Гурт “Купалінка” ды іншыя артысты Цэнтра беларускай культуры з Даўгаўпілса паспяхова выступілі на прэстыжным міжнародным фестывалі “Baltica” ў Рызе

На сцэне — народны абрад

Гурт “Купалінка” ды іншыя артысты Цэнтра беларускай культуры з Даўгаўпілса паспяхова выступілі на прэстыжным міжнародным фестывалі “Baltica” ў Рызе


Творчая каманда  беларусаў з Даўгаўпілса  на міжнародным фестывалі “Baltica” ў Рызе

Спачатку нагадаю: “Baltica” — вялікі міжнародны фальклорны фестываль. Сёлета ён праходзіў з 15 па 19 ліпеня ў Рызе. Ладзіцца фестываль з 1987 года і па чарзе праходзіць у Літве, Латвіі ды Эстоніі. У Латвію свята завітала ў дзясяты раз, у ім удзельнічала рэкордная колькасць этнаграфічных ансамбляў, фальклорных хораў, народных ансамбляў, а таксама казачнікаў, індывідуальных выканаўцаў з Латвіі ды іншых краін: звыш 3500 чалавек. Тэмай “Baltica”-2015 стала “Спадчына”. 18 ліпеня ў Верманскім садзе Рыгі ладзіўся грандыёзны кірмаш рамёстваў і канцэрт сем’яў і нацменшасцяў. Горад Даўгаўпілс на ім прадстаўлялі беларускі ансамбль “Купалінка”, рускія “Русичи” і “Славянка”, нямецкі “Ларэляй”. Быў яшчэ асобны беларускі блок: выступалі ансамблі “Лянок” з Елгавы, наша “Купалінка” і “Сузор’е” з Рыгі.

Наша “Купалінка” — вакальны ансамбль даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры — знаёміла гледачоў з беларускім народным абрадам “Суборная субота”. Ён праходзіць, паводле звычаяў продкаў, напярэдадні вяселля ў хаце нявесты. Выступ артысткі распачалі словамі: “Беларусам уласцівыя працавітасць, дабрыня. А яшчэ — гасціннасць, якую мы сёння і пакажам праз элемент беларускага вясковага вяселля. Бо вяселлі гуляюць у нас весела, шырока, шматлюдна — і вельмі гасцінна”.

Якая ж яна, сцэнічная “Суборная субота”? Вечар перад вяселлем — гэта такія “зборы на вяселле”... У хаце нявесты сабраліся яе родныя і сяброўкі. Яны звіваюць вяночак з мірта, прымяраюць ёй вэлюм, угаворваюць не баяцца жыцця ў замужжы. У сваю чаргу нявеста дзякуе за добрае выхаванне і дабрыню маме, тату, хроснай, брату. Нявесту садзяць на дзяжу, пакрытую авечай шкурай: каб яе жыццё з мужам было поўнае шчасця. (У беларускай традыцыі частей выкарыстоўваецца дзяжа, у якой рашчыняюць цеста для хлеба. — Рэд.) Песняй ды танцамі сяброўкі жадаюць нявесце шчаслівага замужжа. Маці і бацька бласлаўляюць дачку, адпраўляючы пад вянец. У 10 хвілін умясцілася ўся тэатралізавана-музычная дзея. І былі проста авацыі ўдзячных гледачоў!

Беларусы Даўгаўпілса яшчэ раз годна паказалі сябе на міжнародным узроўні.  Выступленне на фестывалі “Baltica” для Цэнтра беларускай культуры стала самай важнай падзеяй творчага сезону на выездзе. А права на выступленне мы атрымалі, прайшоўшы ўвесну адборачны тур у Латгаліі. Спявачак “Купалінкі” падтрымалі яшчэ танцоры гурта “Лянок”, акцёры тэатральнай студыі “Паўлінка”. Усе разам і зрабілі музычны міні-спектакль, выдатна прыняты гледачамі. Цікаваю была і наша экскурсія па Старой Рызе. А за дапамогу ў арганізацыі паездкі на фестываль Цэнтр беларускай культуры выказвае падзяку Даўгаўпілскаму ўпраўленню культуры.

Жанна Раманоўская, г. Даўгаўпілс
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter