Лясы не перасталі гарэць, нягледзячы на прыход восені

На тарфяніках не да ягад

Лета гэтага года гарачым не назавеш, як гаворыцца, бывала і больш гарачае. Далёка нам да еўрапейскіх анамалій, дзе слупок тэрмометра за летнія месяцы рэдка апускаўся ніжэй адзнакі +40. І ўсё ж маласнежная зіма, паніжэнне ўзроўню грунтавых вод і, як следства, перасохлыя землі сказалі сваё важкае слова ў пажаранебяспечнай сітуацыі сезона. Лясы, кажуць у Мінлясгасе, так і не перасталі гарэць, нягле-дзячы на прыход восені.



Толькі за мінулы тыдзень пажары тушылі ні многа ні мала больш за 400 разоў. Менавіта столькі ўзгаранняў было зафіксавана на тэрыторыі краіны. Прычым вылучыць нейкі адзін геаграфічны кірунак немагчыма — пад ударам апыну-ліся ўсе рэгіёны. Многія пажары даводзілася тушыць шмат дзён. Лясныя і выратавальныя службы, выконваючы задачу, не лічыліся з асабістым часам. 

Толькі на трэція суткі быў узяты пад кантроль пажар у Бялыніцкім раёне Магілёўскай вобласці. Агонь доўга адчуваў сябе ў гэтых месцах гаспадаром з-за бездарожжа і забалочанасці тутэйшых тэрыторый. Тушылі, як гаворыцца, талакой. Сюды прыбылі спецыялісты з Бялынічаў, Магілёва і Круглага. За-дзейнічалі 30 адзінак тэхнікі, 240 леснікоў і выратавальнікаў.

Прычынай трагедый у большасці выпадкаў, на жаль, называецца чалавечы фактар. Вось і ў гэты раз, па словах леснікоў, ачаг узгарання прыйшоўся якраз на тое месца, дзе збіраюць ягады. «Хутчэй за ўсё, — кажа галоўны ляснічы Бялыніцкага лясгаса Сяргей Цяглiк, — чалавечы фактар стаў прычынай такога сур’ёзнага пажару і зараз». І гэта пры тым, што дзейнічае забарона на наведванне ўсіх лясоў у краiне.



Згодны з ім дырэктар «Беллес-авія» Анатоль Кротаў: «У першую чаргу праблема ў чалавечым фактары, хоць і кажуць, што ўзгаранне могуць справакаваць звычайнае шкло і сонечнае надвор’е. Так, такія выпадкі ёсць, але іх адзін з тысячы». Паводле слоў спецыяліста, складаная сітуацыя сёння ва ўсіх рэгіёнах краіны, толькі за апошні час пацярпелі і Мінская, і Магілёўская, і Гомельская вобласці.

«Сядзім як на парахавой бочцы, — кажа ён, — ніколі не ведаеш, адкуль прыйдзе праблема. Пілоты разумеюць сітуацыю, узлятаюць па першай неабходнасці». Зразумела, што ў надзвычайных умовах як ратавальнікі, так і іх тэхніка працуюць на мяжы магчымасцей. А кожная пасадка верталёта на непадрыхтаваную пляцоўку, наракае спецыяліст, гэта двайная, а то і трайная нагрузка на ўсе агрэгаты. Ды і да эпіцэнтра пажару патрапіць складана: бачнасць пагаршаецца з-за дыму.

«Улічваючы цяжкую сітуацыю гэтага лета, лётнага парка недастаткова, — кажа Анатоль Кротаў. — Наяўная колькасць разлічана на сярэднюю пажарную небяспеку. А пры высокай, як цяпер, трэба павышаць кратнасць патрулявання».

Каб падтрымліваць існуючы парк у баявой гатоўнасці, стан яго пастаянна кантралююць. На рамонты і абслугоўванне паветраных судоў па рэгіёнах выязджае «хуткая дапамога» — тэхнічныя службы, якія працуюць, калі трэба, і ў выхадныя дні, і ноччу. Пераязджаюць з адной кропкі ў іншую. Часам гаворка ідзе не проста пра дробны рамонт, але і пра замену буйных дэталяў, напрыклад рэдуктараў або апорных шруб. Гэта адбываецца штотыдзень.

Вось-вось надвор’е сапсуецца — тэмпература зні-зіцца, і ў Беларусь прыйдуць дажджы. Ратавальнікі і леснікі чакаюць, што наступіць невялікая паўза ў іх напружанай працы. І ўсё ж расслабляцца пакуль прычын няма. «Мы ўсё ж чакаем напружаны верасень, — дзеліцца думкамі Анатоль Кротаў. — Калі нават не будзе вылетаў, паветраныя судны і экіпажы застануцца ў гатоўнасці. Справа ў тым, што выпадзенне ападкаў можа не змяніць сітуацыю». Паводле яго слоў, звесці праблему да мінімуму маглі б хіба што навальніцы, у час якіх дождж ліў бы, не спыняючыся, дзён дзесяць: «Цяпер пажары вельмі ўстойлівыя, выгарае да 30 сантыметраў. На тарфяніках не да ягад, там усё пагарэла».

veraart14@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter