На жодзiнскiх сталах гуляў Якубовiч

У Калінінградзе праходзіў чэмпіянат Еўропы па більярдзе. Лепшыя більярдысты шаснаццаці краін змагаліся за ўзнагароды ў пірамідзе. З медалём вярнулася дадому і беларуская каманда.
— Трэнеры нашай зборнай вырашылі абнавіць састаў, — сказаў карэспандэнту “Р” прэс-сакратар Беларускай федэрацыі більярда Андрэй Смірноў. — У Калінінград паехалі маладыя спартсмены, некаторым з іх было ўсяго па шаснаццаць гадоў. І моладзь даказала, што можа змагацца нараўне з вопытнымі сапернікамі. Парадавала выхаванка Ашмянскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Віялета Клімава. Яна заваявала бронзавы медаль. Дарэчы, семнаццацігадовая вучаніца трэнера Юрыя Седачова яшчэ восенню пазамінулага года не мела спартыўнага разраду. Але затым двойчы займала другія месцы на чэмпіянатах Беларусі, выканала нарматыў кандыдата ў майстры спорту. І вось цяпер — поспех на чэмпіянаце Еўропы. Дарэчы, беларусы вызначыліся на турніры не толькі сваімі спартыўнымі вынікамі. Арганізатары чэмпіянату праводзілі спаборніцтвы толькі на більярдных сталах, вырабленых у Жодзіне. Спецыялісты адзначалі высокую іх якасць. Задаволены жодзінскімі сталамі і вядомы расійскі тэлевядучы Леанід Якубовіч. Ён – заядлы більярдыст, уваходзіць у склад кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі па гэтым відзе спорта. А яшчэ ў Калінінградзе тэлевядучы адзначыў своеасаблівы юбілей. Менавіта тут дзесяць год назад ён упершыню самастойна паляцеў на самалёце.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter