Начны госць. У мiнулую нядзелю ў дзiцячы аздараўленчы лагер “Барок” завiтаў бабёр.

Калi сцямнела, ён падняўся па крутым беразе ракi i пачаў грызцi алешыну непадалёку ад лагернага стадыёна.
— Пасля адбою я абыходзiў тэрыторыю, каб паглядзець, цi ўсё ў парадку, — расказвае начальнiк лагера Анатоль Ляўковiч. — Заўважыўшы мяне, бабёр адразу кiнуўся наўцёкi. Я стаў на бабровай сцежцы, перагарадзiўшы шлях да ракi. Тады бабёр прысеў на сцяжынцы i заплакаў. Яны заўсёды ходзяць толькi па сваiх сцежках. У ваколiцах нашага лагера ў рэчцы Яршоўка жыве каля дзесяцi бабровых сем’яў. У недалёкай ад лагера вёсцы Палачанка бабры збудавалi плацiну прама ля гародаў, i гаспадарам час ад часу даводзiцца яе разбураць, каб вада не падтапляла ўчастак.
Лагер “Барок” адкрытага акцыянернага таварыства “МАПIД” размяшчаецца ў Валожынскiм раёне. На яго тэрыторыi жывуць зайцы, вожыкi, вавёркi, мноства разнастайных птушак. У гэтым маляўнiчым куточку сёлета адпачнуць больш за паўтары тысячы школьнiкаў з беларускай сталiцы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter