Беларусь Сегодня

Минск
+16 oC
USD: 2.04
EUR: 2.32

У Тальяці мясцовыя беларусы ў чарговы раз адзначылі традыцыйнае свята сваіх продкаў-хлебаробаў

На Волзе справілі “Дажынкі”

У Тальяці, знакамітым расійскім Аўтаградзе, мясцовыя беларусы ў чарговы раз адзначылі традыцыйнае свята сваіх продкаў-хлебаробаў
У Тальяці, знакамітым расійскім Аўтаградзе, мясцовыя беларусы ў чарговы раз адзначылі традыцыйнае свята сваіх продкаў-хлебаробаў


Людміла Дзёміна – душа тальяцінскіх “Дажынак”. Фота: Сяргей Шылкін

У сучаснай гарадской культуры, як вядома, зусім не тыя сімвалы, вобразы, рытмы, спевы, ды і танцы, што былі ў нашых продкаў. Між тым даследчыкі лічаць: менавіта лад жыцця, праца на зямлі моцна паўплывалі на станаўленне духоўнай культуры беларусаў. І для таго, каб быць у плыні народных традыцый, не адрывацца ад родавых каранёў, беларусам варта ведаць: як жылі людзі раней, у што верылі, чым упрыгожвалі жыццё пад час працы ў полі ці дома, пасля яе.

Безумоўна, не трэба ўсіх беларусаў, як кажуць, абуваць у лапці... Варта ж толькі пагартаць працы даследчыкаў пра жыццё ў Вялікім Княстве Літоўскім, каб зразумець: была ў нашага таленавітага народа і элітная, вытанчаная, шляхецкая культура. Прычым такога ўзроўню, як у лепшых вяльможных маёнтках ды гарадах Заходняй Еўропы. Мы ж, у Тальяці, па традыцыі ўжо кожную восень адзначаем свята хлебаробаў. Сёлета Мясцовая грамадская арганізацыя “Беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія “Нёман” гарадской акругі Тальяці”  прымеркавала беларускае свята да дня выбараў: яны, як вядома, праходзілі ў Расіі 18 верасня. Сваю імпрэзу мы ладзілі ў 91-й школе.

У той дзень, можна вобразна сказаць, былі сімвалічныя “дажынкі” ў тых, хто збіраў галасы выбаршчыкаў. На першым паверсе ў будынку школы працаваў буфет: прадаваліся розныя смачныя піражкі, пірагі, ватрушкі ды гарачыя чай, гарбата. Пасля галасавання жыхары раёна падымаліся ў святочна ўпрыгожаную актавую залу: мы разгарнулі там прыгожую выставу народнай творчасці беларусаў. Гучала беларуская музыка, потым была і цікавая канцэртная праграма.

На нашых “Дажынках” выступалі ансамблі беларускай песні “Купалiнка”, дзіцячы ансамбль “Зорачкi”, народны ансамбль танца “Кредо” з Палаца культуры і тэхнікі, а таксама таленты з самой 91-й школы. Вялі канцэрт Вера Скібінская і Крысціна Падасян, адначасова і знаёмілі гасцей з традыцыямі беларускіх земляробаў. Вядома ж, па даўняй традыцыі ўшанавалі гаспадароў поля. А якое, спытаеце, у горадзе поле? Культурна-адукацыйнае! Хлеб-соль намесніку дырэктара школы па выхаваўчай працы ўручыла салістка ансамбля Алена Марозава.

У гурце “Зорачкi” – новыя ўдзельніцы, яны выконвалі вясёлыя песні пра дранiкi. Марыя Шылкіна прачытала вершы пра хлеб, а Валерыя Пыціна – пра смачны каравай. На беларускай мове гучалі песні “Музыка, мама і я”, “Мы малюем”. Парадавала гасцей салістка “Купалiнкі” Алена Марозава: хораша праспявала песню “Лети, перышко”. Голас, заўважу, у дзяўчыны цудоўны, і спявае Алена душой. Дарэчы, талент мае не толькі сцэнічны: яна ж яшчэ і кандыдат у майстры спорту па ушу.

Актавая зала 91-й школы, з якой мы ў творчым сяброўстве,  – на 300 гледачоў. Многія з жыхароў раёна ведаюць нашы ансамблі, з задавальненнем прыходзяць на сустрэчы з артыстамі. Пасля канцэрта казалі, што заўважылі абнаўленне ўдзельнікаў у складзе ансамбляў, хвалілі нас і за новы рэпертуар: “Галасы новыя, і твары, і песні таксама. Малайцы, беларусы, так трымаць!” Прыемна чуць такое. Нас запрашалі часцей даваць канцэрты. Што ж, будзем старацца!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...
Новости и статьи