Начны музейны карнавал, альбо красамоўнае прадстаўленне масак

У міжнародны дзень музеяў Нацыянальны мастацкі музей Беларусі змяніў звычайны час работы, яго дзверы былі адчынены з васьмі гадзін вечара і да поўначы. А наведвальнікі сталі ўдзельнікамі акцыі “Пад маскай ночы”.
Наведвальнікі ў адной з залаў Нацыянальнага мастацкага музеяГэта быў сапраўдны карнавал. У фае музея гасцей сустракаў джазавы калектыў “Chiefs band”. У залах жа святочную атмасферу ствараў папулярны мінскі ды-джэй — музыка не змаўкала ні на хвіліну. Мноства людзей у масках — і знаёмыя мастацкія шэдэўры здаваліся зусім іншымі, чароўнымі і магічнымі.

А тым часам у малой зале музея адкрылася персанальная выстава Сяргея Цімохава. Загадкавая назва яе была падобная да самой акцыі — “Чары ночы”. Рассакрэціў тэму мастак. Ён прызнаўся, што на кожнай карціне намалявана жанчына, якая ў свой час натхніла яго, была своеасаблівай музай пры стварэнні твораў.

Пасля пачалася тэатралізаваная дзея Школы баявых мастацтваў “Тайпін”. Яна папярэднічала адкрыццю выставы масак фантастычных персанажаў. Былі тут камедзіянты і хітруны, махляры і самыя чароўныя прыгажуні. Але ні адна з гэтых масак не магла параўнацца з тымі, у якіх прыйшлі ў музей у гэтую ноч госці.

Ажыятаж, які быў выкліканы начным музейным фэстам, быў настолькі вялікім, што чарга перад уваходам не знікала аж да поўначы. Трэба сказаць, што большасць з наведвальнікаў былі школьнікі і студэнты.

— Наша задача — змяніць стэрэатып аб тым, што музей — кансерватыўная культурная ўстанова, — гаворыць дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў. — Такімі акцыямі мы хочам зацікавіць маладых людзей, каб потым яны з задавальненнем наведвалі новыя выставы, прыво-дзілі на іх сяброў.

Асаблівасць такой акцыі ў яе інтэрактыўнасці, магчымасці прымаць непасрэдны ўдзел у тых дзеях, што разгортваюцца на вачах. Вось і ў гэтую ноч наведвальнікаў чакаў сюрпрыз. Напрыканцы была выбрана лепшая маска. Яе ўладальніца, выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, абараняла з ёй свой дыпломны праект. З рук дырэктара музея дзяўчына атрымала каштоўны падарунак — кнігу пра гісторыю музея.

Дарэчы, музей не выпадкова адкрыў свае дзверы ў такі позні час. Ідэя правядзення “Ночы музеяў” належыць парыжскаму Луўру, а з 1999 года яе падтрымалі дзве тысячы музеяў Еўропы. Мінск таксама не застаўся ў баку. Сёлетняя акцыя Мастацкага музея — трэцяя па ліку (раней праводзіліся “Святло ў ночы” і “Майская ноч”). Упершыню ж у гэтым го-дзе далучыліся да міжнароднага свята Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, супрацоўнікі якога падрыхтавалі цікавы вечар пад назвай “Пад ветразем стагоддзяў”, і Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі. На начны канцэрт старадаўняй музыкі ў выкананні квартэта “Мінскія камерныя салісты” запрашаў Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, Літаратурны музей Максіма Багдановіча падрыхтаваў святочную акцыю “Начная феерыя”. Працаваў уначы і Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, каля ўваходу якога дэманстравалася мультымедыйная выстава “Мінск у гады вайны”.

Мінскія музеі падтрымаюць французскую ідэю і ў наступным годзе. Бо вельмі ўжо даспадобы прыйшліся сёлетнія музейныя падзеі, дзе так лёгка было акунуцца ў казачную атмасферу, адчуць сябе загадкавай і таямнічай маскай ночы.

Кацярына Немагай
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter