Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Касманаўт Алег Навіцкі пабываў на свяце ў гонар Дня ваенна-паветраных сіл, якое прайшло на мінскім аэрадроме Баравая

На зямлі і ў небе

Музей авіяцыйнай тэхнікі на аэрадроме ДТСААФ у Баравой — месца папулярнае. Шмат гледачоў сабралася там і напярэдадні Дня ваенна-паветраных сіл Беларусі, які адзначаецца штогод у трэці тыдзень жніўня. Сярод ганаровых гасцей быў і лётчык-касманаўт, Герой Расіі Алег Навіцкі.

Ураджэнец Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці цёпла павіншаваў усіх лётчыкаў з прафесійным святам. Звяртаючыся да наведнікаў музея, Алег Навіцкі адзначыў, што першы атрад касманаўтаў быў набраны менавіта з ваенных лётчыкаў. “Традыцыя гэтая не перапыняецца і сёння. Мне, ураджэнцу Беларусі, пашанцавала апынуцца ў ліку тых, хто пабываў у космасе”, — казаў Алег Навіцкі.

Касманаўт перадаў у новы павільён “Космас”, створаны ў музеі, ложамент — спецыяльнае крэсла касманаўта. Гэта адзін з важных элементаў у экіпіроўцы пры пасадцы і ўзлёце касманаўта. Папоўніў экспазіцыю і касцюм для правільнага размеркавання вадкасці ў арганізме.

Пасля святочнага авіяшоў Алег Навіцкі падзяліўся ўражаннямі ад яго: ”Лётчыкі — малайцы: на малых вышынях такія віражы закладвалі. Вельмі спадабалася!”

Начальнік Мінскага аэраклуба Мікалай Мачанскі расказаў, як ствараўся музей авіяцыі: “Беларусь славіцца не толькі дасягненнямі ў авіяцыі, але і ў космасе. У павільёне “Космас” сабраны ўнікальныя экспанаты: адзенне касманаўтаў, спускавая капсула, элементы побыту на арбітальнай станцыі”.

Голас Радзімы № 32 (3536), чацвер, 24 жніўня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter