, пушкі. Ад дэсанта ў жывых засталося 11 чалавек, параненых і абпаленых. Са шпіталя выйшлі толькі шэсць...

У цэнтры Нікалаева легендарнаму дэсанту адкрыты мемарыял. Імёны герояў носяць вуліцы, школы, прадпрыемствы, караблі. У гонар бяспрыкладнага подзвігу 68 альшанцаў названа малая планета 2310 Альшанія...

ЯК ЖА склаўся лёс альшанцаў, якія выйшлі жывымі з таго бою? 

Кірыл Бачковіч, які ўзяў на сябе камандаванне дэсантам пасля гібелі Канстанціна Альшанскага, загінуў смерцю храбрых у жніўні 1944 года каля сяла Жабрыяны (цяпер сяло Прыморскае Адэскай вобласці). Калі пасля вайны дачка Бачковіча выходзіла замуж, то пад вянец яе замест бацькі вёў камандзір батальёна Катанаў.

Юрый Лісіцын, які ў дэсанце адбіваў атакі ворага поплеч з беларусам Іванам Макеянком, пасля вайны працаваў на заводзе ў Мыцішчах пад Масквой майстрам змены, а потым пераехаў у роднае сяло пад Кашыру, адкуль і пайшоў на пенсію з пасады загадчыка калгаснай гаспадаркі.

Мікалай Мядзведзеў, аўтар кнігі “Нас было 68”, пасля дэмабілізацыі з арміі жыў у Маскве, працаваў у Інстытуце атамнай энергіі імя І. В. Курчатава.

Міхаіл Хакімаў дайшоў да Берліна. У пасляваенны час працаваў у Казані кантралёрам на транспарце.

Каля двух тыдняў медперсанал шпіталя змагаўся за жыццё Кузьмы Шпака. Апошняй просьбай адважнага марака была: “Калі будзе магчымасць, знайдзіце майго сына Сашу...” У кадрах фільма Кіеўскай кінастудыі “Дэсант у бессмяротнасць” у адным з эпізодаў паказана, як малады афіцэр Аляксандр Шпак нізка схіліў галаву на магіле бацькі.

Мікіта Грабянюк і Мікалай Шчарбакоў сталі ўдзельнікамі Парада Перамогі ў Маскве 24 чэрвеня 1945 года. Апошні закончыў юрыдычны факультэт Растоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, аспірантуру, абараніў кандыдацкую дысертацыю, а потым пераехаў у вёску, прыняў адстаючы калгас і вывеў яго ў перадавыя.

МАРЫЎ пра работу на зямлі і наш зямляк Іван Макеянок, які да вайны працаваў брыгадзірам у роднай вёсцы. 

Дома ў Гарадзілавічах, дзе ён жыў, цяпер няма, але засталася хата роднай сястры Марыі. Сюды прыязджаюць яе дзеці — Мікалай з Верхнядзвінска і Раіса з Санкт-Пецярбурга. Па іх словах, маці перапісвалася з музеем “68 дэсантнікаў”, што ў Нікалаеве. На жаль, пакуль што гэтых лістоў не давялося пабачыць. Магчыма, яны знойдуцца, калі Раіса наведае родныя мясціны.

У Гарадзілавічах Івану Макеянку ўзведзены манумент. Каля яго заўсёды прыбрана, шмат кветак. Пра гэта клапоцяцца родныя героя, вяскоўцы, ваенкамат, мясцовая і раённая ўлады.

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

saulich@bk.ru

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter