Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

135 белых шароў, нібы птушкі-галубы, узляцелі ў неба ў час святкавання юбілею Янкі Купалы на ягонай радзіме — у вёсцы Вязынка, што пад Маладзечна

Над абшарамі Вязынкі

Раней, у 1882-м, на гэтым месцы быў фальварак Вязынка. Пазначаны на шарах былі ўсяго два словы: #ЛюблюКупалу. “Гэтую сімвалічную фразу, хештэг, мы выкарыстоўваем з Ночы музеяў, — казала загадчыца аддзела культурна-адукацыйнай работы Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Вольга Пархімовіч. — Такі просты і запамінальны выраз — каб чыталі ды любілі Купалу не толькі ў святы, але й па жыцці”.

Помнік Песняру ў Мінску
Тысячы прыхільнікаў творчасці Песняра прыехалі ў мінулую суботу ў Вязынку. Да помніка паэту ўскладалі кветкі — чырвоныя і белыя ружы, такія любімыя класікам пры жыцці. Гучалі Купалавы вершы. Паэт і перакладчык Уладзімір Скарынкін, напрыклад, расказаў гасцям свята пра злучальныя нітачкі свайго лёсу з імем Купалы. Так, ягоным натхненнем, музай і сябрам па жыцці стала жонка Валянціна Луцэвіч — траюрадная пляменніца Янкі Купалы. А сын Андрэй Скарынкін некалькі год таму стварыў новую версію рок-оперы “Курган” па аднайменнай паэме класіка.

Дарэчы, менавіта ў Вязынцы ў 1980 годзе адбылася прэм’ера рок-оперы ў выкананні легендарнага ансамбля “Песняры”. Вядома, што заснавальнік гурта Уладзімір Мулявін лічыў сваім любімым паэтам Янку Купалу, і шмат песень з рэпертуару “Песняроў” было — на яго вершы. Вось і сёлетнюю праграму свята ў Вязынцы ўпрыгожылі выступленні Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры” — гучалі песні, што сталі класікай. Адзін з апошніх альбомаў гурта — “Шчаслівасць” — цалкам складзены з песень, напісаных паводле твораў паэта. Адбылася і прэм’ера новай песні “Песняроў” — прыгожай лірычнай “Генацвале”. “Гэты верш Купала прысвяціў чароўнай грузінскай дзяўчыне Эліко Метэхелі, доктару, якая лячыла яго ў санаторыі ў Цхалтуба, — казала супрацоўніца Купалаўскага музея Марыя Барткова. — А Купала, як сапраўдны джэнтэльмен, не мог не аддзячыць маладой прыгажуні вершам. І калі на сённяшнім свяце ёсць прадстаўнікі грузінскай дыяспары, то яны абавязкова перададуць сваякам Эліко Метэхелі ў Грузіі: слова, натхнёнае іхняй бабуляй, гучала на радзіме Янкі Купалы”.

Прыехалі на свята і шаноўныя госці з-за мяжы: з Кіева, Палтавы, Рыгі, Калінінграда, Казані. Прывітальнае слова са сцэны казаў Амбасадар Беларусі ў Францыі Павел Латушка.

Ля помніка ў дзень юбілею

Сустрэлася ў Вязынцы я з чытачамі нашай газеты — супляменнікамі з Татарстана. Ганаровы консул Беларусі ў Казані, старшыня Беларускай грамады “Спадчына” Сяргей Марудэнка расказаў: “Працуем, каб у сяле Пячышчы Верхнеўслонскага раёна, пад Казанью, дзе быў апошні прытулак паэта пад час Вялікай Айчыннай, з’явіўся помнік Купалу. Плануем адкрыць яго да 140-годдзя класіка. У Пячышчах ёсць Музей Янкі Купалы — гэта філіял Нацыянальнага музея рэспублікі. Сябры беларускай грамады часта ладзяць там літаратурныя вечарыны. Штогод праводзім і Купалле”. А дырэктарка музея Купалы ў Пячышчах Рыма Абызава дадала: “Музей адкрыты ў 1975 годзе. Прычым — якраз у пакоях на другім паверсе аднаго з будынкаў Пячышчынскага камбіната хлебапрадуктаў, дзе разам з жонкаю жыў у эвакуацыі Купала. З таго дома 18 чэрвеня 1942 года яго й выклікалі ў Маскву... Супрацоўнічаем і з Асамблеяй народаў Татарстана, у якую ўваходзяць прадстаўнікі 130 нацыянальнасцяў. Запрашаем іх на імпрэзы і заўсёды прапаноўваем чытаць вершы паэта на іх родных мовах”.

Арганізатарамі традыцыйнага свята ў Вязынцы “З адною думкаю аб шчасці Беларусі…”, якое ўпершыню прайшло на радзіме Песняра ў 1972 годзе, сёлета былі Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, аддзел культуры Маладзечанскага райвыканкама. На асобнай пляцоўцы пры свірне прайшло свята вышыванкі. Вядома, што кашулі “вілейскага строю” былі і ў гардэробе класіка. Народныя майстрыхі з Маладзечаншчыны паказвалі наведнікам, як вышываецца нацыянальны ўзор — з дапамогай іголкі ды ніткі. Да поздняга вечара “ўсім народам” вышываўся вялікі святочны ручнік, і на ім удзельнікі свята пакідалі першыя літары сваіх імён. Прайшло і дэфіле народных строяў. Тонкасці старадаўніх рамёстваў паказвалі майстры, а на кірмашы можна было набыць разнастайныя самаробныя сувеніры.

Дзіўным чынам у Вязынцы быў прадстаўлены яблыневы сад. На фоне зеляніны маляўніча выглядаў надпіс “Янка Купала”, утвораны з чырвоных кветак. А на старых дрэвах змясціліся банеры з вершамі паэта і здымкамі. Асаблівы рамантызм адчуваўся ў тым, што на старых фота былі на свяце й сам Янка Купала, яго жонка Уладзіслава Луцэвіч — заснавальніца мінскага музея Песняра, а таксама філіяла ў Вязынцы, адкрытага ў 1946 годзе.

Шматлюдна было сёлета на Свяце паэзіі ў Вязынцы  
БЕЛТА

“Вось тут у хатцы,/ простай, чыстай, як сляза,/ і нарадзіўся некалі Купала./ Нарадзіўся, каб сказаць пасля,/ што Беларусь у свеце не прапала”, — такімі словамі Паўла Марціновіча суправаджалася экскурсія па вязынскім музеі. Там, дарэчы, можна дакрануцца да старых бярвенняў з хаты, у якой нарадзіўся маленькі Янка, паглядзець на люльку, у якой яго калыхалі...

***

Да 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы святочны мітынг прайшоў у Мінску. Да помніка паэту ўсклалі кветкі, у тым ліку і ад Прэзідэнта краіны. Прывітальныя словы кіраўніка дзяржавы ўдзельнікам зачытаў Міністр культуры Барыс Святлоў. Вершы паэта чыталі прадстаўнікі дыпкорпусу, музыканты, артысты, прыхільнікі творчасці класіка. 

У гарадскім пасёлку Радашковічы, у касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў трэці раз прайшоў “Купалаў фэст”, прысвечаны хрышчэнню Янкі Луцэвіча і 570-годдзю храма. Дарэчы, мясцовыя жыхары і сёння называюць сваё паселішча: Рàдашкавічы. Назва яго, казалі мне, паходзіць ад словаў ці то “радзіцца-раіцца”, ці то “радавацца”. Традыцыйную форму назвы, аднак, у савецкі час у афіцыйным ужытку замянілі на Радашковічы — так яна й пішацца.

На радзіму Янкі Купалы прыехалі людзі розных узростаў
Фота Аляксандра Стадуба

Шматлікія імпрэзы ў гонар Янкі Купалы праходзяць па-за межамі краіны. Так, вершы паэта чыталі ў ЗША, у Араў-парку (непадалёк ад Манхэтана), каля помніка Песняру. На памяць пра падзею засталіся там кусты белых руж.

“Ушанаванне асобы Янкі Купалы пачалося яшчэ пры жыцці паэта, — казала на прэс-канферэнцыі ў Мінску дырэктарка Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч. — Напрыклад, мазырскай школе №3 і школе пры полацкім педтэхнікуме нададзена яго імя ў 1926 годзе. У 1932-м у гонар Песняра была названа бібліятэка-чытальня ў Бразіліі — у Порт-Алегра. І зроблена гэта было дзякуючы намаганням землякоў з беларуска-ўкраінскай дыяспары”. 

Сёння імя Песняра ў Мінску носяць станцыя метро (Купалаўская), вуліца, парк, тэатр, бібліятэка, школа №19... Помнікі яму адкрыты ў ЗША і Маскве, памятны знак ёсць у ізраільскім горадзе Ашдод. У Санкт-Пецярбурзе, Смаленску, Кіславодску, пасёлку Пячышчы, Вільнюсе, Рызе ды іншых месцах устаноўлены мемарыяльныя дошкі. Купалаўскія найменні атрымалі вуліцы ў Душанбэ, Кіеве, Запарожжы, Ташкенце, Тбілісі, Беластоку, Гайнаўцы, Гданьску... У бліжэйшых планах музея — усталяванне мемарыяльных дошак у Фінляндыі і Славакіі. Дарэчы, днямі была прэзентавана кніга вершаў Купалы на славацкай мове “А хто там ідзе?” Сам жа гэты верш-гімн беларускага народа перакладзены на 84 мовы свету.

...Пра Купалу можна пісаць бясконца, як і чытаць яго творы. Пясняр кожнаму па-свойму зразумелы і блізкі. Купала — прарок, філосаф, непаўторны майстар слова. Вельмі ёмка пра значэнне Купалы ў гісторыі краіны сказаў Уладзімір Караткевіч: “Гэты чалавек усім створаным вярнуў народу годнасць, гордасць за сваё мінулае, сілу жыць у сённяшнім, мужнасць, каб глядзець у будучыню. Бываюць паэты большага ці меншага генія, больш ці менш моцнага ўплыву на розум і ўяўленне чалавека, але для нас, беларусаў, ён адзін такі. Ён — Купала. І гэтым усё сказана”.

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 26 (3530), чацвер, 13 ліпеня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter