На стыку трох княстваў, або Як патрапіць у Літву без шэнгену. Міхаіл КАРТАШЭВІЧ – карэнны літовец, але па-літоўску не ведае ні слова...

Палітыкі ўжо не адзін месяц абмяркоўваюць візавае пытанне. І пакуль што без асаблівых поспехаў. Ці патаннеюць для нас візы ў Еўропу, ці, як і цяпер, будуць каштаваць ажно 60 еўра – на гэты конт няма ніякай яснасці. Карацей, нам надакучыла чакаць зніжак на шэнген. А таму мы вырашылі выбрацца ў Літву проста так, без аніякіх віз. Няхай гэтая Літва і знаходзіцца ў Маладзечанскім раёне, але ёсць усе падставы меркаваць, што яна носіць сваю назву куды з больш старажытных часоў, чым аднайменная краіна…

Палітыкі ўжо не адзін месяц абмяркоўваюць візавае пытанне. І пакуль што без асаблівых поспехаў. Ці патаннеюць для нас візы ў Еўропу, ці, як і цяпер, будуць каштаваць ажно 60 еўра – на гэты конт няма ніякай яснасці. Карацей, нам надакучыла чакаць зніжак на шэнген. А таму мы вырашылі выбрацца ў Літву проста так, без аніякіх віз. Няхай гэтая Літва і знаходзіцца ў Маладзечанскім раёне, але ёсць усе падставы меркаваць, што яна носіць сваю назву куды з больш старажытных часоў, чым аднайменная краіна…

Чыгунка для спіртзаводаў

— Мне дзед з бацькам распавядалі, што наша вёска калісьці знаходзілася на мяжы двух княстваў — Літоўскага і Полацкага. Невыпадкова на адным беразе ракі стаіць вёска Літва, а на другім — Палачаны, — адразу ўвёў нас у курс справы карэнны літовец Міхаіл Карташэвіч. Хаця прыкладна тое ж самае мы чыталі і ў некаторых гістарычных даведніках.
Са словамі вяскоўца можна крыху паспрачацца. Даволі верагодна, што недалёка ад Маладзечна межавалі не дзве, а адразу тры дзяржавы. Побач з Літвой і Палачанамі ёсць яшчэ адна вёсачка — Дайнава. Менавіта такую назву насіла балцкае племя, якое мела ўласную сталіцу ў Лідзе. Але што зараз пра гэта казаць? Усё засталося ў мінулым — князі і княствы, а таксама іх слава.
Памежная рэчка — а мы праязджалі праз яе — сёння ператварылася ў непрыкметны ручай, у яго нават няма ўласнай назвы. Аднак мясцовыя памятаюць часы, калі ручай быў куды больш паўнаводным, выцякаў з магутнай крыніцы. Непадалёк ад яе быў выкапаны калодзеж. Дык з яго мог напіцца статак у сто кароў. І вады ў калодзежы ад гэтага менш не станавілася.
Крынічка счэзла пасля таго, як ад Маладзечна была пракладзена чыгунка. З гэтым звязана яшчэ адна гісторыя. Па вялікім рахунку станцыі ў Палачанах і Літве будаваць нельга было, бо раней меўся нарматыў: адлегласць паміж прыпынкамі павінна складаць не менш як 20 кіламетраў. А гэта значна менш, калі ехаць з Маладзечна напрасткі. Але пан Свентарэцкі, якому належалі землі, змог дамовіцца з чыгуначнікамі. Тыя зрабілі добры круг пры будоўлі (што вельмі добра бачна на карце), і пан атрымаў жаданыя прыпынкі. Гэта быў не пусты капрыз. Свентарэцкі пабудаваў два спіртзаводы — па адным на сына. І яму патрэбна было неяк вывозіць прадукцыю.
Дарэчы, адзін са спіртзаводаў — Малінаўшчызненскі — дзейнічае і сёння.

Падарунак ад Хаджы-Гірэя?

У Літве ёсць помнік невядомаму салдату. А вось помніка Міндоўгу або Віценю няма. Можа, верагодны стык трох княстваў будзе пазначаны ў наступным годзе, калі Маладзечанскі раён будзе рыхтавацца да “Дажынак”? Глядзіш, так і з’явіцца ў вёсцы невялічкі мемарыял рэспубліканскага значэння.
— Няма сярод нас ні літоўцаў, ні літвінаў. Усе мы — беларусы, — гавораць вяскоўцы.
Увогуле, гістарычнасцю ад Літвы не вее. І толькі знаходка пояса Вітаўта непадалёк ад яе крыху выпраўляе сітуацыю. Знайшлі пояс зусім выпадкова рабочыя напачатку 90-х. Чаму ён проста так ляжаў у зямлі, ніхто не ведае. Пояс датуецца XIII—XIV стагоддзямі і складаецца з адзінаццаці срэбных пласцін, пакрытых пазалотай. Згодна з паданнем (яму не давяраюць многія гісторыкі), гэта быў падарунак вялікаму князю літоўскаму Вітаўту ад крымскага хана Хаджы-Гірэя. Быў час, калі каштоўнасць знаходзілася ў прыватных руках. Нават рабіліся спробы прадаць яе з аўкцыёна. Але ўсё скончылася тым, што дзяржава зрабіла пояс сваёй маёмасцю. Пра гэту знаходку мясцовыя даведаліся толькі з тэлеперадачы. Пасля яны некалькі гадоў бачылі, як людзі з металашукальнікам час ад часу бадзяліся па навакольных палях, але, як усім падалося, без асаблівага плёну.

“Прывітанне” ад Багушэвіча

У паэме Францішака Багушэвіча “Кепска будзе!” ёсць такі радок:
“У Аборку мост размыла...”
Гэта акалічнасць сапсавала хрэсьбіны галоўнаму герою паэмы Аліндарку, якому аўтар і прадказваў няпросты лёс. Літоўцы ведаюць, аб чым ідзе гутарка. У суседняй вёсцы Аборак стаяў касцёл святога Роха, да якога заўжды ішло шмат вернікаў. Асабліва вялікі наплыў людзей назіраўся ў жніўні, калі адзначаўся дзень святога.
— Людзі ішлі праз Літву на аборак такім натоўпам, што цераз дарогу нельга было перагнаць скаціну, якую я пасвіў. Памятаю, як жанчыны ішлі басанож, а свае туфлі неслі пад пахай, каб абуць іх ужо ў касцёле, — расказвае Міхаіл Карташэвіч.
Дарэчы, гэта ён цытаваў для нас класіка беларускай літаратуры. А што тут дзіўнага:  Міхаіл Мікалаевіч 40 гадоў, 11 месяцаў і 23 дні адпрацаваў дырэктарам. Рабіў у розных школах, але ў асноўным — у палачанскай.
— На жаль, сёння школьныя дырэктары вельмі шмат займаюцца паператворчасцю, — уздыхае пенсіянер. — З-за гэтага яны не заўсёды сваіх настаўнікаў ведаюць, што тут казаць пра вучняў і іх бацькоў!

Бабуля з камп’ютэрам і сінтэзатарам

Увогуле Палачанскаму сельсавету шанцуе на добрых настаўнікаў. Мы завіталі ў госці да Яўгеніі Чаплінскай, якая 40 гадоў выкладала ў пачатковых класах. Яўгенія Фамінічна — незвычайны чалавек. Першае, што мы ўбачылі ў яе хаце, гэта... сапраўдны сінтэзатар. Глядзім па баках — унукаў нідзе няма.
— Сыны скінуліся і купілі мне інструмент, — тлумачыць гаспадыня. — Іграю на ім кожны дзень — каб атрымаць супакаенне. У асноўным, царкоўныя гімны.
Трэба зазначыць, што спадарыні Чаплінскай з сынамі вельмі пашанцавала. Сінтэзатар — не адзіны іх падарунак. У кутку яшчэ стаіць камп’ютэр. Да Інтэрнэта ён пакуль што не падключаны, але як толькі дазволяць магчымасці мясцовай тэлефоннай станцыі — дык адразу падключаць.
— Спачатку я ўвогуле баялася націскаць якія-небудзь кнопкі, а зараз нічога, набіраю тэксты, — тлумачыць жанчына.
Таксама сыны зручна ўстанавілі ля яе ложка свяцільню, тэлефон. Аб такім клопаце мараць многія матулі.
— Богу святому дзякую за такую старасць, — не хавае ўдзячнасці Яўгенія Фамінічна.
Між тым яна адносіцца да тых людей, якія хутка прызвычайваюцца да навацый. У свой час Чаплінская была адной з першых настаўніц у наваколлі, якая пачала ездзіць на “маторчыку”, — так бабуля называе мапед.
Яўгенію Чаплінскую хочацца назваць узорным педагогам — ветлівая, інтэлігентная. На яе стале ляжаць розныя кнігі, часопісы, газеты. Жанчына шмат чытае, каб быць у курсе апошніх падзей. Так, напэўна, і павінен жыць вясковы настаўнік у другім пакаленні. Мама Яўгеніі Фамінічны выкладала яшчэ ў царскай школе, тата — у польскай. Абое ігралі на музычных інструментах. Бацька — на балалайцы, маці — на скрыпцы. Можна лічыць, што загадку з сінтэзатарам мы разгадалі.
На шчасце, некаторыя рэчы ад бацькоў у Яўгеніі Фамінічны захаваліся. Напрыклад, візітка таты. Раней не было ні тэлефонаў, ні мабільнікаў, таму на картцы каліграфічным почыркам проста напісана: Фама Асіпавіч Белановіч. Але сапраўдная сямейная рэліквія — фотаальбом, дзе ёсць здымкі пачатку XX стагоддзя і паштоўкі з выявамі Івана Франко, Тараса Шаўчэнкі. Таксама шмат фотакартак жанчын у шыкоўных нацыянальных уборах.
— Мая мама — украінка, і яна ўсё жыццё заставалася патрыёткай, — не без гонару зазначыла Яўгенія Фамінічна.
Пачуўшы, што мы размаўляем па-руску, жанчына ўздыхнула:
— Гэта не ваша віна, а ваша бяда. У мяне крывавіць сэрдца ад таго, што гіне беларуская мова...

Сезон на спіртзаводзе пайшоў Купалу на карысць

Пасля такіх развітальных слоў нам заставалася толькі адно — адправіцца з Літвы ў Яхімоўшчыну (гэта прыкладна тры кіламетры), да музея Янкі Купалы. У гэты край пясняр трапіў у 24 гады і адпрацаваў тут адзін сезон памочнікам вінакура на спіртзаводзе пана Свентарэцкага. Па словах загадчыцы музея Святланы Ціс, менавіта ў Яхімоўшчыне Купала напісаў палову свайго першага зборніка “Жалейка”. Таксама ён пачуў ад мясцовых жыхароў паданне пра дурнога пана, які прымушаў нявест праводзіць з ім першую шлюбную ноч. Адзін хлопец не вытрываў абразы, забіў і пана, і нявесту. Такой вось трагічнай атрымалася паэма “Нікому”. А пра Купалу можна сказаць, што сезон на спіртзаводзе пайшоў яму на карысць.
Дарэчы, Свентарэцкі да пана-ірада не мае ніякіх адносін. Наадварот, пра яго ўзгадваюць толькі добрае. Напрыклад, тое, якіх ён разводзіў карпаў у сваіх сажалках. Вага некаторых рыбін дасягала 16—22 кіло! Апошняга такога гіганта вылавілі некалькі гадоў таму. У Яхімоўшчыне захавалася і панская “нерухомасць”. Свірны, складзеныя ў сярэдзіне XIX стагоддзя, нават сёння выглядаюць вельмі трывалымі. А ў панскай кухні, уласна, і знаходзіцца музей Купалы. Тут хапае незвычайных экспанатаў. Нас зацікавіў “прайс” векавой даўнасці на кніжкі, якія неўзабаве павінны былі выйсці ў свет. Нягледзячы на тое, што Купала збіраўся выдаць толькі свой першы зборнік, яго “Жалейка” ацэньвалася 50 капеек. Столькі ж каштаваў “Пан Тадэвуш” Міцкевіча. А вось зборнічак Мацея Бурачка (ён жа Францішак Багушэвіч) можна было набыць усяго за 25 капеек.
Колькі не пыталіся ў літоўцаў пра іх вядомых землякоў, нікога яны прыгадаць не змаглі. І вось — усмешка лёсу. Падчас экскурсіі па купалаўскім музеі мы натрапілі на экспазіцыю карцін. Няўжо пясняр яшчэ і жывапісцам быў?!
— Не, — супакоіла нас загадчыца, — гэтыя карціны належаць пэндзлю мастака Кастуся Харашэвіча. Ураджэнец вёскі Літва, ён з’яўляецца адным з самых вядомых мастакоў на Маладзечаншчыне.
Так мы “сустрэлі” літоўскую знакамітасць...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter