На Волзе шануюць Купалу

Пад час святкавання 40-годдзя з часу адкрыцця музея Песняра ў сяле Пячышчы пад Казанню выкрышталізавалася прыгожая ідэя: паставіць на беразе Волгі металічны помнік знакамітаму пісьменніку-беларусу
Пад час святкавання 40-годдзя з часу адкрыцця музея Песняра ў сяле Пячышчы пад Казанню выкрышталізавалася прыгожая ідэя: паставіць на беразе Волгі металічны помнік знакамітаму пісьменніку-беларусу


Кіраўнік Беларускай суполкі Татарстана “Спадчына” Сяргей Марудэнка — пэўна, адзін з тых, хто мае да гэтай задумы непасрэднае дачыненне. Мы гутарылі з ім на з’ездзе Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі”, які праходзіў у Маскве ў 20-х чыслах траўня. І зямляк жыў тады клопатамі пра будучае свята. Чакалася на Волзе дэлегацыя з Беларусі, з Купалаўскага музею, на чале з яго дырэктаркай Аленай Ляшковіч. І ў гаспадарлівага, энергічнага гендырэктара Эксперыментальна-вытворчага завода са складанай абрэвіятурай “ВКНИИВОЛТ” было шмат ідэй, скіраваных на пашырэнне “беларускай прысутнасці” ў Татарстане. Ну а пра Пячышчы і створаны там Музей Купалы ён расказваў з такім захапленнем! Згадваў пра высокіх гасцей з Беларусі, якія там пабывалі. Адзін дык увогуле, хоць часу бракавала, завінуўся паехаць туды на ноч гледзячы, і прыйшлося ж Сяргею Паўлавічу такія шматхадовыя камбінацыі правярнуць. Ды ўсё цудоўна атрымалася! А другі, хоць на цеплаходзе па Волзе катаўся, губу скрывіў, “у госці да Купалы” не паехаў. І ў хуткім часе — ну ёсць жа Бог на свеце, кажа зямляк — пачаліся ў яго праблемы са здароўем. Бо да святыні, дададзім, стаўленне павінна быць адпаведным. А што Купала ёсць святыня для беларусаў — хто ж будзе адмаўляць?..

Чаму ж падаецца мне, што менавіта Сяргей Паўлавіч і падаў ідэю помніка Янку Купале ў Пячышчах? Бо не сакрэт: на яго заводзе якраз і адліваюць унікальныя помнікі, якія стаяць ужо ў розных гарадах Расіі ды і за яе межамі. Дарэчы,  ужо год, з 5 верасня 2014-га (Віншуем, паважаны зямляк!) Сяргей Марудэнка мае статус Ганаровага консула Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Татарстан, да таго ж ён — член камісіі Грамадскай палаты Татарстана па пытаннях эканамічнага развіцця. Што азначае: ягоная прапанова — то не проста прыгожыя словы, а прадуманае, узважанае рашэнне.


Мясціна на беразе Волгі, дзе створаны Музей Купалы

І, дарэчы, грамадскі рух расійскіх беларусаў у бок Пячышчаў ужо адчуваецца. У праватнасці, Алена Ляшковіч расказала: будучы ў Мінску, з ёй сустракаўся ў Купалаўскім музеі Сяргей Кандыбовіч. Ён, як вядома, узначальвае ФНКА “Беларусы Расіі”. Помнік Янку Купале ў Пячышчах, па яе словах, беларусы Расіі маюць намер адкрыць да 135-годдзя Песняра — у 2017-м. “Гэты помнік самі беларусы Татарстана прапанавалі зрабіць, калі я была на пачатку чэрвеня на ўрачыстасцях у Пячышчах, — далікатна абыходзіць згадку пра аўтара ідэі Алена Ляшковіч. — І мы падключыліся да справы. У прыватнасці, вядомы скульптар Павел Вайніцкі ўжо робіць эскіз, прычым амаль бясплатна. А на заводзе, якім кіруе Сяргей Марудэнка, помнік адальюць па сабешкошце: у знак павагі да Янкі Купалы і да Беларусі. З Сяргеем Кандыбовічам пад час нядаўняй сустрэчы дамовіліся: падрыхтуем інфармацыю пра будучы праект — устаноўку помніка Янку Купале — і размесцім яе на сайце ФНКА “Беларусы Расіі” для абмеркавання. Пасля будзем шукаць спонсараў ці адкрываць дабрачынны рахунак для ажыццяўлення праекта”.

Купалаўцы на чале з Аленай Ляшковіч завезлі калегам у Татарстан — Музеем Купалы там кіруе Рыма Абызава — новую выставу: адкрылі яе і падаравалі музею. Пра тое, як праходзіла свята, ёсць тэкст на інтэрнэт-партале “Новости Казани”. “Гэты мілы куток беларускай культуры добра знаёмы не толькі жыхарам раёна: з усёй рэспублікі едуць сюды, каб пазнаёміцца ​​з творчасцю Купалы. А хто прыязджае да нас з візітам з сяброўскай краіны, то сваім абавязкам лічыць ушанаваць памяць волата беларускай культуры,” — чытаем у ім. На ўрачыстасці была, вітала гасцей гендырэктар Нацыянальнага музея Татарстана Гульчачак Назіпава, якая называе музей ў Пячышчах “пярлінай татарстанскай культуры”. У апошнія гады, дарэчы, жадаючых пабываць там становіцца ўсё больш, а гэта азначае: музей патрэбен раёну, Татарстану, ўсёй Расіі. На свяце гаварылі і пра неацэнную ролю музея ў захаванні дружалюбных стасункаў паміж краінамі, кантактаў між прадстаўнікамі розных культур.


Супрацоўніца Купалаўскага музея Вольга Пархімовіч знаёміць з падоранай выставай

Цёпла віталі ў Татарстане гасцей з Беларусі. Чытаем: “Як песня гучала прывітанне з вуснаў доўгачаканай на верхнеўслонскай зямлі госці — дырэктара Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў Мінску Алены Ляшковіч. Здавалася, свет змяніўся і на тварах прысутных зайгралі ўсмешкі, калі яна загаварыла на беларускай мове. Як жа прыгожа яна гучыць, і зусім не патрабуе перакладу! Адным мова нагадала аб прасторах роднай Беларусі, іншыя пачулі гаворку братняга народа, атрымалі асалоду ад меладычнасці мовы. Алена Раманаўна прыехала не з пустымі рукамі. Для пачатку яна ўручыла Падзячны ліст за подпісам Міністра культуры Беларусі Рыме Абызавай, затым — верным памочнікам музея: начальніку вытворчасці Пячышчанскага млынкамбіната Даміру Фахрутдзінаву, калектыву “Калинушка” і аўтару гэтых радкоў. Але самы галоўны яе падарунак — гэта, вядома, перасоўная выстава “Клiчу вас я на Пабеду ...”, у якой падрабязна прадстаўлены жыццё і творчасць Песняра, у тым ліку і пячышчанскі яго перыяд. Пазней адбылося адкрыццё выставы, і госця з Беларусі Вольга Пархімовіч (Яна — загадчыца аддзела культурна-адукацыйнай работы Купалаўскага музея. — Аўт.) на роднай мове правяла экскурсію”.

Прымаючы каштоўны падарунак, Рыма Абызава заўважыла: цяпер можна выязджаць з выставаю і за межы музея ды шырэй знаёміць расіян з творчасцю Янкі Купалы.


Даведка ГР.


Музей Янкі Купалы ў Татарскай АССР быў створаны ў маі 1975 года ў сяле Пячышчы, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны Пясняр жыў з жонкаю ў эвакуацыі. Да 1982 года музей працаваў на грамадскіх пачатках. У снежні 2000-га музейная экспазіцыя была абноўлена. Цяпер музей у Пячышчах расказвае не толькі пра паэта, але і пра гісторыю вёскі, камбіната хлебапрадуктаў, якому ўжо больш за сто гадоў.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter