На сцэне сняцца каласы

Да заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Іван Герасевіч вырас з механізатара

— Іван Пракоф’евіч, у вас вельмі багатая творчая біяграфія, за плячыма шмат роляў, спектакляў, гастроляў. А як вы прыйшлі ў акцёры і чаму выбралі менавіта тэатр лялек?

— Мажліва, не паверыце, але пачынаў я трактарыстам у саўгасе. Дзяцінства было цяжкім, як і ва ўсіх хлопчыкаў і дзяўчынак пасляваеннага часу. Бацька загінуў на фронце, мы з маці жылі ў вёсцы Стрыганец Жабінкаўскага раёна. Яна была інвалідам па зроку, і, каб дапамагаць ёй, я ў падлеткавым узросце пайшоў працаваць. Араў на трактары зямлю, у летні час стаяў за штурвалам камбайна. У спёку шчыраваў на полі з раніцы да ночы, дадому прыходзіў чорны ад бруду. Адпачываў некалькі гадзін — і зноў на камбайн. Каласы сняцца да сённяшняга часу.

Пасля ўладкаваўся трактарыстам на Брэсцкі камбінат добраўпарадкавання, у абласным цэнтры скончыў вячэрнюю школу. Аднойчы — было гэта амаль паўстагоддзя назад — убачыў аб’яву Брэсцкага абласнога драматычнага тэатра аб наборы акцёраў у лялечную трупу. Мастацкай самадзейнасцю я захапляўся з дзяцінства, таму, не вагаючыся, вырашыў паспрабаваць свае здольнасці. І паспяхова прайшоў адбор.

— Памятаеце, як вас прымалі ў тэатр?

— Рэжысёр Аляксандр Сярогін папрасіў падрыхтаваць верш, байку, урывак з прозы, а потым прыйсці на праслухоўванне. Мне вельмі дапамагло тое, што, працуючы ў Брэсце трактарыстам, я ўдзельнічаў у спектаклях клуба мясцовай прамысловасці. Гэта быў самадзейны драмтэатр, дзе мне даводзілася выконваць ролі Сцяпана Крыніцкага з купалаўскай «Паўлінкі» ды іншых персанажаў. Да гэтага быў школьны мастацкі гурток. Вольны ад вучобы і працы час я заўсёды аддаваў любімаму захапленню.

— Атрымліваецца: калі вы прыйшлі ў тэатр, у вас не было спецыяльнай адукацыі?

— Не было. І я вельмі хваляваўся, што цяпер не змагу дапамагаць маці. Рэпетыцыі, спектаклі, паездкі забіралі шмат часу, між тым мама ў вёсцы заставалася адна. У мяне неаднойчы ўзнікала жаданне кінуць сваё захапленне, ды матуля пастаянна адгаворвала. Ёй дапамагалі суседзі, сваякі, школьнікі паліць печку, прапалоць грады, прынесці вады, справіцца з іншымі клопатамі. За тое, што застаўся ў тэатры, вельмі ўдзячны маці і людзям, якія яе падтрымлівалі.

А адукацыю па абранай прафесіі я ўсё-такі набыў. У 1988 годзе, калі ўжо быў вопытным акцёрам, паступіў на завочнае аддзяленне тэатральна-мастацкага інстытута ў Мінску, які за час вучобы быў рэфармаваны ў акадэмію.

— Чым запомнілася ваша першая роля ў прафесійным лялечным тэатры?

— Спачатку мяне вучылі вадзіць ляльку. Я ўважліва назіраў за тым, як гэта робяць іншыя, а пасля паспрабаваў сам. Першыя ўражанні былі сапраўды незабыўныя. Здавалася, што сам пераўвасабляюся ў ляльку, якая так дзіўна ажывае ў маіх руках. Гастролі, падчас якіх давялося шмат павучыцца, пралягалі праз Пінск, Лунінец, Столін, Давыд-Гарадок. Пазней, калі тэатр паехаў у Гродна і Ліду, я ўжо сам іграў Вадзяніка.

— Я не аднойчы бачыў лялечныя спектаклі і здзіўляўся, як акцёры ўмеюць так рабіць, каб кожны рух, нават самы дробязны, супадаў са словам альбо гукам. Мабыць, дабіцца ідэалу вельмі складана?

— Так, майстэрства тут прыходзіць толькі праз гады працы над сабой. Праз ляльку можна выказваць свае эмоцыі, хваляванні, свой унутраны свет, калі хочаце. Драматычны акцёр дэманструе гэта праз сябе, а лялечнік павінен перадаць праз невялічкую істоту, якая нібы ажывае ў яго руках. На тое, каб узаемадзейнічаць з ёй дасканала, патрэбна вельмі многа часу. 

— Іван Пракоф’евіч, за амаль паўвека на сцэне ў вас з’явіліся ролі, якія сталі надзвычай блізкімі і любімымі?

— Іх было вельмі многа. Падчас даводзілася ў адным спектаклі іграць ажно пяць персанажаў. У пастаноўцы «Самазванец» па трагедыі Пушкіна «Барыс Гадуноў» было шмат роляў. Кожную трэба было выканаць па-рознаму, раскрываючы характар таго ці іншага героя. Асабліва блізкімі мне былі ролі Патрыярха і айца Пімена — яскравыя, эмацыянальныя. У «Халстамеры» іграў Ангела, Конюха, Серпухоўскага. Увогуле, кожная роля (а іх ужо болей за дзвесце) для мяне вельмі дарагая. Жыву на сцэне разам з імі. І радуюся, калі бачу ў зале зацікаўленыя вочы.

— Што змянілася ў тэатры лялек за час вашай работы?

— Многае. Зараз узводзіцца новы будынак, у якім будзе больш прасторы і магчымасцей. Павялічыцца акцёрская трупа. Памятаю, калі сорак гадоў назад абсталёўвалі лялечны тэатр у будынку былога музычнага вучылішча ў Брэсце, мужчын сярод нас было ўсяго пяцёра. Цяпер жа зусім іншы час і іншыя магчымасці.

Змяніліся і самі спектаклі. Калі трыццаць-сорак гадоў назад акцёры стаялі за шырмай, то сёння ў нас шмат жывога плану і лялькі паркетныя, мы іх водзім перад сабой. Сталі бліжэй да гледача — так можна акрэсліць гэтыя перамены. А папулярнасць у спектакляў не меншая, чым у былыя часы. Гэта значыць, што наша работа па-ранейшаму запатрабавана.

— Вы не толькі акцёр-лялечнік, але і артыст, які зняўся ў многіх мастацкіх фільмах. Як гэта атрымалася?

— Яшчэ ў савецкі час пакінуў у акцёрскім аддзеле кінастудыі «Беларусьфільм» свае дадзеныя, і хутка мне прапанавалі сыграць нямецкага афіцэра ў кінастужцы «Дачка камандзіра». Гэта быў дэбют. Здымкі гэтага фільма праходзілі ў Брэсце, так што мне было зручна сумяшчаць ролі ў тэатры і працу ў кіно. Потым зноў жа на «Беларусьфільме» здымаўся ў карціне «Сведкі», а затым пачалі запрашаць на ролі і іншыя кінастудыі: «Масфільм», «Ленфільм», імя Даўжэнкі. Іграў у асноўным ваенных. У фільме «Сто салдат і дзве дзяўчыны» мне прапанавалі ролю днявальнага. Таксама запомніліся здымкі карціны «Цяжка быць богам», якія праходзілі ў Кіеве, Крыму, Сярэдняй Азіі. Давялося многа падарожнічаць і на некаторы час пакінуць свой асноўны занятак.

— Шмат гастроляў выпадае ў апошні час?

— Не надта многа. Тэатр цяпер пашыраецца. Неўзабаве мы павінны пераехаць у новы будынак. Тады будзе больш магчымасцей для творчасці і новых гастроляў. За гады выступленняў разам з іншымі акцёрамі я шмат разоў аб’ехаў усю Беларусь, пабываў у многіх краінах замежжа: Расіі, Украіне, Польшчы, Германіі, Францыі, Італіі, Латвіі, Літве і іншых дзяржавах. Людзі, якія любяць лялечныя спектаклі, ёсць усюды, і яны надзвычай цёпла прымаюць артыстаў.

— Ці выступаеце вы перад вясковай публікай і ўвогуле наколькі пільна сочыце за пераменамі, якія ў апошні час адбываюцца на сяле?

— Вёскі мы стараемся ніколі не абмінаць, тым больш у многіх з іх абсталяваны выдатныя культурныя ўстановы, дзе ёсць належныя ўмовы для творчасці, сустрэч з вядомымі выканаўцамі, калектывамі. Мне асабіста падабаецца бываць на Пружаншчыне, Піншчыне, Століншчыне, Бярозаўшчыне. Тут заўсёды на спектаклях аншлаг.

— Дзякуй за размову, Іван Пракоф’евіч! Далучаемся да віншаванняў з нагоды прысваення звання заслужанага артыста Беларусі. 

Аляксандр КУРЭЦ, «СГ»

Фота Таццяны ГАРМЕЛЬ

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter