На сустрэчу з Яе Вялікасцю Кнігай

Больш за 600 экспанентаў з 20 краін свету прадстаўлена на XV Мінскай міжнароднай выставе “Кнігі Беларусі-2008”, якая адкрылася ўчора ў Нацыянальным выставачным комплексе “БелЭКСПА” ў МінскуВітаючы ўдзельнікаў кніжнага кірмашу, міністр інфармацыі Беларусі Уладзімір Русакевіч адзначыў, што гэта мерапрыемства з кожным годам набывае папулярнасць. Выстава праводзіцца ўжо пятнаццаты раз, а гэта знак устойлівага інтарэсу да яе як да падзеі культурнага характару з вялікім інфармацыйным дыяпазонам, што аднолькава важна як для далейшага развіцця кнігавыдання, так і для інфармавання шырокіх слаёў насельніцтва. “Мінская кніжная выстава-кірмаш штогод пацвярджае свой міжнародны статус, — адзначыў міністр. — Яна адна з найбольш буйных сярод кніжных выстаў краін СНД. Я дзякую ўсім удзельнікам свята, якія працуюць над стварэннем Яе Вялікасці Кнігі”.

Выстава ўжо мае свае традыцыі. Пастаяннай стала арганізацыя на кірмашы калектыўных экспазіцый Беларусі, Расіі, Украіны, што выклікае асаблівую цікавасць да кніжнага форума і дае магчымасць даведацца пра ўсе літаратурныя навінкі гэтых краін. Яшчэ адна асаблівасць: на кожнай выставе свой пачэсны госць. Сёлета гэта Дзяржава Ізраіль.
“Быць госцем на кніжнай выставе ў Мінску — справа сапраўды пачэсная, — прызнаўся ў час адкрыцця Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Дзяржавы Ізраіль у Беларусі Зееў Бен-Ар’е. — Нягледзячы на тэрытарыяльную аддаленасць ад Беларусі, на выставу ў Мінск “прыехалі” больш за тысячу кніг ізраільскіх, беларускіх і расійскіх выдавецтваў. Галоўны акцэнт на стэндзе зроблены на прадстаўленні яўрэйскіх кніг на рускай мове — іх у Ізраілі выходзіць каля 200 у год.
Паводле слоў дырэктара ізраільскага выдавецтва “Гешарым” Міхаіла Грынберга, “на сем мільёнаў ізраільскага насельніцтва, дзе ўсяго мільён чалавек чытае па-руску, прыходзіцца каля 400 кнігарняў з выданнямі на рускай мове”. На выставе пройдзе прэзентацыя унікальных літаратурных праектаў — перакладзенага на беларускую мову зборніка апавяданняў Этгара Керэта “Кіроўца аўтобуса, які хацеў стаць Богам”, часопіса “Дах”, дзе змешчаны першы пераклад апавядання Васіля Быкава “Бедныя людзі” на іўрыт.
“Усе мы апошнім часам чуем, што кніга, як нейкае рэчыва, можа раптам “растаяць”, яе заменяць камп’ютэрныя творы, — гаворыць старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец. — Але ніхто яшчэ не прыдумаў больш дасканалай “машыны”, як Чалавек і яго Муза. Саюз пісьменнікаў Беларусі мае сваю бібліятэку, у якую ў першую чаргу ўвайшлі творы класікаў беларускай літаратуры. На нашым стэндзе можна ўбачыць кнігі Янкі Купалы і Якуба Коласа, Івана Чыгрынава, Васіля Быкава, Івана Шамякіна, Петруся Броўкі, а таксама тых паэтаў і пісьменнікаў, якія працуюць і зараз”. Выстава працягне сваю работу да 10 лютага.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter