Большой театр Беларуси приглашает посмотреть записи своих легендарных спектаклей

На сувязі з мастацтвам

Сёння многія тэатры арганізоўваюць для гледачоў трансляцыі спектакляў у інтэрнэце і на тэлебачанні, адкрываюць доступы да архіўных запісаў. Змаглі ўпэўніцца ў гэтым і нашы чытачы. Тэатральны анлайн-марафон выдавецкага дома «Беларусь сегодня» #БеларусьБЕЗcovid толькі за першы тыдзень сабраў больш за 3,1 млн праглядаў. Адметна, што трансляцыі спектакляў з розных тэатраў краіны на сайце sb.by і ў сацсетках медыяхолдынгу ідуць не ў запісе, а ў рэжыме рэальнага часу.

Фото  БЕЛТА

Чарговая анлайн-акцыя — сумесны праект Вялікага тэатра Беларусі і Белтэлерадыёкампаніі. Штотыдзень у суполцы #ЗОЛОТОЙФОНДБТ афіцыйнай старонкі Галоўнай дырэкцыі фондавых матэрыялаў БТРК «Белтэлерадыёфонд» у сацсетках ВКонтакте і Facebook выкладваюцца запісы спектакляў, створаныя майстрамі тэатра і тэлебачання. 

У суботу, 18 красавіка, адбылася прэм'ера праекта — гледачы ўбачылі фільм-оперу «Альпійская балада» па аднайменнай аповесці Васіля Быкава. Опера была напісана ў 1985 го­дзе на лібрэта Марыны Чаркашынай-Губарэн­ка, у 1986 годзе яе ўпершыню прадставілі на тэатральнай на сцэне. А ў 1987-м на Беларускім тэлебачанні стварылі аднайменны фільм-оперу, у якім прынялі ўдзел салісты Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Наталля Руднева (Джулія) і Уладзімір Экнадзіёсаў (Іван). Опера, паведамляе bolshoibelarus.by, прысвечана падзеям Вялікай Айчыннай вайны і расказвае пра лёсы і каханне двух беглякоў з фашысцкага канцлагера — беларуса Івана і італьянкі Джуліі. 

— Не сумняваемся, што наша новая сумесная акцыя будзе пазітыўна ўспрынята вялікай аўдыторыяй, для якой трансляцыі спектакляў у інтэрнэце — лепшы спосаб застацца на сувязі з мастацтвам, — разважаюць ініцыятары праекта. — Мы можам натхніць нашых суайчыннікаў і гледачоў усяго свету, прадставіўшы ім архіўныя запісы легендарных спектакляў Вялікага тэатра Беларусі, якія па праву ўваходзяць у залаты фонд Беларускага тэлебачання. 

Плануецца, на сувязі з мастацтвам у такім фармаце можна будзе заставацца некаль­кі месяцаў. Запісаў хопіць надоўга. Бел­тэле­ра­дыё­кампанія здымала і трансліравала рэпертуарныя спектаклі Вялікага тэатра Беларусі на працягу многіх гадоў. У фондах захоўваецца больш за 30 балетаў і больш за 40 опер. Сярод іх «Баль-маскарад», «Багема», «Дзікае паляванне караля Стаха» і іншыя.

mila@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter