На журавінавых прасторах

Цэлыя плантацыі лясных ягад вырошчваюць пад Ганцавічамі
Цэлыя плантацыі лясных ягад вырошчваюць пад Ганцавічамі.

Так збіраюць ураджай з “журавінавай нівы”Цяжка, пагадзіцеся, і ўявіць Беларусь без адметных лясоў і балотаў, без смачных ягадаў, якія там выспяваюць. Спачатку, згадаем, падыходзяць суніцы. Потым вабіць у лес маліна. А таксама чарніцы і падобныя да іх буякі (рускія называюць іх: голубика). Крыху пазней усе нарыхтоўваюць брусніцы: заліў вадой — і гатова. А ўвосень, звычайна ў кастрычніку, настае пара журавінаў (клюквы па-руску). Хто не лянуецца — збірае чырвоныя пацеркі ягад па балацінах аж да маразоў…

А вось цэлыя журавінавыя плантацыі закладвалі, мусіць, тыя, каму збіраць пакрысе ягадную драбніцу не хацелася. І я тых дабрадзеяў, зрэшты, вельмі разумею: сагнуцца сотні разоў — праца нялёгкая. Справа, пачатая энтузіястамі з Ганцавіцкага лясгаса гадоў 20 таму, мае добры працяг. Сёння за пару кіламетраў ад палескага райцэнтра працуе першая і адзіная такога роду у Беларусі Ганцавіцкая доследна-эксперыментальная база. Якая ўваходзіць у структуру Нацыянальнай акадэміі навук, дакладней — Цэнтральнага батанічнага сада.

Аграном Віталь Бруй“Мы праводзім розныя доследы, эксперыменты: глядзім, як той ці іншы замежны гатунак журавінаў, буякоў, брусніцаў паводзіць сябе ў нашых умовах”, — тлумачыць сэнс сваёй працы Віталь Бруй, вядучы аграном доследна-эксперыментальнай базы, знаёмячы з гаспадаркай. Тры гады таму, пасля заканчэння аграрнага універсітэта ў Гродне, гэты мясцовы юнак вярнуўся сюды працаваць. Калектыў невялікі: крыху больш за 20 чалавек, цяпер яго ўзначальвае кандыдат біялагічных навук Мікалай Паўлоўскі.

За савецкім часам пад Ганцавічы завезлі вельмі перспектыўныя сарты журавінаў аж са Злучаных Штатаў Амерыкі. Гавораць, плаціць за іх давялося золатам. А што, сваіх гатункаў было мала? “Гэта культуры, якія, у адрозненне ад мясцовых, можна вырошчваць на плантацыях, яны даюць буйныя ягады, па памерах, ды і па колеры яны больш падобныя да вішань, чым да лясных беларускіх суродзічак, — удакладняе наш гід. — І ўраджайнасць высокая. Скажам, мы з гектара максімальна збіралі да 250 цэнтнераў”.

Цяпер у гаспадарцы 14 гектараў плантацый журавінаў. Зрэшты, галоўнае на базе – усё ж доследы. А ягады, атрымліваецца, нібы пабочны прадукт навуковай работы. Сёлета, па словах Віталя, іх нарыхтавана толькі 15 тон. Калі журавіны выспяваюць, чэкі заліваюць вадой, і спецыяльны камбайн збівае ягады, якія ўсплылі, матавілам. Потым бонавымі агароджамі ягады сцягваюць пад бераг і пры дапамозе транспарцёра загружаюць у кантэйнеры. І гнуцца не трэба!

Акрамя журавінаў, займаюцца на базе і іншымі ляснымі раслінамі. “Мы ўжо заклалі прамысловую дзялянку буякоў, — расказаў. В.Бруй. —Плануем пашырацца. Хоць ёй толькі трэці год, плантацыя дала сёлета нядрэнны ўраджай”.

Дарэчы, кусты буякоў, якія нам паказаў Віталь, больш падобныя да лазовых — у рост чалавека! Ёсць сарты, закупленыя у Польшчы і Германіі, якія добра прыжыліся на беларускай глебе.

Іван Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter