На свята – с трапным словам ад Кандрата

У весцы Нiзок прайшоў абласны фестываль сатыры i гумару  “Я – пякучка Крапiва”, прысвечаны 110-гадоваму юбiлею Кандрата Крапiвы

Вёска Нiзок нiколi не была цэнтральнай сядзiбай калгаса цi iншай сельскагаспадарчай арганiзацыi. I таму тут няма якiх-небудзь адмiнiстрацыйных цi грамадскiх пабудоў. Звычайнае беларускае паселiшча, вядомае з 16-га стагоддзя. Яшчэ i цяпер пад’яздная дарога да яго не заасфальтавана, хаця ад даволi бойкай шашы з Мiнска на Капыль усяго нейкiх 5 кiламетраў.

Самае прыцягальнае i любiмае месца нiзаўчан – будынак школы, цяпер, на жаль, былой. I таму два гады назад там размясцiўся фiлiял Уздзенскага гiсторыка-краязнаўчага музея. Тут у прышкольным садку i ладзiўся абласны фестываль сатыры i гумару  “Я – пякучка Крапiва”, прысвечаны 110-гадоваму юбiлею Кандрата Крапiвы, якi нарадзiўся ў гэтай вёсцы. 

“Хвядос – чырвоны нос”, “Ганарысты парсюк”, “Дыпламаваны баран”, “Жаба ў каляiне”... Колькi баек, трапных выразаў, вострых крапiвiнскiх слоў прагучала ў гэты дзень – не злiчыць. Яшчэ ў самым пачатку вясковай вулiцы ўдзельнiкаў гумарыстычнай фiесты сустракала iмправiзаваная “Нiзаўская мытня” з заклiкам-папярэджаннем: “Уваход на свята – трапнае слова ад Кандрата”. 

Вядомыя мастацкiя калектывы з многiх рэгiёнаў Мiншчыны дэманстравалi выдатнае веданне творчасцi знакамiтага байкапiсца i  жывучасць, неўмiручасць крапiвiн-скага слова ў беларускiм народзе. 

Мiж iншым, званнем народнага пiсьменнiка Кандрат Крапiва даражыў, як нiякiм iншым. А iх ды ўзнагарод у яго было нямала: акадэмiк, Герой Сацыялiстычнай Працы, кавалер чатырох ордэнаў Ленiна... 

Вёска Нiзок славутая не толькi шырокавядомым iмем Кандрата Кандратавiча. Тут нарадзiлiся i пазней выйшлi ў вялiкую лiтаратуру паэт Паўлюк Трус, празаiк Лiдзiя Арабей, а таксама народны артыст Анатоль Трус, мастак Уладзiмiр Ткачоў. 

На свяце землякi i госцi вiталi i вiншавалi яшчэ аднаго знакамiтага ўздзенца – даследчыка i лiтаратара Уладзiмiра Кiсялёва, якому нядаўна споўнiлася 75 гадоў. 

Надвор’е не надта спрыяла святу. I, мабыць, толькi таму, што гэта было свята вясёлага слова – з жартамi, прыпеўкамi, байкамi, тэатралiзаванымi сцэнкамi, яно вытрымала выпрабаванне ветрам i халодным дажджом. Вытрымала, каб калi-небудзь вярнуцца зноў у гэты мiлы куток Мiншчыны. 

Уздзенскi раён 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter