На Пастаўшчыне бычкі круглы год у полі. І кожны дзень дабаўляюць у вазе больш за кілаграм

На зiмовых выпасах

СКАЖУ адразу: адрас для гэтага матэрыялу падказала адна з нашых неабыякавых чытачак, якая нядаўна патэлефанавала ў карпункт «Сельской газеты» і параіла расказаць пра безгаспадарчасць у адкрытым акцыянерным таварыстве «Навасёлкі-Лучай» Пастаўскага раёна, дзе частка грамадскай жывёлы ў гэтыя дні галее на снезе і марозе.


Аўтар званка не ведала, што гэта ніякае не галавацяпства, а даволі цікавы вопыт адкорму бычкоў, які ўжо даўно прыжыўся ў гаспадарцы. Пачалося ўсё яшчэ ў часы, калі акцыянернае таварыства ўзначальваў Герой Сацыялістычнай Працы Алег Валадзько. Менавіта ён і быў ініцыятарам круглагадзічнага ўтрымання жывёлы ў полі. 

ПОТЫМ практыка паказала, што гэта вельмі выгадна: не трэба ніякай электраэнергіі, грошай на запчасткі, на ўтрыманне будынкаў, тэхнікі на вывазку арганікі. Статак добра адчуваў нават у маразы, нармальна пераносіў зіму. Сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе на працягу года былі вышэй за кілаграм. 

Дарэчы, некалькі гадоў таму наша газета ўжо расказвала пра гэты вопыт. Тэлефонны званок «падштурхнуў» пацікавіцца, ці змянілася што за гэты час ва ўтрыманні бычкоў на снезе? Ці працуе па-ранейшаму бездакорна наладжаны канвеер вытворчасці мяса пад адкрытым зімовым небам?

Цяперашні дырэктар Юрый Шымчык, які пераняў эстафету ад Алега Валадзько, паведаў, што на сёлета ў полі зімуюць ужо тры гурты агульнай колькасцю 750 галоў. Іх сфармавалі яшчэ вясной, калі бычкі дасягалі вагі 180 кілаграмаў. Цяпер кожнаму выгараджаны «выпасы» да 30 гектараў двайным дротам. Гэта для падстрахоўкі: парвецца адзін — застанецца другі. На выпадак непагадзі для статка ля вёскі Пагорцы ёсць будынак старога кароўніка. У іншыя — завозяцца рулоны саломы, з якіх робіцца подсціл.


Асаблівая ўвага — кармленню. Выдаюцца толькі кормасумесі: па роўных долях сілас і сянаж, па 2—5 кілаграмы камбікорму на галаву ў залежнасці ад вагі жывёлы, мінеральныя і вітамінныя дабаўкі, соль і вада. 

У Пагорцах, дзе 253 бычкі, кармленнем і доглядам за імі займаюцца Антон Сідаровіч і Міхаіл Лашук. За Міхаілам замацаваны трактар, на якім ён тры разы ў дзень падвозіць кармы:

— Зіма на зіму не прыходзіцца, — кажа ён. — Леташняя была бясснежная. А перад гэтым — дало зашмат, і даводзілася месцамі абтоптваць снег. Увогуле, пераносіць жывёла зіму добра. У вялікі мароз адчувае сябе нават лепш, чым у завіруху.

Галоўны сюрпрыз — бычкі амаль што не хварэюць. За цэлы год з трох гуртоў выбракоўваецца ўсяго не больш як дзесяць галоў. А значыць, і на лекі няма расходаў, за выключэннем абавязковай прафілактыкі.

Уражваюць здабыткі. Вядучы эканаміст гаспадаркі Ірына Казлоўская назвала наступныя лічбы: сярэднясутачныя прывагі бычкоў за год склалі кілаграм 89 грамаў, што на 10 грамаў больш, чым летась. Сабекошт мяса, нагулянага ў палявых умовах, — 15 тысяч 192 рублі за кілаграм, у той час як у памяшканні — 21 тысяча. З мая, моманту выхаду бычкоў у поле, і да лютага, тэрміну іх здачы, яны нагульваюць да трохсот кілаграмаў мяса кожны, а ў цэлым па статку — 240 тон. А гэта каля паўтара мільярда рублёў чыстага прыбытку толькі за кошт поля. Рэалізуецца жывёла вышэйшай катэгорыяй вагой 450—500 кілаграмаў. 

У ГЭТЫЯ дні пачалі здачу бычкоў на Глыбоцкі мясакамбінат з гурту ля вёскі Цешалава, сярэдняя вага якіх склала 530 кілаграмаў. Затраты працы на цэнтнер прывагі — 7,2 чалавека-гадзіны, у той час як у цэлым па гаспадарцы 10,5. Рэнтабельнасць — 48 працэнтаў. Але ёсць лічба, якая ўвогуле прымушае задумацца. Мяса буйной рагатай жывёлы рэалізуецца ў сярэднім па цане 21 тысяча 587 рублёў за кілаграм. Сабекошт вырашчанага аднаго кілаграма мяса ў памяшканні, як было адзначана, таксама 21 тысяча ці трохі больш. Не трэба быць эканамістам, каб зразумець, што эфект у дадзеным выпадку «нулявы» ці каля гэтага.

Мы пацікавіліся ў галоўнага заатэхніка гаспадаркі Івана Кісяля, якая ж галоўная ўмова поспеху ўтрымання бычкоў круглы год у полі.

— У першую чаргу сытнае кармленне, — адназначна заявіў ён. — Калі карміць жывёлу на холадзе саломай — вынік будзе прама супрацьлеглы. Ну і фармаваць сам статак трэба вясной, каб жывёла прывыкла. Ёсць і шмат іншых нюансаў. Зімой, канешне, прывагі некалькі менш, затое бяруць бычкі вясной і восенню.

Пасля артыкула ў нашай газеце быў праведзены абласны семінар па круглагадовым утрыманні бычкоў у полі, выпушчана спецыяльная памятка па тэхналогіі. 

Адна з гаспадарак, якая пайшла па гэтым шляху, — СВФ «Мнюта», ААТ «Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат» Глыбоцкага раёна. Праўда, ёсць некаторыя адрозненні: ля фермы «Шэпелева» агародку ў чатыры гектары для бычкоў зладзілі з жэрдкаў. Пабудавалі павець са стацыянарным кармавым сталом, а ў некалькіх дзясятках метраў знаходзіцца стары будынак. Аднак бычкі нават у мароз звыш за 10 градусаў заставаліся на свежым паветры. Яшчэ адзін аспект: пры дасягненні бычком вагі 380 кілаграмаў, яго ставяць у памяшканне. Як тлумачыць дырэктар гаспадаркі Яраслаў Сінкавец, гэта робіцца для ўзмоцненага адкорму. 

Увогуле ж, выгада яўная. Летась сельгасфіліял прадаў 400 галоў буйной рагатай жывёлы, якая ўтрымлівалася ў памяшканні, і столькі ж — з поля. За апошніх атрымана выручкі 3 мільярды 918 мільёнаў, або на 20 працэнтаў больш, не гаворачы ўжо аб эканоміі электраэнергіі і зарплаты. 

НЯДАЎНА на зімовае ўтрыманне бычкоў у поле перайшлі і ў ААТ «Пурплева» Сенненскага раёна.

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»


Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter