Сямейная пара з Шчучынскага раёна атрымала прэмію міністра МНС за выратаванне суседа

На такiх зямля трымаецца

Сямейная пара з Шчучынскага раёна атрымала прэмію міністра МНС за выратаванне суседа. Той пажар Баляслаў Багдзевіч з вёскі Чарняўка не забудзе ніколі. Вечарам яму ў адчаі патэлефанавала суседка: «У мяне дом гарыць!» «Калі прыбег, яна стаяла ў двары, плакала: вярнулася з работы, а з вакон — дым. І муж там», — успамінае ён. 


Трапіўшы ў дом, ён вы-кінуў у акно палаючы матрас і стаў шукаць суседа. Дым слупом, ды яшчэ і на вуліцы цемра. «Я ўключыў святло, але ўсё роўна нічога не было бачна, — працягвае субяседнік. — На вобмацак пайшоў па пакоях і раптам пачуў, як хтосьці кашляе». Пацярпелы ляжаў на падлозе, пазней ён раскажа: адчуў, што гарыць, паспрабаваў выпаўзці на вуліцу, але дабраўся толькі да суседняй сцяны. Вынесці яго самастойна Баляслаў Станіслававіч не мог — не хапала сілы. Пачаў клікаць дапамогу, ведаў: побач з домам стаяць мужыкі. Але замест іх прыбегла жонка Тамара Канстанцінаўна. «Я потым на яе за гэта нават прыкрыкнуў, — усміхаецца муж. — Якое геройства, калі толькі паўгода пасля аперацыі». А жонка гаворыць:

— Ведала, у доме газавы балон, баялася, каб Баляслаў не ўзарваўся.

Канец у гісторыі шчаслівы — пацярпелага забрала «хуткая», агонь самастойна патушылі яшчэ да прыезду пажарных. Багдзевіч чэсна прызнаецца, што раней выратоў-ваць яму нікога не прыходзілася. Ці толькі тэх-ніку: ён механізатар у мясцовай гаспадарцы. З Тамарай Канстанцінаўнай яны ўжо амаль 30 гадоў разам. Выгадавалі трох дзяцей, зараз дапамагаюць вы-хоўваць унучку. Прэмія, кажуць, пойдзе выключна на падарункі родным.

Кацярына ПАНЦЯЛЕЕВА

panteleeva_katya@mail.ru

Фота МНС

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter