Аксана Лясная, заслужаная артыстка Беларусі, разважае пра тое, наколькі важныя для акцёра на тэатральнай сцэне і на кінапляцоўцы сапраўдныя партнёры

На творчых арэлях

Аксана Лясная, заслужаная артыстка Беларусі, майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага, разважае пра тое, наколькі важныя для акцёра на тэатральнай сцэне і на кінапляцоўцы сапраўдныя партнёры


У той дзень Аксана Лясная адыграла спектакль “Інтымная камедыя” Н. Каўарда, рэжысёр Валянціна Еранькова. Чаму выбрала яго ў дзень свайго юбілею, а не, скажам, “Хітрыкі Ханумы” Аўксенція Цагарэлі, дзе бліскуча працуе ў ролі Кабато, дастойнай саперніцы самой Ханумы ў выкананні народнай артысткі Вольгі Клебановіч? “А ўсё проста, — сказала. — Спектакль “Інтымная камедыя” лёгкі, і гледачы яго любяць. Да таго ж, ён па часе кароткі. Вось я і вырашыла не стамляць сваіх родных і блізкіх, а таксама сяброў і калег. Падумала: усе яны захочуць пазносіцца са мной і павіншаваць пасля спектакля…”.

Ведаю Лясную як таленавітую разнапланавую актрысу, якую не заўважыць проста немагчыма. Яна валодае такім сцэнічным магнетызмам і чароўнасцю, што міжвольна, нават калі хочаш паназіраць за ігрой іншага акцёра, пераключаешся на яе. Звярнула ўвагу на Ксюшу, яе і так называюць сябры, яшчэ ў Тэатры юнага гледача ў спектаклі “Дзюймовачка”, дзе яна іграла Матылька, які вазіў Дзюймовачку на лісціку. Гэта быў такі выдатны пластычны Матылёк у туфлях, большых на два памеры. Яны ўвесь час зляталі, што вельмі смяшыла публіку. Але мяне ўразіла іншае: матылёк Лясной быў і лірычны, і вострахарактарны адначасова. Актрыса так абаяльна паварочвалася, кідала погляды так забаўна, і міміка яе была такой рознай, што не смяяцца было немагчыма. У той жа час Аксана была вельмі жаноцкай. Памятаю, як я падумала тады: ну, гэтая артыстка ў ТЮГу не затрымаецца. Так і выйшла.

У Рускім тэатры Аксана Лясная з 1991 года. Роляў у яе “партфоліа” дзясяткі: Яўлампія — “Ваўкі і авечкі” Аляксандра Астроўскага, Леда, царыца Спарты ў спектаклі “Амфітрыён” па матывах старажытнагрэчаскіх міфаў, Інкен Петэрс — “Перад захадам сонца” Герхарта Гаўптмана, Ганна — “Васа” Максіма Горкага, Настасся Пятроўна — “Дзядзечкаў сон” Фёдара Дастаеўскага… І ў кіно сыграна шмат роляў.

Нагадаю чытачу пра тое, што ўжо пісала пра Аксану ў 2011-м годзе (№10), дзе звяртала ўвагу на разнапланавасць вобразаў яе гераінь. Дазволю сабе працытаваць саму сябе.

Лясная, як эквілібрыст, ствараючы вобразы, балансуе на найтанчэйшай грані, якая аддзяляе адно акцёрскае амплуа ад другога. То яна гераіня, гордая і непрыступная, то само ўвасабленне пяшчоты і жаноцкасці, то жанчына-вамп, красуня бізнес-вумен, а то выдасць паэтычна-рамантычны характар дзяўчыны з народа. Такая яе Зоська ў “Раскіданым гняздзе” Янкі Купалы. “Я, іграючы Марылю, плакала, гледзячы на Зоську-Лясную, — гаворыць пра сваю партнёрку па спектаклі Вольга Клебановіч. — Узнікала адчуванне, што Ксюша ходзіць па сцэне, не абапіраючыся на пяткі: такая яна была пяшчотная і адначасова трагічная”. І цяпер паўтаруся: Аксана нібы ўзнімаецца над рамкамі амплуа, размыкаючы яго межы. Прама на вачах назіраеш, як, скажам, у яе лірычнай гераіні пачынае трапятаць камедыйная жылка. І не ведаеш: ці то плакаць табе, ці то смяяцца, таму што змена эмоцый у характарах персанажаў Лясной адбываецца гэтак жа хутка, як гэта здараецца ў дзяцей. І трэба бачыць у гэтыя моманты яе твар! Аголенасць унутранага свету яе гераінь адлюстроўваецца на ім да немагчымага. Таму і ты зведваеш гэтую гаму пачуццяў, назіраючы актрысу на сцэне. Таму, як мне падаецца, і запамінаюцца яе такія розныя і злёгку дзіўныя жанчыны.

Вось і Аманда Прын у “Інтымнай камедыі” — цудоўная! Лясная ў той дзень іграла ролю з любімымі эмацыйнымі перападамі ў характарах яе гераінь, з чаргаваннем рытмаў, прафесійна выкарыстоўваючы свой выдатны голас, рухомую міміку і зграбную пластыку…

А пасля спектакля зачытваўся прывітальны адрас ад Міністэрства культуры Беларусі, уручаліся кветкі, былі ўсмешкі родных — маці з айчымам, сына і мужа, а таксама сяброў, калег і гледачоў — паклоннікаў актрысы. Атмасфера ў зале была па-дамашняму цёплай. Гэтым, дарэчы, Рускі тэатр і славіцца. А яшчэ, што ўжо даўно вядома ў тэатральным свеце краіны, крэатыўнымі капуснікамі, якія па традыцыі ў дні юбілеяў акцёраў праводзяцца ў тэатры пасля спектакляў.

У канцы ўрачыстасці я і спытала Аксану, пра што б яна хацела пагаварыць. Аказалася, пра сваіх партнёраў па сцэне і пра партнёрства наогул. І вось якая размова ў нас атрымалася.

У афармленні тэкста выкарыстаны тэатральныя стэнды, зробленыя да юбілею Аксаны Лясной, якія часткова адлюстроўваюць творчы шлях актрысы

***

Я люблю сваё жыццё і жыццё наогул. Люблю людзей. І сваю акцёрскую прафесію. Мне падабаецца, што наперадзе шмат нязведанага. Вось і работа над роляй Алівіі ў “Дванаццатай ночы” яшчэ наперадзе. Пакуль ідзе чытка п’есы. І мне вельмі падабаецца яе пераклад. Яго зрабіў Ігар Скрыпка, акцэнтуючыся на камедыйных нюансах зносінаў герояў.

Вядома ж, мне вельмі прыемна, што Сяргей Кавальчык, наш мастацкі кіраўнік, на гэтую ролю выбраў мяне. І я пакуль не ведаю, куды рушыцца “судна” і ў якім напрамку павядзе яго капітан. Так, гэта геніяльны Шэкспір, але яго п’еса нагадвае бразільскі сучасны серыял пра блізнят або па сюжэце індыйскі фільм пра Зіту і Гіту. Таму вельмі важна, якая тэма будзе гучаць у спектаклі. Вядома ж, у “Дванаццатай ночы” яшчэ будзе вельмі важная сцэ­награфія, касцюмы. Магчыма, мы сыграем прэм’еру ў ліпені і ёю жа адкрыем новы тэатральны сезон. Дарэчы, я буду іграць у пары з Сяргеем Чакерэсам, якога размеркавалі на Герцага Арсіна. Ён — мой партнёр і ў “Інтымнай камедыі, і ў “Ніначцы” Мельхіёра Ланж’еля, і ў іншых спекатклях.

Партнёр, як свярджаюць акцёры, самае галоўнае для тэатра. Не ты на сцэне, а ён. Ты, вядома, можаш там “звяздзіць”, цягнуць сваю лінію, але калі твой партнёр не захоча рухацца з табой у адным напрамку, пачне ўпарціцца, то спектакль пойдзе не так, заваліцца. На сцэне нельга існаваць, як у той байцы пра лебедзя, рака і шчупака. Калі акцёры рухаюцца ў розных напрамках, эмацыйны складнік такога спектакля, яго атмасфера не калышацца. Для мяне такі спектакль — “плявок у вечнасць”, як гаварыла Фаіна Ранеўская пра фатаграфіі. Мне гэта не цікава і як гледачу, і як артыстцы. Мне цікава быць на сцэне з партнёрам, які зменьвае мяне, а я зменьваю яго. Што называецца: сёння, тут і цяпер. Так, у яго ёсць свой характар, так, ён выбудоўвае сваю лінію, але ён сёння іншы, чым быў учора, калі мы ігралі гэты ж спектакль. Наогул мне цікава, калі герой зменьваецца да фіналу спектакля. А бывае і так. Скажам, прыбег акцёр, мой партнёр па спектаклі, са здымак стомлены, эмацыйна зараджаны інакш, чым учора. Хоць і стараецца не паказаць сваю стомленасць, намагаецца яе пераадолець. І я гэта абавязана счытаць: убачыць, адчуць… І ўзяць на сябе частку яго работы, разумеючы, што ён стомлены, альбо самой прайграць сваю сцэну так, каб яго стомленасць была апраўдана. А калі гэтага не адбываецца, акцёры пачынаюць працаваць, як гаворыцца, механічна: проста прамаўляюць тэкст. І тады знікае самае галоўнае — успрыманне. А ўспрыманне — гэта сутнасць нашай работы. Калі параўнаць гэта з жыццём, то можна прывесці просты прыклад. Вось я, Аксана Лясная, прыходжу да вас. Вы мне, адкрыў­шы дзверы, гаворыце: “Добры дзень! Вы цудоўна выглядаеце!” А я толькі што памяняла зімовую гуму на летнюю, спяшалася да вас, баючыся спазніцца. Трэба ж, думаю, я яшчэ нічога. І, кранутая вашай увагай, сардэчна дзякую. А магла б проста, праходзячы, кінуць: “Дзякуй!”, не настройваючыся на вашу душэўную хвалю, не думаючы… Вы змянілі мяне, я ж змянілася дзякуючы вам. І гэта паўплывала на далейшыя нашы зносіны. Так і ў тэатры…

У спектаклі “Ваўкі і авечкі” я іграла з Расціславам Янкоўскім і Уладзімірам Шэлеставым. Вось яны гэта і рабілі! Шэлестаў іграў Беркутава, чалавека-дзялка, гэткага прадуманага прадстаўніка новага капіталістычнага грамадства, які сватаўся да маёй Яўлампіі. Сёння я сабе нават уявіць не магу, як бы іграла з кімсьці іншым сваю гераіню. Валодзя — выдатны партнёр. А Расціслаў Іванавіч! З ім я працавала ў спектаклях “Перад захадам сонца”, “Прасцячкі з нечаканых астравоў” Бернарда Шоу і ў іншых пастаноўках. І ён усялякі раз быў розны.

Абавязак артыста, на мой погляд, любіць свайго партнёра па сцэне ў любым яго стане і абліччы. Вось ён, да прыкладу, сёння хварэе і выходзіць на падмосткі з высокай тэмпературай. І, вядома ж, не можа, як я ўжо гаварыла, сыграць так, як іграў, будучы здаровым. І ты, падкрэслю, абавязаны яму дапамагчы. Калі ён у выніку свайго стану не змог дзесьці выкласціся, ты частку грузу возьмеш на сябе — працягнеш яго эмацыйную гісторыю праз свой вобраз. Гэта і ёсць партнёрства, якое ўзбагачае мяне. Сапраўдныя партнёры як злучаныя пасудзіны: у адну ваду наліваеш, і ў абедзвюх аднолькавы ўзровень…. Гэты прынцып вельмі важны на сцэне сярод акцёраў. А калі яны яго ігнаруюць, паўтаруся, нічога добрага не адбудзецца. Вось такая “зорнасць” здараецца ў пачынаючых артыстаў, калі ім па ролі даводзіцца быць на авансцэне і, дапусцім, прамаўляць маналогі. Дасведчаны артыст будзе старацца дапамагчы навабранцу. Але можна і пакараць за такое самалюбаванне: пакінуць яго на авансцэне, самому пайсці ў глыбіню сцэны, і тады пачынаючы артыст вымушаны будзе азірнуцца. І на нейкі момант ён разгубіцца… І так, здараецца, вучаць партнёрству ў тэатры.

Усе партнёры, з якімі мне даводзілася і даводзіцца выходзіць на сцэну, людзі, на шчасце, у большасці сваёй адказныя. Памятаю, як аднойчы я ляцела са здымак з Ханты-Мансійска, а там было мінус дваццаць градусаў, а ў нас плюс дванаццаць. І, відаць, ад такой разбежкі ў тэмпературах у мяне нешта здарылася з голасам: ён сеў. Днём я наогул не гаварыла, а пасля ўколу пад вечар разгаварылася. Але гэта быў амаль бас. А ў спектаклі “Дакрананне” Патрыка Марбера ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна і плакаць трэба было, там і кроў, і каханне, высвятленне адносінаў, увогуле страсці. А як усё гэта іграць з такім голасам…Маім партнёрам у антрэпрызе быў Сяргей Журавель. Вось ён і ўзяў на сябе ўсю гэтую гісторыю ў эмацыйныя моманты, а гэта быў вялікі кавалак маёй работы.

Часам партнёры на рэпетыцыях нараджаюць з саміх сябе нечаканыя малюнкі сваіх роляў, такія, якія рэжы­сёр і не прыдумаў бы. Яны настолькі адкрываюцца адзін аднаму, што нечакана для іх саміх у малюнках з’яўляюцца нейкія новыя лініі, не прапісаныя ў п’есе. У выніку нараджаецца і зусім іншая атмасфера ў спектаклі. Я гэта адчула менавіта у “Дакрананні”. Гэта была, паўтаруся, п’еса пра каханне, якое персанажы, заблытаўшыся, страцілі. Мы ігралі такую роспач ад усведамлення гэтай страты, што крычалі адзін аднаму жудасныя словы, разумеючы, што гэта жахліва. І я добра памятаю, як у зале стаяла магільная цішыня. Не сумняваюся: гледачы прымяралі сітуацыю, у якой апынуліся героі, на сябе. І яны разумелі, што часам немагчыма так страшна не сварыцца таму, што бывае вельмі балюча.

Калі акцёр становіцца дасведчаным, у яго ўжо няма іншай дарогі, як расці праз партнёра. Але калі ён пойдзе адзін, то атрымаецца “сола на баяне”.

Урокі партнёрства мне далі ў Рускім тэатры. Прычым, гэта быў Расціслаў Іванавіч Янкоўскі і Аляксандра Іванаўна Клімава. Неяк неназойліва, як бы выпадкова, мне было сказана: як толькі сцэна не ідзе, зала акцёра не чуе, няма нічога больш страшнага, як пачаць спрабаваць сабою залу захапіць, узяць яе ў саюзнікі. Я адразу зразумела, што не гэта варта рабіць, а насмерць ўчапіцца за партнёра. І тады глядач зацікавіцца, што ж адбываецца паміж двума гэтымі людзьмі. Як толькі два чалавекі становяцца цікавыя адзін аднаму, то і зала імі зацікавіцца.

У спектаклі “Ніначка” ў мяне два партнёры — Ганна Маланкіна-Ніначка і Сяргей Чакерэс-Леон. А я іграю княгіню Ксенію, у якой Ніначка зводзіць палюбоўніка Леона. У фінале ў нас з Аняй адбываецца сцэна, дзе я прапаноўваю грошы і ўсе свае фамільныя каштоўнасці, а ўзамен стаўлю ёй умову: сёння ж з’ехаць, пра што не павінен ведаць Леон. Фактычна, Ксенія купляе Леона. Ніначка згаджаецца: яна ж бальшавічка. Але ўсё ж спадзяецца, што верне яго з часам. І штораз, калі мы іграем гэты спектакль, я думаю пра тое, як жа пройдзе гэтая сцэна. Часам яна праходзіць вельмі тонка, лірычна. Аня-Ніначка, раствораная ў каханні, у пакутах, вымушана прыняць маю прапанову. А часам яна бывае сабранай і жорсткай бальшавічкай, якая гатова пераступіць праз каханне, каб забраць грошы. Але гэта залежыць ад таго, як ішоў спектакль з самага пачатку да гэтай сцэны.

Мне сёння цікава іграць у спектаклі “Хітрыкі Ханумы” з вельмі дасведчаным партнёрам Вольгай Клебановіч. У нас ёсць сцэна бойкі, дзе мы павінны рухацца па крузе. Я спачатку вельмі баялася, што яна будзе доўга здымаць сумку, накідку і не паспее адысці, каб адкрыцца для гледача. Але мае хваляванні былі дарэмнымі: ніколі не было так, каб Вольга не паспела. Яна з тых партнёраў, якія “перацякаюць” разам з табой. Вось ты іншая, і яна іншая. Калі ты не туды стала, яна абавязкова стане так, каб і сябе раскрыць, і цябе не перакрыць. З Вольгай я магу іграць па-рознаму, таму што яна заўсёды падхопіць эстафетную палачку, прадоўжыць сваю лінію, узбагаціць яе і маю не заб’е. Так, гэта як у гульні ў тэніс. Гэта такое ж партнёрства — умець падхопліваць. Зрэшты, і ў жыцці так. Каб чуць адзін аднаго, трэба слухаць не сябе, а таго, хто побач.

У сэнсе партнёрства вельмі паказальным быў спектакль “Вечар яўрэйскага анекдота”. Ён іграўся на Малой сцэне, дзе адлегласць паміж акцёрамі і гледачамі мінімальная. Любы наш промах навідавоку, у тым ліку і любая тэхнічная накладка. У гэтым спектаклі, як ні ў адным іншым, у нас атрымлівалася падтрымліваць адзін аднаго. Вельмі партнёрскім спектаклем мне падаўся і спектакль тэатра імя Янкі Купалы “Офіс” Інгрыд Лаузуд, усе акцёры ў ім працавалі ў вельмі добрай звязцы. Тое ж самае магу сказаць і пра спектакль купалаўцаў “Вяселле”па Чэхаву. Там такі падхват адзін аднаго! І мізансцэны ў мізансцэну перацякалі. Ніхто не высоўваўся, ніхто не цягнуў коўдру на сябе любімага, працаваў у супадпарадкаванні калектыву. І гэта гучала.

Партнёрства ў кіно і тэатры падобныя тым, што і ў тэатры, і ў кіно партнёр — складнік твайго вобраза. Добры партнёр у кіно ніколі не сыдзе з пляцоўкі, ён будзе стаяць за камерай, пакуль цябе здымаюць, і будзе працаваць з табою. Напрыклад, я здымалася з Уладзімірам Сцякловым, назву фільма не памятаю, іграла работніцу музея, якая кансультавала галоўнага героя Сцяклова па нейкай там знаходцы, здаецца, гэта быў крыж. І ў мяне быў доўгі і сумны маналог наконт гэтага экспаната. Сцяклоў, седзячы за камерай, слухаў мяне ўважліва і, каб ажывіць мой занудлівы музейны твар, стаў нечакана мне падмігваць і ўсміхацца, што не магло на мяне не паўплываць. Дзякуючы чаму ўзнікла нейкая лінія какецтва, а ў сцэнарыі гэтага не было. І я ажывілася, адкрылася. Ён паставіўся да мяне, як да жанчыны, а не музейнага работніка. А мог бы сысці, і я тады б сумна, шэра размаўляла на камеру. Чым акцёр большы, калі ён прафесіянал, ён заўсёды застанецца на пляцоўцы, калі ідзе здымка яго візаві.

Спектаклі існуюць пэўны час, год-два, а потым яны заігрываюцца. І дыялогі могуць здацца нам, акцёрам, сумнымі… Увогуле, узнікае руціна. І трэба неяк ускалыхнуцца. І ты шукаеш, як гэта зрабіць. І іншыя акцёры ў тэатры таксама шукаюць. Калі я ўводзілася ў пастаноўку “Перад захадам сонца”, у нас з Расціславам Іванавічам узнікла такая гульня: мы дарылі адзін аднаму шакалад у знак таго, што ўсё ў нас у спектаклі будзе добра. І штораз было важна, мне так падавалася, не трапіць у адну і тую ж шакаладку: не купіць яму такую ж, якую купіць ён. Гэтая гульня нас весяліла і бадзёрыла. Мы ведалі: мы ў адной лодцы, у якой зараз паплывём. І гэта ўключала ў нас нейкія кнопачкі перад спектаклем, падагравала. І вось такія мілыя штучкі, калі ты прыходзіш у тэатр, і бачыш у сябе на стале, скажам, цукерку, і разумееш, хто з партнёраў па спектаклі табе яе паклаў, дапамагаюць прыўзняцца, і ты ўжо бяжыш на сцэну на катурнах… І такое партнёрства за кулісамі я таксама цаню.

У маім тэатры мне камфортна. Усе акцёры ў ім — мае сваякі. Не стамляюся гэта паўтараць. Вядома, не ў літаральным сэнсе, а ў маім адчуванні. І я не перастаю знаходзіць таму пацвярджэнне. А калі, здараецца, мы з адным сваяком пасварыліся па нейкіх прычынах, ён не перастае быць маім сваяком. Глыбока ўнутры я адношуся да яго вельмі цёпла, бо разумею, што і ў яго такая ж складаная і цікавая прафесія, як і ў мяне, і ён мае права памыляцца. Я ж таксама не толькі белая і пушыстая… І ўнутранае адчуванне сваяцтва з калегамі дазваляе мне пераступаць праз нейкія напружаныя моманты, прымаць калег такімі, якія яны ёсць. Іншых жа няма. І мы роўна такія ж, нягледзячы на нашы званні і рэгаліі. І калі іх усе зняць, усе мы акажамся мілымі, простымі людзьмі са сваімі не заўсёды простымі лёсамі. Таму я лічу за лепшае негатыў засоўваць у адну кішэню, і няхай там будзе дзірка, каб ён згубіўся, а з іншай бяру пазітыў. І з ім іду па жыцці з задавальненнем.

Валянціна Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter