На сустрэчу — да сяброў

Іншаземцы часта адзначаюць памяркоўнасць, гасціннасць, сціпласць беларусаў. Не сакрэт, што нашы суайчыннікі таксама вызначаюцца працавітасцю, адданасцю справе, дзе б па волі лёсу яны не апынуліся
Іншаземцы часта адзначаюць памяркоўнасць, гасціннасць, сціпласць беларусаў. Не сакрэт, што нашы суайчыннікі таксама вызначаюцца працавітасцю, адданасцю справе, дзе б па волі лёсу яны не апынуліся. Шмат паспяховых беларусаў жыве сёння ў расійскай сталіцы.

Алег Кандыба (у цэнтры) і яго сябрыДа прыкладу — віцэ-прэзідэнт банкаўскай групы “Смаленскі банк” Алег Кандыба. Пятнаццаць год таму ён заснаваў Маскоўскі клуб беларусаў, які аб’яднаў найбольш паспяховых і вядомых землякоў. І сёння ў ім налічваецца амаль паўтары тысячы чалавек, сярод якіх — касманаўты Уладзімір Кавалёнак і Пётр Клімук, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы Жарэс Алфёраў, сем расійскіх мільярдэраў… “Сябрам клуба можа стаць як той, хто нарадзіўся ў Беларусі, так і той, хто вучыўся, працаваў ці служыў там, — кажа прэзідэнт клуба Алег Кандыба. — Словам, усе — каму краіна блізкая да сэрца, каму неабыякавы яе лёс”.
За пятнаццаць год працы клуба зроблена нямала. Так, у Маскве з’явілася больш дваццаці кафэ і рэстаранаў беларускай кухні, выдаецца беларускамоўная газета “Сябры”. А колькі добрых спраў зроблена асобнымі людзьмі… Да прыкладу, прадпрымальнік Сяргей Караткевіч у роднай вёсцы Жалязняк, што на Гомельшчыне, аднавіў храм Свяціцеля Мікалая Цудатворца. За свае сродкі ён падвёў да вёскі газ, адрамантаваў дарогу, паставіў дзесяць дамоў, заснаваў рыбную гаспадарку. Вядомая бізнэс-ледзі Настасся Асіціс будуе царкву ў роднай вёсцы Бычыха на Віцебшчыне. А бізнэсмэн Леанід Юхневіч набыў медыцынскае абсталяванне для бальніцы ў Наваполацку — дзякуючы гэтаму было выратавана не адно жыццё.
Беларуская імпрэза ў Маскве“У далёкім 1998 годзе аб’ядноўваліся яшчэ і для таго, — прыгадвае Алег Кандыба, —што інакш было немагчыма. Трэба было дапамагаць беларусам у Маскве выжываць і вырашаць сацыяльныя праблемы”. Ды і сёння ёсць пытанні. Напрыклад, — з залічэннем дзяцей у школу ці ў дзіцячыя садкі. У дашкольныя ўстановы дзяцей беларусаў бяруць толькі на камерцыйнай аснове, а ў школы залічаюць па астаткавым прынцыпе — пасля масквічоў. “Пра роўнасць правоў грамадзян саюзнай дзяржавы многія чыноўнікі і дырэктары навучальных устаноў нібы не чулі ніколі, — канстатуе Алег Кандыба. — Даводзіцца растлумачваць, вучыць элементарнаму юрыдычнаму досведу”.
Адным з кірункаў дзейнасці клуба якраз і з’яўляецца падтрымка землякоў, асабліва — моладзі. “У клубе мы знаёмім беларускіх хлопцаў і дзяўчат, якія прыехалі вучыцца ў Маскву або працуюць там, з людзьмі “з тэлевізара”, — усміхаецца Алег Кандыба. — Уявіце: прыходзяць да іх Пётр Клімук і Жарэс Алфёраў, расказваюць пра дзяцінства, вучобу, мары… Альбо адзін з алігархаў — пра свой першы зароблены рубель. Моладзі як нікому важна ведаць, што ў іх ёсць знакамітыя і самадастатковыя суайчыннікі. Такія ж як і яны — выхадцы з невялікіх беларускіх гарадоў і вёсак”.
***
Сёння толькі па афіцыйных дадзеных жывуць у Маскве больш за шэсцьдзясят тысяч беларусаў. І ўсе яны розныя: маладыя і пажылыя, з сярэднім узроўнем заробку і заможныя, з расійскім грамадзянствам і без яго… Аднак кожнаму важна ведаць: і ў гэтым вялізным горадзе ёсць месца, дзе табе будуць рады, дзе выслухаюць і дапамогуць. А калі ўсё, дай Бог, добра, можна проста прыйсці і далучыцца да беларускай культуры: узгадаць мову, разам з землякамі святы адзначаць, паўдзельнічаць у абрадавых гульнях, імпрэзах. Як гаворыцца, наблізіцца да родных вытокаў.

Кацярына Мядзведская

На здымках:
Алег Кандыба (у цэнтры) і яго сябры
Беларуская імпрэза ў Маскве
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter