«На вёсцы ніколі галодным не будзеш. Толькі рук не шкадуй...»

У ЛЮБЫ час года прывабныя коласаўскія мясціны ў вярхоўі срэбраводнага Нёмана. Асабліва хораша тут вясной, калі абуджаецца прырода, спевам птушак поўніцца наваколле. Вокнамі на шырокі прынёманскі луг глядзіць двухпавярховы мур Мікалаеўшчынскай сярэдняй школы, які падарыў у пасляваенныя гады землякам беларускі пясняр. Цяпер у некалі багатай на вучняў школе іх толькі каля сотні. Пусцеюць навакольныя вёскі. Бацькі імкнуцца дзяцей выправіць у горад, дзе перспектыў болей. А яшчэ паўвека таму, калі хутаранка Зінаіда Ванагель заканчвала дзесяцігодку, большасць яе аднакласнікаў засталіся працаваць на зямлі. Сялянскую дзяўчыну, якая пасля замужжа стала Зінаідай ЯРАШЭВІЧ, праца на жывёлагадоўчай ферме ўзняла да вяршынь дзяржаўнай славы. За высокія вытворчыя паказчыкі былая аператар машыннага даення кароў, а цяпер загадчыца жывёлагадоўчай фермы «Пагарэлае» ААТ «Радзіма Якуба Коласа» ўзнагароджана двума ордэнамі Леніна, ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны», шматлікімі медалямі і ўдастоена звання Героя Сацыялістычнай Працы. Зінаіда Пятроўна прымала ўдзел у рабоце ХХVІІ з’езда КПСС, мела гонар быць дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР і намеснікам старшыні Савета Саюза.

Навошта 74-гадовай загадчыцы МТФ «Пагарэльцы» ААТ «Радзіма Якуба Коласа», Герою Сацыялістычнай Працы Зінаідзе Ярашэвіч штодня ўставаць а палове чацвёртай і першай прыходзіць на ферму

У ЛЮБЫ час года прывабныя коласаўскія мясціны ў вярхоўі срэбраводнага Нёмана. Асабліва хораша тут вясной, калі абуджаецца прырода, спевам птушак поўніцца наваколле. Вокнамі на шырокі прынёманскі луг глядзіць двухпавярховы мур Мікалаеўшчынскай сярэдняй школы, які падарыў у пасляваенныя гады землякам беларускі пясняр. Цяпер у некалі багатай на вучняў школе іх толькі каля сотні. Пусцеюць навакольныя вёскі. Бацькі імкнуцца дзяцей выправіць у горад, дзе перспектыў болей. А яшчэ паўвека таму, калі хутаранка Зінаіда Ванагель заканчвала дзесяцігодку, большасць яе аднакласнікаў засталіся працаваць на зямлі. Сялянскую дзяўчыну, якая пасля замужжа стала Зінаідай ЯРАШЭВІЧ, праца на жывёлагадоўчай ферме ўзняла да вяршынь дзяржаўнай славы. За высокія вытворчыя паказчыкі былая аператар машыннага даення кароў, а цяпер загадчыца жывёлагадоўчай фермы «Пагарэлае» ААТ «Радзіма Якуба Коласа» ўзнагароджана двума ордэнамі Леніна, ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны», шматлікімі медалямі і ўдастоена звання Героя Сацыялістычнай Працы. Зінаіда Пятроўна прымала ўдзел у рабоце ХХVІІ з’езда КПСС, мела гонар быць дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР і намеснікам старшыні Савета Саюза.

– ДЗЕЦІ і муж дома па тэлевізару глядзелі, як я сядзела ў Прэзідыуме Вярхоўнага Савета СССР побач з Брэжневым, — узгадвае Зінаіда Пятроўна. — Так хвалявалася, што аж дух перахоплівала. Перапоўненая  вядомымі людзьмі агромная зала Крамлёўскага Палаца, і я перад імі разам з членамі ўрада, якіх толькі па тэлевізару раней бачыла. Акрамя Міншчыны, нідзе дагэтуль не была. У Маскве нас пасялілі ў шыкоўную гасцініцу «Расія». Вазілі на экскурсіі не толькі па сталіцы, але і ў падмаскоўныя гаспадаркі, дзе знаёмілі з перадавой арганізацыяй працы на фермах. Здзіўляла ўсё, а ноччу сніла дом, сваю пагарэльскую ферму. Пяць гадоў ездзіла на сесіі Вярхоўнага Савета СССР. І кожны раз перад паездкай у Маскву ахоплівала хваляванне. Там жа, у Крамлі, у жніўні 1988 года Андрэй Андрэевіч Грамыка ўручаў мне ордэн Леніна і Залатую Зорку Героя Сацыялістычнай Працы. Паціснуў руку і так шчыра, напэўна, як зямлячцы, усміхнуўся. Узнагароджвалі перадавых жывёлаводаў з розных куткоў вялікай краіны. З Беларусі зорку Героя атрымаў і загадчык жывёлагадоўчай фермы клецкага племсаўгаса «Чырвоная зорка» Канстанцін Адамавіч Шэстак.

— Зінаіда Пятроўна, а за які надой вы ўдастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы?

— Пяцьдзясят кароў было ў маёй групе, гадавы надой складаў амаль шэсць тысяч кілаграмаў ад каровы. Па рэспубліцы ў той час было ўдвая менш. Трэба добра пастарацца, каб выйсці на такі рубеж. А яшчэ і сям’ю глядзець. Трое дзяцей, муж і састарэлая свякроў, якой сёлета сто гадоў спаўняецца...

— Разам з вамі жыве?

— З першага дня замужжа, як прыйшла сюды, мы — адна сям’я. Вырасла я на ціхім хутары каля недалёкай ад Пагарэлага вёскі Андрушы. Гэта ўсё былыя радзівілаўскія землі, па якіх раней раскідваліся хутары. Усе мае продкі абраблялі іх. Прадзед некалі прыдбаў зямельны надзел, і ён перадаваўся ў спадчыну. На гэтым хутары і я вырасла. Закончыла сярэднюю школу. Пра далейшую вучобу не думала, бо вельмі хварэла маці. Мы ўсёй сям’ёй дапамагалі весці хатнюю гаспадарку. Брат мой Валодзя таксама застаўся ў калгасе, а сястра Галя падалася ў горад вучыцца на прадаўца.

У першае лета пасля выпускнога Зінаіда пайшла ў паляводчую брыгаду. Працавітую дзяўчыну прыкмецілі і прапанавалі ўзначаліць ільнаводчае звяно. У старэйшых калгасніц пераймала майстэрства. Знаходзіла час і на рэпетыцыі ў клубе, выязджала з канцэртамі ў бліжэйшыя вёскі. На адным з выступленняў у Пагарэлым Зінаіда прыглянулася мясцоваму кавалеру Віктару Ярашэвічу. Амаль год сябравалі. На матацыкле ён прыязджаў вечарамі на хутар, пазнаёміўся з бацькамі. Праз год згулялі вяселле, і замужняя Зінаіда Ярашэвіч папоўніла пагарэльскі жывёлагадоўчы калектыў, дзе Віктар працаваў шафёрам. Усё іх сумеснае жыццё непарыўна звязана з гэтай фермай. Пра маладую сям’ю Ярашэвічаў загаварылі не толькі ў акрузе. Іх запрашалі на раённыя, абласныя мерапрыемствы для ўшанавання за вытворчыя поспехі. Ордэнамі Кастрычніцкай рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга адзначаны дасягненні Віктара Іосіфавіча. Гаспадарка пабудавала для гэтай працавітай сям’і двухпавярховы катэдж. Падрасталі два сыны і дачка.

Як на крылах я лётала на працу, паспявала ўпраўляцца з хатняй гаспадаркай. Усё радавала душу. Дзеці раслі моцнымі, на ферме ўсё ладзілася. І раптам — смерць мужа. Гора аглушыла мяне. Было гэта дваццаць гадоў таму. Дзеці ўжо маюць свае сем’і. Нарадзіліся ўнукі, якія толькі па фотакартках ведаюць дзеда. У доме засталіся мы ўдваіх са свякрухаю, якая некалі замяніла чатырнаццацігадоваму Віктару маці, калі ён асірацеў. Надзея Міхайлаўна сустракала нас у дзень вяселля на ганку хаты, зернем на шчаслівае сумеснае жыццё абсыпала, бласлаўляла. Калі ў нас пайшлі дзеткі, дапамагала іх выхоўваць. Цяпер мы ёй дапамагаем.

У прасторным, на два паверхі, доме Зінаіды Пятроўны цёпла і ўтульна. Вёска Пагарэлае газіфікавана,і праблем з палівам няма. Светлая зала на першым паверсе больш нагадвае музей працоўнай славы сям’і Ярашэвічаў. Дыпломы і граматы, памятныя падарункі, вясельны партрэт Зінаіды Пятроўны і Віктара Іосіфавіча. На журнальным століку сярод букетаў кветак у чорнай рамцы партрэт сына Анатоля, які трагічна загінуў у аўтамабільнай аварыі. Яго жонка Ірына Уладзіміраўна чужой у гэтым доме не стала. Тэлефануе Зінаідзе Пятроўне, расказвае пра справы свае і дзяцей, цікавіцца навінамі.

На другім паверсе — прыгожа прыбраны пакой бабулі Надзеі. Дачка Зінаіды Пятроўны Наталля кожныя выхадныя прыязджае з дзецьмі са Стоўбцаў, дапамагаюць упраўляцца па гаспадарцы, якая і цяпер багата на жыўнасць. У студзеньскія маразы вельмі чакалі ацёлу каровы Зоркі. У хлеўчыку пад Вялікдзень перазімавалі кабанчыкі. А курэй, індыкоў, качак не злічыць. Хутка і агарод запатрабуе клопату. Цяплічку зладзілі, і раннюю гародніну не трэба купляць. Дзесяць сотак каля хаты падзелены на садок, агародчык і кветнік, дзе ўжо прачнуліся нарцысы, крокусы, цюльпаны, ірысы. Штогод у полі саджаю  бульбу. Усё гэта трэба не адзін раз за лета прапалоць, а потым і ўбраць. Добра, што дзеці далёка не раз’ехаліся і ўсе разам шчыруюць на бацькоўскім падворку.

— Па грашах я магла б такую гаспадарку і не трымаць, — разважае Зінаіда Пятроўна. — Зарабляю добра, дзеці ўладкаваныя. Але не магу, каб хлеў пуставаў. Як можна жыць у вёсцы і нічога не трымаць? Рукі скласці і сядзець, марна бавіць час я не прывыкла. У нашых сялян усе ўмовы для вядзення хатняй гаспадаркі. Дырэктар ААТ «Радзіма Якуба Коласа» Аляксандр Карнічэнка ўсяляк падтрымлівае руплівых гаспадароў. Тым, хто трымае кароў, выдзяляюць сена. Выпісваюць збожжа, аказваюць механізаваную дапамогу ў вырошчванні бульбы. Толькі не лянуйся.

— Зінаіда Пятроўна, але, акрамя такой трывалай падтрымкі, трэба  і  самому  рукі прыкласці. А вы яшчэ і загадчыца вялікай малочна-таварнай фермы.

— Амаль чвэрць стагоддзя ўзначальваю пагарэльскую жывёлагадоўчую ферму, дзе ўтрымліваецца 1600 галоў буйной рагатай жывёлы, з іх — дзвесці дойных кароў. У шасці жывёлагадоўчых памяшканнях размешчана ўсё пагалоўе. Больш за трыццаць чалавек абслугоўвае яго. Нашы даяркі Ніна Зеньковіч, Зінаіда Ланкевіч, Лідзія Кулундук і Святлана Нагорная летась надаілі амаль па дзесяць тон малака ад кожнай каровы. Пра такое ў свой час я толькі марыла. І ў гэтыя вясновыя дні надоі ў нас на ўзроўні. Кармавая база трывалая. Рацыёны збалансаваныя, таму і прадукцыйнасць высокая. Плённа працуюць і нашы даглядчыкі Дзмітрый Шыбецкі, Сяргей Хвідзько, Мікалай Сухаверх. Сярэднесутачнае прыбаўленне ў вазе кормнікаў яны стабільна трымаюць не менш аднаго кілаграма. А як старанна даглядае цялятак Галіна Шыбецкая. Ёй ніколі не трэба нічога падказваць. Заўсёды ва ўсім парадак і ў раздатчыкаў кармоў Юрыя Рымашэўскага і Ігара Станкевіча. Дзякуючы старанню кожнага жывёлавода і вынікі добрыя. Толькі наша ферма штодня пастаўляе больш як пяць тон малака, а гаспадарка давяла дзённы продаж да 25 тон. Гэта спрыяе росту заробкаў. Менш чым шэсць мільёнаў нашы даяркі не атрымліваюць. А маглі мець і большыя заробкі, каб наша малако адпавядала класу “экстра”. Таму імкнемся наладзіць вытворчы працэс, каб больш якаснай была прадукцыя.

— Зінаіда Пятроўна, ваш працоўны стаж падзелены на два працяглых этапы. Спачатку даілі кароў, а потым узначалілі ферму. Якая праца больш складаная?

— У мае часы, каб даіць кароў, патрэбна была фізічная сіла, а кіраваць людзьмі немагчыма без жыццёвай мудрасці. Пачынала я з дваццаці цялушак. Сама набірала групу і раздойвала. Усё рабіла ўручную. Вядома, цяжка было. Але я прывычная да працы. З малых гадоў даіла сваю карову. Дваццаць восем гадоў даяркай адпрацавала. Кожную карову старанна даглядала, каб сытай і чыстай была. Мянушкі ім ласкавыя давала. Былі ў мяне Любімкі, Сняжынкі, Красулі. Я ніколі груба кароў не называла. І яны гэта адчувалі. Надоі пастаянна раслі. Асабліва важна ў пачатку лета не ўпусціць час вялікага малака, калі трава на вачах расце. Хоць і кажуць, што малако ў каровы на языку, але поспех залежыць і ад старання даяркі. Карова можа быць сытай, але з-за чагосьці не аддасць усё малако. Гэта жывая істота, як усё на свеце хоча цяпла і ласкі.

— Вопыт прыходзіў паступова, вас сталі адзначаць. Ці помніцца першая працоўная ўзнагарода?

— А ці такое можна забыць? Калі на нашай пагарэльскай ферме ўсталявалі малакаправод, значна палегчылася праца. Мы сталі аператарамі машыннага даення кароў. Не трэба было ўжо надрывацца і цягаць бітоны малака. Я павялічыла дойную групу да пяцідзесяці кароў. Гадавы ўдой ад каровы давяла да чатырох з паловай тысяч кілаграмаў, за што атрымала свой першы залаты медаль ВДНГ і аўтамабіль «Масквіч».

— Заставалася толькі пайсці вучыцца ў аўташколу?

— Не да аўташколы было. Мяне чакала ферма. У чатыры гадзіны раніцы без выхадных штодня на працягу ўсіх гадоў, як салдат на варце. Ужо дваццаць чацвёрты год кірую фермай і ніяк не магу сабе дазволіць паспаць да ранку. А на тым «Масквічу» было каму ездзіць. Два сыны і муж — прафесійныя вадзіцелі. Сабе купіла веласіпед і ў любое надвор’е дабіраюся да фермы. Мне яшчэ дарылі адну аўтамашыну, калі працавала ўжо загадчыцай. Сярэднегадавы ўдой ад каровы па нашай ферме ў 2000 годзе склаў сем тон. На абласным злёце перадавікоў мне як кіраўніку лепшай малочна-таварнай фермы ўручылі аўтамабіль «Жыгулі». Унук Валодзя ездзіць на ім. А я па-ранейшаму не здраджваю свайму веласіпеду. Устаю а палове чацвёртай і першай адпраўляюся на ферму.

— А чаму так рана? Няўжо дойку пачынаеце сярод ночы?

— Даіць пачынаем у чатыры гадзіны, а я павінна быць раней, каб ведаць сітуацыю. Раптам нехта захварэў, ці што іншае здарылася. Мне трэба неадкладна прыняць рашэнне. Каровы чакаць не будуць. У іх дакладны рэжым.

— Кіраўніку патрэбны тэхналагічныя веды?

— Безумоўна. Абсталяванне ферм пастаянна мадэрнізуецца, прыходзяць сучасныя тэхналогіі і многа іншага новага. Кіраўнік не мае права адставаць. У сорак два гады паступіла завочна вучыцца ў Смілавіцкі саўгас-тэхнікум на заатэхнічнае аддзяленне і закончыла яго з адзнакай. Практычны вопыт замацавала тэарэтычнымі ведамі. Мне лягчэй стала працаваць.

— Зінаіда Пятроўна, адкуль сілы, каб спраўляцца і на ферме, і дома?

— Летам мне споўніцца 74 гады. Можна ўжо і супакоіцца. Але ўявіць сябе без працы ніяк не магу. Кожны дзень дакладна распісаны. Не ведаю выхадных, хаця маю на іх права. Расслабляцца не хачу. А сілы дае жаданне жыць, дапамагаць дзецям, унукам. Дачакалася ўжо і праўнучкі. Лёгкім жыццё не бывае, цяжкасці гартуюць. Вельмі балюча губляць блізкіх людзей. Здавалася, сэрца разарвецца пасля страты сына, але праца неяк прытупіла боль. Хаця для маці гэты смутак — на ўсё жыццё.

— І ўсё ж, ці былі ў вашым жыцці моманты, калі адчувалі сябе шчаслівай?

— Мо шчасце ў тым, калі табе не спіцца і ёсць куды ісці, дзе цябе чакаюць?

— Зінаіда Пятроўна, у многіх гаспадарках вострая праблема кадраў на фермах. Ні высокія заробкі, ні прадастаўленне жылля не заахвочваюць маладых пайсці ў жывёлагадоўлю. Як у вас гэта вырашаецца?

— Працаваць ёсць каму на нашых фермах. А як будзе далей — час пакажа. У кожнай вобласці Беларусі ёсць аграрныя каледжы, дзе рыхтуюць спецыялістаў сярэдняга звяна. Чатыры аграрныя вышэйшыя навучальныя ўстановы штогод выпускаюць кваліфікаваных спецыялістаў. А да вёскі даязджаюць далёка не ўсе. Куды знікаюць астатнія? Дзяржава траціць немалыя сродкі на падрыхтоўку кадраў АПК. Як зрабіць, каб, як некалі мы, без прымусу выбіралі вёску, якая, дарэчы, цяпер па бытавых умовах нічуць не ўступае гораду? Вельмі цяжка нешта параіць. Вось я калісьці засталася ў калгасе і цяпер маю ўсё: і пашану, і матэрыяльна забяспечана, і маральна задаволена. І сем’і маіх дзяцей трымаюцца дзякуючы вёсцы. Хачу, каб і ўнукі не парывалі гэту сувязь і знайшлі сябе тут. На зямлі ніколі галодным не будзеш. Толькі рук не шкадуй...

Уладзімір СУБАТ, «СГ»

Фота аўтара

Стаўбцоўскі раён

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter