Своечасовыя бонусы глыбоцкіх кааператараў дазваляюць ім вытрымліваць канкурэнцыю з прыватнымі гандлярамі

На вёскi ў «оптаў» няма апетыту

КАЛІСЬЦІ, а канкрэтней у другой палове мінулага стагоддзя, глыбоцкія кааператары грымелі на ўвесь былы Савецкі Саюз. Пра іх нават быў зняты фільм з трохі іранічнай назвай «Гэта ціхае жыццё ў Глыбокім». Ехалі за вопытам да глыбачан, як гандляваць, і пасля развалу Саюза. Аднак у апошнія гады малюнак рэзка памяняўся. І на тое ёсць аб’ектыўныя прычыны: як грыбы пачалі расці крамы іншых форм уласнасці. У адным Глыбокім іх 206 (у райспажыўтаварыстве — 25). Падобнага, відаць, няма ні ў адным райцэнтры рэспублікі. Да таго ж на галоўнай плошчы гмах «Еўраопта», дзе ўсяго навалам і па прывабных цэнах і куды едуць за пакупкамі нават з суседніх раёнаў. Але мясцовыя кааператары і не збіраюцца здавацца, смела канкурыруюць.

 Аўтамагазін у вёсцы Запруддзе.

АСАБЛІВА неабходна адзначыць плённую і такую неабходную работу спажыўкааперацыі ў сельскай мясцовасці, дзе ёю абслугоўваецца 348 вёсак. Прычым у 140 — пражывае па 10 жыхароў у сярэднім у кожнай, а ў 128 — ад 10 да 50.

У такім разе, як паведаміла намеснік старшыні райспажыўтаварыства Любоў Чарапкоўская, асноўная нагрузка — на 10 аўтамагазінаў. За кожным з іх замацавана 24—27 населеных пунктаў з такім разлікам, каб пабываць там як мінімум 2 разы ў тыдзень. Вызначаны канкрэтны час, калі аўтамагазін будзе ў той ці іншай вёсцы. Дарэчы, аўтамагазіны спыняюцца нават у тых вёсках, дзе ёсць крамы. Напрыклад, у Мярэцкіх іх ажно дзве: райспажыўтаварыства і прыватная, але яны адна непадалёку ад другой, а вёска цягнецца на пару кіламетраў. Аўтамагазін спыняецца ў канцы вёскі, і людзі з ахвотай атаварваюцца там і вельмі ўдзячныя прадаўцу. У большасці выпадкаў вадзіцель крамы на колах сам і рэалізуе прывезены тавар. Так сумяшчаюць прафесіі перадавікі Леанід Кухта і Сяргей Набароўскі. Апошні занесены нават на раённую дошку Гонару.

У апошнія гады абноўлены парк аўтамагазінаў: набыта 6 новых машын, якія аснашчаны касавым, халадзільным і гандлёвым абсталяваннем, электрагенератарам. У чатырох аўтамагазінах устаноўлены тэрміналы для безнаяўных разлікаў банкаўскімі карткамі. Неўзабаве такія плацежныя тэрміналы будуць і ў астатніх крамах на колах.

Райспажыўтаварыства цесна супрацоўнічае са старэйшынамі вёсак, улічвае іх заўвагі і пажаданні. Так, па просьбе старэйшыны вёскі Мосар Ніны Дзям’янчык зроблены яшчэ адзін прыпынак аўтамагазіна праз 500 метраў, дзе жывуць васьмідзесяцігадовыя пенсіянеры Марыя Клімантовіч і Ганна Ткачонак, былі ўнесены змяненні ў асартымент тавараў, адладжваўся графік руху саміх машын.

У агульным тавараабароце райспажыўтаварыства на аўтамагазіны даводзіцца 12,4 працэнта.

Аўтамагазіны патрабуюць дадатковых затрат на гаручае, запчасткі, бо праязджаюць сотні кіламетраў кожны дзень. І не накручваць жа гэтыя выдаткі на тавар, які набывае і так не надта багаты вясковец. Таму Глыбоцкае райспажыўтаварыства не «здае» горад, як бы там ні раскашавалі «Еўраопт» і ўладальнікі прыватных крам, каб за гэты кошт зменшыць расходы на аўтамагазіны. Для гэтага праведзена рэарганізацыя сістэмы: выдзелены 2 прадпрыемствы, УП «Глыбокаегандаль» і УП «Глыбокаегазпрамгандаль», якія пачалі работу, як кажуць, з чыстага ліста. Праведзена аптымізацыя стратных гандлёвых аб’ектаў. Каб атрымаць максімальную аддачу і быць канкурэнтаздольнымі, мадэрнізаваны 4 магазіны: «Родны кут», супермаркет, «Мэбля», універмаг — гандлёвай плошчай звыш 400 квадратных метраў кожны.

Прадавец магазіна «Родны кут» Юлія САЛАВЕЙ.

Штомесячна фарміруецца акцыйны пакет тавараў па зніжаных цэнах за кошт памяншэння цаны пастаўшчыка-вытворцы і зніжэння ўласных гандлёвых надбавак. Такім чынам рэалізавана тавараў на 225 тысяч дэнамінаваных рублёў.

Штодзённа з 9 да 10 гадзін раніцы ў дысконт-магазіне «Родны кут», супермаркеце «Цэнтральны» пакупнікам прадстаўляецца скідка на тавар у памеры 5 працэнтаў. А на акцыі «Дзень імянінніка» пры прад’яўленні пашпарта і наогул да 10 працэнтаў.

Шырока практыкуецца выязны гандаль на рынак, пляцоўкі райцэнтра, а таксама правядзенне кірмашоў. Стаўка робіцца на беларускія тавары, якія займаюць у асартыменце звыш 92 працэнтаў.

У стадыі распрацоўкі інвестыцыйны праект па ўстаноўцы новага тэхналагічнага абсталявання па гарачай выпечцы хлеба ўласнай вытворчасці і кулінарных вырабаў у двух аб’ектах грамадскага харчавання, што дазволіць істотна знізіць энергазатраты.

Сёлета па ініцыятыве старшыні райвыканкама Алега Морхата прынята распараджэнне аб аказанні дапамогі спажыўкааперацыі ў нарыхтоўчай дзейнасці. У прыватнасці, прадпрыемствам даведзена заданне па нарыхтоўцы яблыкаў, закупленых у насельніцтва, і здачы іх на Падсвільскі вінзавод.

Словам, робіцца ўсё для таго, каб не толькі «выжыць» у канкурэнцыі, але больш поўна і якасна абслужыць жыхароў раёна.

saulich@bk.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter