На “Вячэру” да Таццяны Мархель

Заслужаная артыстка Беларусі запрашае нас зусім не на бліны, а на вечаровую размову пра сэнс існавання на зямлі. Яна прапануе зазірнуць углыб чалавечай душы, адчуць сувязь з продкамі... Менавіта такія памкненні ўзнікаюць у час спектакля па п’есе Яўгена Шабана “Вячэра”, прэм’ера якога нядаўна адбылася ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі.
Як на светлае развітанне
— Чым, на ваш погляд, “Вячэра” можа быць каштоўнай для гледача?
— Яўген Шабан даў мне пачытаць свой твор яшчэ дваццаць гадоў таму. Увасобіць задуму аўтара ўдалося ў тэлефільме рэжысёра Надзеі Гаркуновай. А цяпер, калі прайшло шмат часу, я зноў звяртаюся да гераіні гэтага твора, толькі ўжо ў тэатральнай пастаноўцы і раблю акцэнт не на побытавым жыцці, а закранаю філасофскі пласт існавання чалавека. Гэта для мяне нашмат цікавей. Яўген вельмі любіў сваю маці, таму і п’еса напісана такой жывой мовай, з гумарам.
— Назву спектакля “Вячэра” нехта можа перакласці з беларускай мовы як “ужин”...
— Не. Мая “Вячэра” — гэта не яда. Хутчэй гэта вячэра біблейская. Галоўная гераіня любіць жыццё. Яна размаўляе з жывёлінай, як з чалавекам. Яна вельмі шкадуе суседскага сабаку, якога не кормяць гаспадары. Але сабачая любоў бязмерная да гэтых людзей. Я папрасіла, каб мяне і актрысу, што іграе Шарыка, вывелі ў спектаклі на першы план сцэны. Каб глядач бачыў мае вочы і вочы сабакі. Я кажу яму: “Шарык, ты таксама любіш і верыш?” (На вачах Таццяны Рыгораўны слёзы. — Аўт.) На спектаклі, праўда, я так не “праколваюся”, як цяпер. Я гэты кавалак п’есы іграю так, каб паказаць, што сабакі бываюць больш высакароднымі, чым людзі. Мая “Вячэра” — гэта як светлае развітанне з усім жывым.
— У вашым творчым жыцці яшчэ былі монаспектаклі?
— Так. Яго ставіў рэжысёр Мікалай Пінігін, да якога я прыйшла з прапановай зрабіць спектакль, які б паказаў кола жыцця чалавека ад нараджэння да смерці ў песні. Ён пагадзіўся і дабавіў да маіх песень яшчэ ўрыўкі з Евангелля ад Мацфея. 
— А колькі ў вас усяго песень?
— Ой, я іх ніколі не лічыла. А калі прыйдзецца, то ўспомню.
— Складана быць адзін на адзін з залай?
— Не. Спачатку я вельмі баялася. А пасля неяк зразумела, што я нічога дрэннага не раблю. І стала няцяжка, нават прыемна.
У тэатр, як у іншы свет
— Ці здаралася вам іграць чужую для сябе ролю?
— Прыходзілася.
— Чытала ў адным з вашых інтэрв’ю, што вы для таго, каб увайсці ў ролю ў спектаклі “Жанчыны Бергмана”, перачытвалі Карла Юнга...
— Валерый Анісенка, які ставіў гэты спектакль, быў упэўнены, што я сыграю гэту ролю. Упершыню перад гледачом я паўстала ў вобразе сусветнай зоркі. На тэатральным форуме “Залаты Віцязь” я за гэту ролю была адзначана за лепшае ўвасабленне жаночай ролі.
— Што вам, акрамя псіхалогіі, яшчэ дапамагае ў прафесіі?
— Само жыццё. Усё, што напісана, — пра чалавека. Наогул у нашым жыцці нічога сутнасна не мяняецца: каханне, здрада, смерць. Гэта кола даволі абмежавана фізічна. Мітусня нейкая. Калі б гэту “бегатню” неяк можна было б адкінуць, то чалавечае жыццё было б больш яскравым.
— Вы ўжо больш за сорак гадоў на сцэне. Не шкадуеце, што абралі такую складаную прафесію?
— Не. Што вы?! Я скончыла медвучылішча, пасля ў медінстытуце вучылася трохі. У тэатральны паступала адразу пасля школы, але не паступіла. Калі на праслухоўванні пачала чытаць, камісія мне сказала: “Спасибо”. Гэта я цяпер разумею, што ўсіх так спыняюць. А тады я падумала, што мелі на ўвазе: “Спасибо, идите вы отсюда”. Я палічыла, што гэта такая абраза. Ішла каля Свіслачы і думала, што больш ніколі не буду спрабаваць паступаць. Адпрацавала два гады медсястрой. Хадзіла ў драматычны гурток. Трошкі асвоілася ў горадзе.
Тэатр — гэта цікава. Столькі жыццяў пражываеш! Можаш ісці на спектакль у любым настроі. Прыходзіш, накладваеш грым, апранаеш касцюм — і ў цябе адразу блішчаць вочы. Выходзіш у спектакль, як у іншы свет.
— Аднак нездарма кажуць: “Жыццё пражыць — не поле перайсці”. Для вас гэта задача ўскладняецца ў дзесяткі разоў.
— Але я вам павінна сказаць, што тэатр — гэта гульня. І ў гэтым ёсць кайф. Калі ў жыцці, не прывядзі Божа, нейкія непрыемнасці і ты плачаш, кайфу ў гэтым ніякага. А калі ты плачаш на  сцэне, і на сцэне такія страсці адбываюцца... Толькі, праўда, бываюць вельмі цяжкія ролі. Калі я іграю “Чарнобыльскую малітву” па п’есе Святланы Алексіевіч, баліць пасля сэрца. Гэта так страшна — лёс чарнобыльскай вёскі, яе жыхароў, маёй гераіні. Але я іграю яго светла, без надрыву.
— Якімі якасцямі характару, на ваш погляд, трэба валодаць, каб дасягнуць поспеху ў акцёрскай прафесіі?
— Галоўнае, каб было цікава, а ўсё астатняе само неяк “накруціцца”. Ёсць акцёры, якія самі шукаюць сабе п’есы, ролі, рэжысёраў, такім чынам самі сабе ствараюць рэпертуар. Мне “самаадміністраванне” не зусім падыходзіць. Люблю, калі роля прыходзіць неяк нечакана. Так весялей.
— Немалаважна яшчэ для акцёра мець добрую памяць!
— Памяць? Так. Але гэта не самае галоўнае.
— А што галоўнае?
— Зразумець таго чалавека, якога ты будзеш іграць. Спачатку ты вывучаеш тое, што напісаў аўтар. А пасля да сябе адаптуеш. Калі роля вельмі захоплівае, то адразу ўваходзіш у вобраз. А калі не, то ходзіш цэлы дзень, думаеш. Кажуць, што роляй трэба “зацяжарыць”. І яшчэ: роля, не амытая слязьмі, — не роля. Бывае, калі нешта не атрымліваецца, знаходжуся ў паніцы, плачу. Дачка мая, яна таксама актрыса РТБД, тады мяне супакойвае: “Мама, бачыла калі-небудзь, каб я плакала?”
— Вы вядомая па ролях у кіно. А зараз здымаецеся?
— Цяпер ужо менш, канешне. Апошняя мая работа была ў фільме рэжысёра Аляксандра Яфрэмава “Рифмуется с любовью”. Я іграла бабулю, якая прыходзіць да сваёй невылечна хворай унучкі, прыносіць гасцінцы ўрачам, а яны іх выкідваюць, бо і грыбы, і яблыкі раслі ў чарнобыльскай зоне. Мы зрабілі добры, на мой погляд, эпізод. Там ёсць лёс чалавека.
Жаночы партрэт
— Вобраз Васіліны, створаны вамі ў монаспектаклі “Вячэра”, яшчэ адна частачка мазаікі ў характары беларускай жанчыны?
— Жанчыны, перадаць вобраз якіх мне найбольш удавалася і якіх я з задавальненнем іграла, — простыя, як кажуць, народнага плану. Гэтыя жанчыны і тыя, што жылі побач у маёй вёсцы, і гераіні перадачы “Запрашаем на вячоркі”, якую я вяла на тэлебачанні, — усе розныя, але ў характары кожнай з іх — высакароднасць, аптымізм, пачуццё гумару, мудрасць.
— А чым яшчэ вам запомнілася жыццё ў вёсцы?
— Як хадзілі ў калгас на працу за “палачкі”. Не плацілі нічога. Пашпарта ў вёсцы ніхто не меў. Як быццам на галерах, як прыкутыя. І калі ўжо нехта ішоў у раён, то тады давалі пашпарт. Гэта была вялікая радасць. Але ў той жа час жыццё ў вёсцы было светлае. Можа, я была малая, і мне так здавалася? Ды не! Не было п’янства такога. Былі гумар, унутраны спакой, любоў адзін да аднаго. У нас у вёсцы рабілі так: аднаму выбіраюць бульбу, тады другому, трэцяму. Талакою! Не было такога, каб штурхалі рукамі і лезлі: хапай, хапай, і каб у суседа карова здохла. Для ўсіх гэта было гора, калі здаралася такое.
— Раскажыце пра сваіх бацькоў. На каго вы больш падобная?
— Калі я была яшчэ малая, мама казала, што я падобная на бацьку. Тата загінуў на вайне. Ён мяне вельмі любіў. Мама расказвала, як немцы былі, тата садзіў мяне на шыю, і мы беглі хавацца да балота. Немцы палілі некалькі разоў нашу вёску. Мне вельмі не хапала бацькі ўсё жыццё. І калі мы з маім мужам разышліся, і мае дзеці з дзесяці гадоў раслі без бацькі, зноў адчуваўся недахоп мужыка ў хаце. Многія аднавяскоўцы, убачыўшы мяне ў спектаклі, кажуць: “Ой, Кірылаўна”. Я ўзяла ад мамы пачуццё гумару, навучылася ў яе глядзець з верай у будучае, нягледзячы ні на што. Калі б у яе была магчымасць вучыцца, то яна б дасягнула добрых поспехаў у жыцці, бо была вельмі таленавітай.
— Вы ў “Шляху ў Царград” іграеце Наркацарыцу. Я сама бачыла, як гледачы плакалі ад смеху. А вы адчувалі гэта і працягвалі “здзекавацца” з нас. Вам падабаецца іграць камедыйныя ролі?
— З задавальненнем на іх згаджаюся! Больш за ўсё на свеце люблю пасмяяцца з нечага. За пачуццё гумару магу многае дараваць.
Крыніцы радасці
— Чалавеку творчаму патрэбна натхненне. А дзе вы яго бераце?
— У прыроды.
— А якую пару года вы больш за ўсё любіце?
— А ўсе люблю.
— А надвор’е для вас мае нейкае значэнне?
— Ой, мае! Я вельмі люблю буру, маланку, вецер, каб аж трашчала ўсё за акном. (Залівіста смяецца. — Аўт.) Раней я любіла вясковы вечар, калі каровы ідуць, пыл такі падымаецца, і яны: “м-м-м”. Сонца садзіцца і... цішыня.
— Ці ёсць у вас любімы афарызм?
— У тэатры можна працаваць, калі не працаваць, але калі працаваць, то лепш не працаваць. Гэта я сама прыдумала.
— Якім дасягненнем у жыцці вы больш за ўсё ганарыцеся?
— Любоў гледача для мяне вельмі важная. Яна дае мне сілы. Я наогул чалавек закамплексаваны. Гэта засталося і цяпер, але менавіта тэатр і глядач дапамаглі мне палюбіць сябе.
— Назавіце чалавека, знаёмства з якім паўплывала на ваш светапогляд.
— Уладзімір Караткевіч.
— Самая каштоўная парада, якую вы атрымалі ў жыцці?
— Ісці вучыцца ў тэатральны інстытут.
— Якое пачуццё вы хацелі б яшчэ адчуць?
— Каханне. Калі не сустрэну, то сама сабе нешта прыдумаю.
— Як гэта?
— Памятаю, у дзяцінстве быў у нас у вёсцы такі гарманіст, рыжы. Я думаю, на танцы не пайду, бо, як прыйду ды як пачну на яго глядзець, усе адразу зразумеюць, што ён мне падабаецца. Я прыходзіла пад акно. Там рос бэз. Я ў гэты бэз залазіла і ўвесь вечар глядзела, як ён іграў на гармоніку.
— Што вас у апошні час вельмі ўразіла?
— Адносіны паміж людзьмі мяне ўжо не ўражваюць. Нічога новага ў іх няма. Мяне ўражвае ўзыход сонца. Калі я доўга гля-джу і сцішуся, я проста кожнай раніцы плачу.
— Вы — шчаслівы чалавек.
— Думаю, што так.
— Дзякуй за інтэрв’ю. Віншую вас з прэм’ерай!
Радкі з біяграфіі
Актрыса нарадзілася ў вёсцы Шпакоўшчына Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці. У 1963 годзе скончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, працавала ў Гродзенскім і Магілёўскім абласных тэатрах, а затым 16 гадоў — у Беларускім тэатры імя Якуба Коласа ў Віцебску, з 1993 года — у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Любоў і прызнанне гледача ёй удалося заслужыць дзякуючы глыбокаму пранікненню ў сутнасць нацыянальнага характару, мілагучнай мове, таленавітаму выкананню старадаўніх беларускіх песень, якія яна пераняла ад мамы. У жыцці яна такая ж, як і на сцэне, — прыгожая, шчырая, мудрая.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter